Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супраць вызваленьня палітвязьняў і свабодных выбараў — што не спадабалася беларускім дэлегатам у праекце рэзалюцыі «Становішча ва Ўсходняй Эўропе»


Свабодныя выбары, правы чалавека, сьмяротнае пакараньне — супраць наяўнасьці гэтых і іншых пунктаў у праекце рэзалюцыі «Становішча ва Ўсходняй Эўропе» выступаюць беларускія дэлегаты на 26-й сэсіі ПА АБСЭ.

Яшчэ адна рэзалюцыя, у якой закранаюцца праблемы з правамі чалавека ў Беларусі, будзе абмяркоўвацца на паседжаньні сэсіі. Асноўным аўтарам дакумэнту з 23 пунктаў стаў швэдзкі дэпутат Крысьціян Хольм Барэнфэльд. Чарнавік рэзалюцыі разьмешчаны тут.

Беларусі ў тэксьце адведзена значнае месца. Прычынай зьяўленьня дакумэнту стала занепакоенасьць «пагаршэньнем дэмакратычнага разьвіцьця» і «ўсё часьцейшымі парушэньнямі правоў чалавека» ў Расеі, Беларусі і Азэрбайджане.

Ужо вядома, якія папраўкі прапануюць унесьці беларускія і іншыя дэлегаты. Так, нашы суайчыньнікі выказвалі меркаваньні выключна па тых пунктах, якія тычацца Беларусі. Пра іншыя ж пункты, у тым ліку зьвязаныя з Расеяй, яны захоўвалі маўчаньне.

Рэзалюцыя зьвяртае ўвагу на парушэньне Расеяй міжнародных пагадненьняў наконт тэрытарыяльнай цэласнасьці краін, заклікае асудзіць анэксію Крыму Расеяй і парушэньне правоў прадстаўнікоў ЛГБТ у РФ, а ў прыватнасьці ў Чачні.

Расейскія дэлегаты, у сваю чаргу, выказаліся амаль па ўсіх «праблемных» пунктах, якія закранаюць Беларусь.

Радыё Свабода прааналізавала праект рэзалюцыі і прапанаваныя папраўкі. На якія праблемы ў нашай краіне зьвярнуў увагу АБСЭ швэдзкі дэпутат і каму з дэлегатаў гэта не спадабалася?

Парушэньні правоў чалавека па-ранейшаму носяць сыстэмны і структурны характар, — гаворыцца ў праекце рэзалюцыі (пункт 5).

Выключыць з рэзалюцыі гэты пункт запатрабавалі віцэ-сьпікер Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук, дэлегаты Сяргей Гайдукевіч і Валер Варанецкі. Іх падтрымалі дэлегаты з Казахстану і Таджыкістану.

Выбары. На думку аўтараў рэзалюцыі, «прэзыдэнцкія выбары ў кастрычніку 2015 году і парлямэнцкія выбары ў верасьні 2016 году не былі ані свабоднымі, ані сумленнымі» (пункт 8).

Супраць гэтага выступілі беларускія дэлегаты Сяргей Рахманаў, Сяргей Гайдукевіч, Андрэй Рыбак і Валер Варанецкі. Іх падтрымаў дэлегат з Таджыкістану.

Уведзеныя абмежаваньні на свабоду сходаў, якія маюць на ўвазе іх «амаль фактычную забарону» (пункт 9).

Зь беларусаў з гэтым пунктам не пагадзіўся адзін дэлегат — Сяргей Рахманаў. Яго падтрымалі расейскія дэлегаты Карніенка, Тураў, Брыкін і Фядзяеў.

Адсутнасьць свабоды СМІ і павелічэньне колькасьці выпадкаў уціску журналістаў (пункт 10).

Той жа дэлегат Сяргей Рахманаў не пагаджаецца з гэтым пунктам, і яго падтрымліваюць пералічаныя вышэй расейскія калегі.

У тэксьце рэзалюцыі ёсьць непасрэдныя заклікі да ўраду Беларусі. І ня ўсе беларускія дэлегаты зь імі згодныя. Так, рэзалюцыя заклікае:

Неадкладна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зьняволеных (пункт 13).

Адмяніць гэты пункт просяць той жа беларускі дэлегат Сяргей Рахманаў пры падтрымцы расейскіх калегаў Карніенкі, Турава, Брыкіна і Фядзяева.

Асудзіць нядаўнія масавыя арышты і парушэньне ўладамі права на дэманстрацыі (пункт 14).

Гэты пункт не падабаецца дэлегату Сяргею Гайдукевічу, якога падтрымліваюць дэлегат з Казахстану і тры дэлегаты з Расеі.

Асудзіць прыняцьце сэрыі рэпрэсіўных законаў, якія абмяжоўваюць асноўныя правы на свабоду сходаў, выказваньне думак і даюць дадатковыя паўнамоцтвы супрацоўнікам КДБ (пункт 15).

Сяргей Гайдукевіч таксама патрабуе выключыць гэты пункт. Яго падтрымліваюць два дэпутаты з Казахстану і два дэпутаты з Расеі.

Адмяніць артыкул 193.1 КК, які прадугледжвае пакараньне ў выглядзе турэмнага зьняволеньня да двух гадоў за «дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі» (пункт 19).

За выключэньне гэтага пункту з рэзалюцыі выступіла беларуская дэлегатка Вольга Папко, адзін дэпутат з Казахстану і тры з Расеі.

Заклікаюць урад Беларусі да выкананьня сваіх абавязаньняў у межах АБСЭ ў дачыненьні да свабоды сходаў і свабоды выказваньня думак і да лібэралізацыі заканадаўства (пункт 20).

Дэлегатка Вольга Папко зь Беларусі таксама патрабуе выключыць гэты пункт пры падтрымцы дэпутата з Казахстану і трох дэпутатаў з Расеі.

Неадкладна адклікаць усе прысуды па выкананьні сьмяротнага пакараньня і прыступіць да працы па адмене сьмяротнага пакараньня (пункт 21).

Выключыць пункт 21 прапануюць віцэ-сьпікер Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук, дэпутаты Вольга Папко, Андрэй Рыбак, Валер Варанецкі, два дэлегаты з Кіргізстану і адзін з Таджыкістану.

Зрабіць захады дзеля забесьпячэньня свабодных і сумленных будучых выбараў (пункт 22).

З гэтым пунктам ня згодныя дэлегатка Вольга Папко, дэлегаты Баляслаў Пірштук, Андрэй Рыбак і Валер Варанецкі пры падтрымцы дэпутата з Таджыкістану.

5 ліпеня на сэсіі большасьць дэлегатаў прагаласавалі супраць прапановы вынесьці на галасаваньне ПА АБСЭ рэзалюцыю па Беларусі, прапанаваную літоўскім дэпутатам Лаўрынасам Касчунасам. У ёй Менск заклікаюць рэабілітаваць палітвязьняў, адмяніць сьмяротнае пакараньне, рэфармаваць выбарчую сыстэму, паважаць права грамадзян на свабоду выказваньня і сходаў, забясьпечыць празрыстасьць будаўніцтва БелАЭС.

Да пытаньня будаўніцтва беларускай АЭС на адкрытай сэсіі ПА АБСЭ 5 ліпеня зьвярнуўся Аляксандар Лукашэнка. Ён настойвае, што будучая АЭС «самая бясьпечная». А таксама заклікаў Літву далучыцца да будаўніцтва станцыі і будучай яе эксплюатацыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG