Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зямкевіч Рамуальд Аляксандраў. Нарадзіўся 7.2.1881 у Варшаве. Загінуў у 1943 ці 1944. Месца гібелі невядомае. Псэўданімы: Раман Суніца, Юры Алелькавіч, Шэршань ды інш.

Пра Р. Зямкевіча вядома, што ягоны бацька паходзіў са Случчыны, што вучыўся ён у Кіеве і Санкт-Пецярбургу ды што быў інжынэрам-мэханікам. У беларускіх навуковых колах (гісторыкі, літаратура- і мастацтвазнаўцы) на Зямкевіча глядзяць перш-наперш як на калекцыянэра, бібліяфіла, бібліёграфа, гісторыка літаратуры ды краязнаўцу, які сабраў быў багатую бібліятэку, меў у сваім распараджэньні рукапісы В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны ды інш. пісьменьнікаў і сваімі ведамі дзяліўся з чытачамі, слухачамі і навукоўцамі.

А вось студэнт А. Смоліч, які стане буйным вучоным і арганізатарам навукі, у ліп. 1914 пісаў курсантцы Л. Сівіцкай, што, на яго думку, Зямкевіч — «вораг справы нашай» і «з ім прыдзецца змагацца». Гэта быў погляд на Зямкевіча маладога палітыка, сацыял-дэмакрата. Але тая ж Сівіцкая ўжо ў даволі пажылым веку характарызавала Зямкевіча як чалавека вельмі нэгатыўна. Зноў жа, ня менш важнае для разуменьня асобы Зямкевіча і такое сьведчаньне Сівіцкай. Як яна згадвала, у 1913 Зямкевіч сказаў: «Мая бацькаўшчына там, дзе мне добра». А В. Лявіцкая, як сьведчыла тая самая Сівіцкая, называла Зямкевіча «цёмнай лічнасьцю».

Нельга сказаць дакладна, калі Зямкевіч далучыўся да беларускага руху. Добра вядома, што з 1909 ён друкаваўся ў «Нашай Ніве». Супрацоўнічаў зь Беларускім навукова-літаратурным гуртком студэнтаў Санкт-Пецярбургскага ўнівэрсытэту (1912–1914). У часе І сусьветнай вайны вайсковы інжынэр Зямкевіч служыў у Менску, кантактаваў зь Менскім аддзелам Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны ды папсаваў адносіны з М. Багдановічам і Смолічам. 25–26.03.1917 удзельнічаў у Зьезьдзе беларускіх арганізацый, вітаў яго ад імя Дэмакратычнай партыі, якая так і не паўстала як рэальная сіла, працаваў у этнаграфічнай камісіі Зьезду і камісіі друку. У сьн. 1917 браў удзел ва Ўсебеларускім Зьезьдзе.

У 1917 прозьвішча Зямкевіч сустракаецца ў сьпісе сябраў Беларускай народнай партыі сацыялістаў. У лют. 1918 ён стаў сябрам Менскага Беларускага Народнага Прадстаўніцтва. Ад гэтай структуры ў крас. кааптаваны ў склад Рады БНР.

У Менску Зямкевіч вёў актыўную грамадзкую і асьветніцкую працу. Ён быў сябрам выдавецкага каапэратыўнага таварыства «Заранка». Калі ў крас. 1918 арганізаваліся курсы беларусазнаўства, Зямкевіч — разам з Я. Варонкам, Я. Лёсікам, С. Лянкоўскім, Смолічам ды інш. — стаў лектарам. Выкладаў ён і на 9-месячных беларускіх настаўніцкіх курсах, якія пачалі працу ў верас. А раней, 6.06.1918, яго абралі ў арганізацыйную камісію Народнага Сакратарыяту БНР дзеля стварэньня ў Менску ўнівэрсытэту.

У канцы 1918, калі частка радных і сябраў Ураду БНР выехала ў Вільню і Горадзен, застаўся ў Менску. Пра тое, што рабілася ў Менску пад бальшавікамі, ён 21.03.1919 расказаў у газэце «Бацькаўшчына» (Горадзен). Пасля таго, як бальшавікі пакінулі Менск, Зямкевіч стаў сябрам Часовага Беларускага Нацыянальнага Камітэту.

Пэўна, у ліп. 1920, калі Чырвоная армія пайшла на Варшаву, Зямкевіч пакінуў Менск. Ёсьць зьвесткі, што ён стаў кандыдатам у сябры Беларускага Нацыянальнага Камітэту ў Горадне. Пазьней ён быў сябрам Беларускага Камітэту ў Варшаве, увайшоў у заснаванае ў 1921 Беларускае таварыства дапамогі ахвярам вайны. І разам з тым ён быў, як гэта паказана ў літаратуры, сябрам «Беларускай сялянскай партыі Зялёнага Дуба», якая вяла збройную барацьбу супраць бальшавікоў. У дзейнасьці «Зялёнага Дуба» для заходнебеларускіх левых было непрымальнае хоць бы тое, што структура дзейнічала пры падтрымцы польскіх урадавых колаў.

