Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне рыхтуюцца да вучэньняў «Захад-2017»: ствараецца тэрытарыяльная абарона


Ілюстрацыйнае фота. 12-га батальён тэрытарыяльнай абароны, Кіеў, 2014 год

Ва Ўкраіне да пачатку супольных расейска-беларускіх вайсковых вучэньняў «Захад-2017» у кожным раёне будуць створаныя атрады тэрытарыяльнай абароны.

«Досьвед войнаў паказвае, што многія ваенныя канфлікты пачыналіся з афіцыйных вайсковых вучэньняў. Мы памятаем вучэньні Ўзброеных сілаў Расеі „Каўказ-2008“, калі іх правялі і на ўвесь сьвет паведамілі пра іх завяршэньне, а тэхніку, узбраеньне і матэрыяльныя сродкі пакінулі ў раёнах вучэньняў, потым назад тайна перакінулі асабісты склад і анэксавалі пэўныя тэрыторыі Грузіі. Дзеля папярэджаньня падобнага мы рыхтуем атрады тэрытарыяльнай абароны ў кожным з раёнаў Украіны. Яны выконваюць задачы аховы і абароны найбольш важных аб’ектаў», — паведаміў журналістам вайскавод сухапутных войскаў Узброеных сілаў Украіны Сяргей Папко.

Паводле яго, у большасьці рэгіёнаў краіны і мясцовыя ўлады, і вайсковыя камісары, і грамадзяне адказна ставяцца да фармаваньня тэрытарыяльнай абароны.

«Людзі досыць матываваныя і падрыхтаваныя. Праблемныя пытаньні вырашаюцца на мясцовым узроўні досыць адэкватна і паступова. Мы загадзя рыхтуемся да адэкватнага рэагаваньня на магчымыя ваенныя пагрозы», — падкрэсьліў Сяргей Папко.

Вайскавод сухапутных войскаў Украіны дадаў, што цяпер ва ўсіх рэгіёнах краіны праходзяць маштабныя камандна-штабныя вучэньні ў тэрытарыяльнай абароне, на якіх ваеннаабавязаныя інтэнсіўна трэнуюцца і ў палявых умовах адточваюць тактыка-спэцыяльную падрыхтоўку.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG