Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мінулае дзесяцігодзьдзе — пэрыяд страчаных магчымасьцяў», — Лукашэнка пра стасункі з ЗША


Аляксандар Лукашэнка сустрэўся 6 ліпеня ў Менску з дэлегацыяй Кангрэсу (парлямэнту) Злучаных Штатаў. Як перадае прэс-служба Лукашэнкі, зацікаўленасьць Беларусі ў разьвіцьці паўнавартасных партнэрскіх стасункаў з ЗША «застаецца нязьменнай».

«За апошнія два-тры гады мы аднавілі пэўны ўзровень палітычнага даверу, — сказаў Лукашэнка дэлегацыі Кангрэсу ЗША. — Але без узаемнага жаданьня гэта было б немагчымым. Лічу, што папярэдняе дзесяцігодзьдзе, якое мы пражылі ва ўмовах нявызначанасьці, санкцыяў, — гэта пэрыяд страчаных магчымасьцяў для нашых стасункаў».

Лукашэнка адзначыў, што дэлегацыя ЗША самая шматлюдная на Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, што праходзіць у Менску на гэтым тыдні. З гэтага ён зрабіў выснову, што дэлегацыя, сярод іншага, праяўляе цікаўнасьць да Беларусі.

«Кіраўніцтва вашай дзяржавы пасьля лістападаўскіх выбараў мінулага году чакана засяродзілася на ўнутраных справах краіны, перш за ўсё на эканоміцы, сацыяльнай сфэры, — казаў Лукашэнка амэрыканскім кангрэсмэнам. — Гэта натуральна, гэта задача любога прэзыдэнта. Тым ня менш зьнешняя палітыка новай адміністрацыі ЗША паступова набывае форму. Мяркую, у хуткім часе будуць сфармуляваныя зьнешнепалітычныя падыходы Вашынгтона і да Беларусі».

Таксама Лукашэнка заявіў, што неабходна пачаць канструктыўны дыялёг з ЗША на «вострыя тэмы»:

«Нам вядомыя чаканьні амэрыканскага боку ў галіне правоў чалавека, дэмакратыі і іншых пытаньняў. Мы ад іх не адыходзім, гатовыя іх абмяркоўваць у любым фармаце і месцы — у Менску, Вашынгтоне або Нью-Ёрку. Тое ж самае тычыцца выбарчай тэматыкі і гэтак далей».

Пасьля Лукашэнка адзначыў, што ў стасунках Беларусі і ЗША «ніякага крызісу няма», але «дэфіцыт ідэяў прысутнічае».

10 фактаў пра дачыненьні Беларусі і ЗША

Лукашэнка наведваў ЗША ў 1995 годзе, сустракаўся з тагачасным прэзыдэнтам ЗША Білам Клінтанам. У ліпені 1998 году адбыўся гэтак званы канфлікт у Драздах: урад Беларусі загадаў дыпляматычнаму корпусу шэрагу краін, у тым ліку ЗША, вызваліць дыпляматычныя рэзыдэнцыі.

Але найгоршы пэрыяд у дачыненьнях быў у 2008 годзе: тады фактычна быў выдалены амбасадар ЗША ў Беларусі і істотна скарочаны штат дыпкорпусу амэрыканскай амбасады. Адпаведна, быў скарочаны склад і дыпмісіі Беларусі ў Вашынгтоне.

Калі ў Менску зьявіцца амэрыканскі амбасадар

У кастрычніку 2004 году Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША аднагалосна пастанавіла ўвесьці эканамічныя санкцыі супраць Беларусі і яе прэзыдэнта. Санкцыі былі ўведзеныя ў 2007 годзе і тычыліся ў асноўным дзяржаўных нафтахімічных прадпрыемстваў. У кастрычніку 2015 году, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, амэрыканскія санкцыі былі часткова скасаваныя.

Калі ЗША ў чэрвені 2017 году працягнула захаваныя санкцыі супраць атачэньня Лукашэнкі, МЗС Беларусі заявіў, што санкцыі працягнулі з прычыны «састарэлых стэрэатыпаў».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG