Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кадыраў у размове з Пуцінам назваў публікацыі "Новой газеты" і Радыё Свабода пра геяў правакацыяй


Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў на сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуцінам назваў «правакацыйнымі» публікацыі «Новой газеты» і Радыё Свабода пра выкраданьні, катаваньні і забойствы жыхароў рэспублікі, якіх западозрылі ў гомасэксуальных сувязях, перадае «Інтэрфакс».

«Я хачу вам далажыць, што тыя правакацыйныя артыкулы пра Чачэнскую рэспубліку наконт тых падзей, якія ў нас адбываюцца, нібыта ёсьць затрыманьні... спадары „добрыя людзі“ пішуць пра тое, што ў нас ёсьць затрыманьні ў рэспубліцы. Нават казаць пра гэта няёмка. Нібыта людзей затрымліваюць там, забіваюць, нават аднаго прозьвішча назвалі», — сказаў Рамзан Кадыраў.

Кадыраў дадаў, што чалавек, імя якога нібыта згадвалася ў публікацыях, «жывы, здаровы, і знаходзіцца дома». Пры гэтым ні ў водным з артыкулаў, у якіх расказвалася пра сакрэтныя турмы, выкраданьні, зьбіцьцё і забойствы геяў, не называлася рэальных імёнаў пацярпелых.

«Прамым тэкстам спачатку абразілі яго, а потым абвінавацілі ў тым пляне, што ўлады яго забілі, а ён жывы, здаровы і знаходзіцца дома. Вось такія непацьверджаныя факты ў рэспубліцы бываюць у год два-тры разы», — патлумачыў Кадыраў Пуціну.

У пачатку красавіка «Новая газета» апублікавала расьсьледаваньне, у якім сьцьвярджалася, што ў Чачні ўжо некалькі месяцаў ідзе аблава на геяў. Ананімныя крыніцы ў сілавых структурах распавялі выданьню, што гаворка ідзе пра больш чым сотню мужчын. Як мінімум трое былі забітыя, газэта меркавала, што ахвяраў можа быць больш.

Праз тыдзень Радыё Свабода выпусьціла яшчэ адно расьсьледаваньне, якое пацьвердзіла прыведзеныя «Новай газетай» зьвесткі. Акрамя таго, журналісты высьветлілі, што для ўтрыманьня выкрадзеных дзейнічае не адна, а дзьве «сакрэтныя турмы для геяў».

Зьвесткі аб масавых выкраданьнях і катаваньнях валодае міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch, а Amnesty International заклікала ўлады Расеі пачаць расьсьледаваньне паведамленьняў аб катаваньнях.

Пасьля публікацыі расьсьледаваньня журналістам «Новай газеты» сталі пагражаць расправай, у тым ліку публічна. Галоўны рэдактар выданьня зьвярнуўся па абарону ў Крэмль, пасьля чаго прэс-сакратар прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў параіў кіраўніцтву Чачні выкарыстоўваць «толькі законныя мэтады» для ўзьдзеяньня на рэдакцыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG