Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржатамнагляд: Паліва на Беларускую АЭС прывязуць праз год. І яго можна трымаць у руках


Беларуская АЭС

Дзяржатамнагляд Беларусі растлумачыў дэталі транспарціроўкі паліва на Беларускую АЭС, перадае дзяржаўнае агенцтва навінаў БЕЛТА.

Начальнік аддзелу арганізацыі нагляду за ядзернай і радыяцыйнай бясьпекай ядзерных установак Дзяржатамнагляду Максім Мазурэнка паведаміў, што ядзернае паліва на пляцоўку ў Астравец павінны завезьці ў другім паўгодзьдзі 2018 году. Гэта пацьвярджаецца графікамі работ, прадстаўленымі Беларускай АЭС.

Паводле Мазурэнкі, паліва перавозіцца ў такіх кантэйнэрах, што пры любой сытуацыі ня можа адбыцца яго пашкоджаньня. Экспэрты Дзяржатамнагляду кажуць, што само паліва цалкам бясьпечнае і яго нават можна трымаць у руках. Паводле іх, узмоцненыя меры бясьпекі пры перавозцы трэба толькі для таго, каб паліва не скарысталі ў іншых мэтах, акрамя загрузкі на АЭС.

Але пасьля выкарыстаньня паліва ўтворацца радыеактыўныя адходы. Пра захаваньне адходаў станцыі, што плянуюць запусьціць ужо праз два гады, пачалі турбавацца толькі цяпер — а могільнік радыеактыўных адходаў у Беларусі збудуюць толькі к 2030 году.

У жніўні 2017 году таксама плянуецца прывезьці ў Беларусь корпус рэактару для другога энэргаблёку БелАЭС. З папярэднімі карпусамі не шанцавала: першы ўпаў зь неназванай вышыні і быў заменены, другі ў час транспартаваньня стукнулі аб слуп, але замяняць ня сталі. «Стукнуты» корпус рэактара падвышае рызыку аварыі, сьцьвярджаюць беларускія эколягі.

Беларуская АЭС будуецца паводле расейскага праекту АЭС-2006 за 18 кілямэтраў ад Астраўца і за 50 кілямэтраў ад Вільні. Яна мае складацца з двух энэргаблёкаў магутнасьцю 1200 МВт кожны.

Увядзеньне ў эксплюатацыю першага энэргаблёку Беларускай АЭС адкладзенае да 2019 году, кошт будоўлі можа вырасьці на 780 мільёнаў даляраў. Кваліфікаваныя кадры ўцякаюць зь БелАЭС з прычыны нізкіх заробкаў.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў на сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Менску, што гарантуе самую бясьпечную АЭС і завершыць будаўніцтва ў тэрмін. Ён заклікаў літоўцаў далучыцца да будоўлі.

15 чэрвеня 2017 году парлямэнт Літвы прыняў закон, паводле якога атамная электрастанцыя, якая будуецца ў Астравецкім раёне Беларусі, уяўляе пагрозу нацыянальнай бясьпецы Літоўскай Рэспублікі, яе навакольнаму асяродзьдзю і грамадзкаму здароўю.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG