У пачатку ліпеня ў Чачні было затрымана да 10 чалавек, паведамілі праекту Радыё Свабода «Каўказ. Рэаліі» на ўмовах ананімнасьці. Паводле крыніцы, людзей затрымалі за «перамовы ў мэсэнджэрах».
Свабодзе сталі вядомыя прозьвішчы двух затрыманых: Вісарыгаў і Абуеў зь вёскі Тэўзана Ведзенскага раёну Чачні. Астатніх затрымалі ў мястэчку Шалі.
Усе затрыманыя знаходзяцца ў аддзелах паліцыі. Што да Вісарыгава і Абуева, адзін зь іх знаходзіцца ў мясцовым РАУС, другога даставілі ў Грозны.
За якія менавіта перамовы затрымалі людзей, крыніца ня ведае, але выказвае меркаваньне, што гэта былі аўдыё- і відэаролікі з крытыкай кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава ды іншых чыноўнікаў.
Ад красавіка з Чачні паступаюць паведамленьні пра затрыманьні і катаваньні тых, каго «западозрылі ў гомасэксуалізме». Кадыраў у адказ на іх заяўляў, што «ў чачэнскім грамадзтве няма самой зьявы, названай нетрадыцыйнай арыентацыяй», у размове з Уладзімірам Пуцінам назваў публікацыі «Новой газеты» і Радыё Свабода пра катаваньні геяў «правакацыяй».
У ліпені журналістка «Новой газеты» заявіла ўжо пра 50 чачэнцаў, забітых без суду за адну ноч у студзені. Чачэнскія ўлады абвяргалі і гэта, пра ўласныя расьсьледаваньні не паведамлялі.
Нямала чачэнцаў спрабуюць уцячы за межы Расеі, у тым ліку празь Беларусь у Эўразьвяз. Ужо больш за год шэраг чачэнцаў спрабуе праехаць зь Берасьця ў Польшчу, але людзі мусяць чакаць сваёй чаргі тыднямі. Праваабаронцы гавораць пра «гуманітарную праблему».