Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі са 160 тысяч алькагольна залежных 8 тысяч адпраўляюць у прафілякторыі штогод


Павысіць узрост, зь якога дазваляецца прадаваць алькаголь, да 21 году няма як. З абмежаваньнем даступнасьці алькаголю таксама праблемы — ён прадаецца кругласутачна і паўсюль. Беларусь ня будзе адмаўляцца ад практыкі лячэбна-працоўных прафілякторыяў, у якія штогод адпраўляюць больш за 8 тысяч чалавек. Акцызная палітыка што да моцнага алькаголю павінна кардынальна памяняцца. Такія тэзы агучылі нарколяг і супрацоўніца МУС на прэсавай канфэрэнцыі.

Беларуская статыстыка ад міжнароднай розьніцца ўдвая

Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі сьцьвярджае, што за 2016 год спажываньне алькаголю на душу насельніцтва склала 8,8 літра, а Ўсясьветная арганізацыя аховы здароўя (УААЗ) называе лічбу амаль удвая большую — 15 літраў на чалавека ў год. Чаму такая вялікая розьніца — амаль удвая?

Праблема ў мэтодыцы разьліку, тлумачыць намесьнік дырэктара РНПЦ псыхічнага здароўя Сяргей Осіпчык. Дзяржаўны статыстычны камітэт Беларусі прыводзіць паказьнікі продажу алькаголю. Усясьветная арганізацыя аховы здароўя з улікам мэтаду экспэртных ацэнак выводзіць паказьнік спажываньня ў асобнай краіне.

Сяргей Осіпчык
Сяргей Осіпчык

«Чым розьніцца паказьнік продажаў ад паказьніку спажываньня? Паказьнік продажаў ацэньваецца на душу насельніцтва. Ва УААЗ спажываньне ацэньваецца з улікам групаў, якія выпіваюць. То бок адлік ідзе з узросту 15 гадоў і вышэй.

Другі момант — ацэнка спажываньня нелегальнага алькаголю. Нідзе ў сьвеце няма ацэнкі спажываньня алькаголю, які нелегальна вырабляецца альбо завозіцца. Некалькі гадоў таму быў такі нарматыў Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя для эўрапейскага рэгіёну — 27% ад узроўню продажаў. Але ацэнка абʼёмаў нелегальнага алькаголю для кожнай краіны індывідуальная і грунтуецца на лічбах экспэртаў. Якія экспэрты і як ацэньвалі Беларусь — пытаньне да іх. Тут жа няма ніякіх дакладных „палявых“ дасьледаваньняў. Гэтыя два моманты і забясьпечваюць такую розьніцу. Да паказьнікаў, якія прыводзяць экспэрты з-за мяжы, трэба ставіцца спакойна», — кажа Сяргей Осіпчык.

Беларусы алькаголь дзеляць на ўсіх, міжнародная статыстыка — толькі на дарослых

Узрост пакупнікоў, якім дазволена прадаваць алькаголь, павышаць ня хочуць

Акцэнт зараз робіцца на прафіляктыку пʼянства і алькагалізму: гэта абмежаваньне даступнасьці, зьніжэньне прапановы сьпіртных напояў і попыту на іх, кажа намесьнік дырэктара РНПЦ псыхічнага здароўя нарколяг Сяргей Осіпчык:

«Тут патрэбна міжведамаснае ўзаемадзеяньне: міністэрствы фінансаў, эканомікі, аховы здароўя, унутраных справаў. Але не заўсёды гэтыя структуры знаходзяць паразуменьне.

Абмежаваньне даступнасьці — адзін з ключавых захадаў у прафіляктыцы пʼянства і алькагалізму. Гэта абмежаваньне ўзросту, часу продажу, адмысловыя крамы, дзе прадаецца алькаголь, ня ў крокавай даступнасьці, а ў аддаленьні ад буйных гандлёвых цэнтраў.

У якасьці прыкладу нарколяг прывёў скандынаўскія краіны Фінляндыю й Швэцыю.

«У Беларусі было шмат заканадаўчых ініцыятываў, але ня ўсе яны прымаліся. Напрыклад, прапанова дазволіць прадаваць алькаголь з 21 году, а не з 18 гадоў у Беларусі не праходзіць. І аргумэнтацыя праціўнікаў такога абмежаваньня наступная: у 18 год юнак ідзе ў войска і бярэ ў рукі зброю, але калі не прадаваць 18-гадоваму алькаголь — ушчамляюцца ягоныя канстытуцыйныя правы», — кажа нарколяг Сяргей Осіпчык.

ЛПП не зачыняць

Галоўны нарколяг Міністэрства аховы здароўя Беларусі Іван Канаразаў на каардынацыйнай нарадзе галоўных нарколягаў дзяржаваў — чальцоў АДКБ паведаміў, што ў Беларусі каля 160 тысяч алькагольна залежных. У краіне цяпер працуе 8 лячэбна-працоўных прафілякторыяў: 5 мужчынскіх і 3 жаночыя. Дзявяты нядаўна закрылі ў Віцебску.

Алькагольная залежнасьць — гэта псыхабіясацыяльны разлад, пераадольваць які неабходна комплекснымі захадамі: абмежаваньнем свабоды, прымусовай ізаляцыяй ад сяброў-сабутэльнікаў, пазбаўленьнем кантактаў зь сямʼёй, лячэньнем, працай.

Вольга Сакалоўская
Вольга Сакалоўская

«Штогод суды накіроўваюць у ЛПП каля 8 тысяч чалавек, залежных ад алькаголю. Прычым даведзеная да адчаю жонка ці маці ня можа „здаць“ алькаголіка ў ЛПП — павінна быць судовае рашэньне і як мінімум тры прыцягненьні да адміністрацыйнай адказнасьці. 8 тысяч на пэўны пэрыяд мы ізалюем, але падлічыце, якой колькасьці людзей мы палягчаем жыцьцё — родным, сваякам, суседзям», — апавяла часовая выканаўца абавязкаў начальніка аддзелу ўчастковых інспэктараў МУС падпалкоўнік Вольга Сакалоўская.

Пасьля ЛПП людзі павінны быць працаўладкаваныя. Гэта прадугледжана адмысловай пастановай Савету Міністраў пра сацыяльную рэабілітацыю алькагольна залежных.

Многія крытыкуюць Беларусь за ЛПП і выцьвярэзьнікі — маўляў, гэта састарэлы досьвед. Але адмаўляцца ад ЛПП заўчасна, яны даказалі сваю эфэктыўнасьць і дзейснасьць. Дарэчы, паводле нарколяга Осіпчыка, беларускі досьвед ЛПП вывучае зараз Расея. У Польшчы таксама ёсьць аналяг ЛПП — рэабілітацыйныя цэнтры доўгага знаходжаньня.

Доктар навук Андрэй Капытаў: «Алькаголікамі становяцца 8-10 працэнтаў насельніцтва»

Акцызы на моцныя напоі і піва: у Фінляндыі 1:16, у Беларусі 1:1,3

Вялікую ролю адыгрывае акцызная палітыка стасоўна алькаголю — зьніжэньне акцызаў на піва і павышэньне акцызаў на моцныя напоі. Нарколяг Сяргей Осіпчык прывёў прыклады: у Фінляндыі стасунак акцызаў на моцныя напоі і піва складае 1 да 16, у Беларусі 1 да 1,3.

«Нават мяккае ўзьдзеяньне на акцызную палітыку стасоўна моцнага алькаголю і піва здольнае павярнуць і попыт, і прапанову на тое, каб атрымаць нават большую напаўняльнасьць бюджэту. У суседняй Польшчы мяккая акцызная палітыка прывяла да таго, што моцныя напоі займаюць 30%, а піва — 70%. Гэта аптымальны варыянт».

Пакуль дакладныя лічбы павелічэньня акцызаў на моцныя алькагольныя напоі ня вызначаныя, але пастаўленая задача ў пэрспэктыве давесьці ў Беларусі стасунак акцызаў на піва і моцныя напоі да 1:5.

«Пры такім стасунку можна ня зьнізіць даходнасьць бюджэту ад акцызаў на алькаголь, але зьмяніць структуру і культуру спажываньня», — сказаў нарколяг Сяргей Осіпчык.

XS
SM
MD
LG