Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь афіцыйна запросіць вайсковых назіральнікаў на вучэньні «Захад-2017»


Архіўнае фота. Беларуска-расейскія вучэньні «Захад-2009»

13 ліпеня беларускія ўлады дашлюць афіцыйнае запрашэньне для вайсковых назіральнікаў з Нарвэгіі, Швэцыі, Украіны, Польшчы, Эстоніі, Латвіі і Літвы.

Ім прапануецца на ўласныя вочы пабачыць вайсковыя вучэньні «Захад-2017». Пра гэта паведаміў падчас брыфінгу прэсавы сакратар замежнапалітычнага ведамства Дзьмітры Мірончык.

Адказваючы на пытаньне, як у Менску рэагуюць на занепакоенасьць шэрагу краінаў гэтымі манэўрамі, ён адзначыў:

«Па-першае, гэтае супольнае вучэньне носіць плянавы характар і праводзіцца раз на два гады. Яшчэ ў канцы 2016-га Беларусь паведаміла пра яго ўсім дзяржавам — чальцам АБСЭ. Не пазьней чым за 42 дні да іх пачатку зь Менску будзе накіраваная інфармацыя пра вучэньні ў краіны АБСЭ.

Па-другое, кіраўнік беларускай дзяржавы, кіраўнікі міністэрстваў абароны, замежных спраў неаднаразова заяўлялі: вучэньні не нясуць пагрозы для кагосьці. Па-трэцяе, намесьнік кіраўніка генштабу Міністэрства абароны Беларусі правёў у Вене вялікі брыфінг, на якім падкрэсьліў, што гэтыя вучэньні маюць выключна абарончы характар. І агульная колькасьць удзельнікаў не перавысіць звычайны ўзровень».

Дзьмітры Мірончык падкрэсьліў: паводле стандартаў АБСЭ, не абавязкова запрашаць назіральнікаў за вучэньнямі, калі ў іх удзельнічаюць менш за 13 тысяч чалавек. Але Беларусь, нягледзячы на гэта, пашле запрашэньні ў міжнародныя структуры — у прыватнасьці ў ААН, АБСЭ, NATO, АДКБ і іншыя. Таксама для назіраньня будуць запрошаныя вайсковыя аташэ, акрэдытаваныя ў амбасадах на тэрыторыі Беларусі.

XS
SM
MD
LG