Наколькі далёка зайшоў Зямкевіч у супрацоўніцтве з польскай уладай, сьведчыў яго ўдзел у парлямэнцкай выбарчай кампаніі 1922. Ён не падтрымаў Цэнтральны Беларускі Выбарчы Камітэт, у якім гуртаваліся сацыял-дэмакраты, сацыялісты-рэвалюцыянэры і хрысьціянскія дэмакраты разам з беспартыйнымі патрыётамі. Ён удзельнічаў у выбарчай кампаніі палянафільскага Аб’яднаньня беларускіх палітычных актывістаў і «Зялёнага Дуба». У рэзалюцыі беларускіх павятовых і гмінных выбарчых камітэтаў Лідзкага павету ад 3.10.1922, якую падпісаў А. Луцкевіч, можна прачытаць, што Зямкевіч і яго аднадумцы дапамагалі «польскай чорнай сотні ў барацьбе з беларускім народам». Зямкевіч адкрыта падтрымліваў Ю. Пілсудзкага і створанае ім Państwowe Zjednoczenie na Kresach (Дзяржаўнае аб’яднаньне на Крэсах). Можна прачытаць, што Зямкевіч разам з С. Булак-Балаховічам суправаджаў Пілсудзкага ў часе яго паездкі на Наваградчыну. Але агітацыйнае турнэ Пілсудзкага было малаплённае. Państwowe Zjednoczenie na Kresach не атрымала ніводнага крэсла ў Сойме і займела толькі адзін мандат у Сэнаце Польскай Рэспублікі.

Трохі нечаканым для назіральнікаў было тое, што ў наступным годзе прыхільнік Пілсудзкага, Зямкевіч, выступіў у якасьці сьведкі абароны на «працэсе 45-ці» ў Беластоку. Ён даў суду паказаньні на карысьць абвінавачанага ў «выўратовай» дзейнасьці беларускага пасла на Сойм С. Якавюка. Можна прачытаць таксама, што празь Зямкевіча адбывалася кансьпіратыўная сувязь паміж сябрамі Беларускага Пасольскага Клюбу і беларускімі прадстаўнікамі з месцаў.

Беларускія паслы на Сойм, вядома ж, не здагадваліся, што маюць справу з канфідэнтам «двуйкі» — ІІ аддзелу польскага генэральнага штабу, які займаўся выведкай і контравыведкай. Супрацоўнічаць з гэтым ведамствам Зямкевіч пачаў прыблізна ў лістап. 1922, а яшчэ раней (у 1919 — 1920) ён меў кантакты з Польскай вайсковай арганізацыяй і Стражай крэсовай (апошняя арганізацыя мела заданьнем змагацца за далучэньне земляў былога Вялікага Княства Літоўскага да Польшчы). Супраца з «двуйкай» дазволіла Зямкевічу някепска ўладкавацца. Ён служыў у Найвышэйшай палаце дзяржаўнага кантролю і меў даволі прыстойны заробак. Дзеля справядлівасьці трэба адзначыць, што дзейнікі ІІ аддзелу мелі сумневы што да шчырасьці Зямкевіча і якасьці інфармацыі, якую ён падаваў у сваіх рапартах.

Асоба Зямкевіча як бы распалавіньваецца. З аднаго боку — прыхільнік Пілсудзкага, канфідэнт «двуйкі», з другога — калекцыянэр, аўтар беларускіх газэт і часопісаў, папулярызатар. Зусім натуральна, што ў сак. 1919 Зямкевіч быў прыняты ў створанае з ініцыятывы І. Луцкевіча Беларускае навуковае таварыства ў Вільні. Пэўна, у 1922 яго з БНТ выключылі, бо ў 1924 ён уступіў у таварыства паўторна. Мала таго, у 1930 і 1932 Зямкевіча абіралі ва ўрад БНТ. І гэта пасьля таго, як старшыня БНТ А. Луцкевіч у 1928 напісаў, маючы на ўвазе Зямкевіча, такое: адзін несумленны чалавек прысабечыў і адмовіўся вярнуць дадзеныя яму ў 1913 на захаваньне ўсе друкаваныя выданьні Беларускай Сацыялістычнай Грамады (па 10 асобнікаў) і ўсе недрукаваныя рэзалюцыі і пратаколы зьездаў і канфэрэнцыяў партыі. Праўда, гісторыкі пішуць, што архіў БСГ быў не ў Зямкевіча, а ў ягонай жонкі, ды Луцкевіч, пэўна, лепш ведаў, у каго ён насамрэч.

Тое, што Зямкевіч не вярнуў дакумэнты БСГ, не зьдзівіла людзей, якія яго добра ведалі. Як успамінаў адзін беларускі літаратар і грамадзкі дзеяч, Зямкевіч, пачуўшы, што недзе ёсьць старадрук ці рукапіс, гатовы быў ехаць у любы куточак Заходняй Беларусі і здабыць той рарытэт, нават скрасьці яго.

2-я сусьветная вайна прывяла да таго, што значная частка калекцый Зямкевіча прапала, а нейкая частка трапіла ў іншыя рукі. Як можна прачытаць у даведніках, сам Зямкевіч трапіў у рукі гестапа і загінуў у канцлягеры.

Творчая спадчына Зямкевіча яшчэ чакае сваіх дасьледчыкаў. На добры лад яе варт было б сабраць і выдаць пад адной вокладкай.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG