Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прызнаў незалежнасьць Полацкай дзяржавы: але нацыянальнае і савецкае ня могуць доўга існаваць побач 


Падчас свайго выступу 1-га ліпеня 2017 году з нагоды афіцыйных «Дня Рэспублікі/Для Незалежнасьці» Аляксандар Лукашэнка агучыў новыя для афіцыйнай ідэалёгіі тэзісы што да гісторыі беларускай дзяржаўнасьці.

«Ідэя нацыянальнай дзяржавы праходзіла чырвонай нітай праз усе пакаленьні» — перад тым у афіцыйнай ідэалёгіі пачатак беларускай дзяржаўнасьці акцэнтаваўся то на бальшавіцкім перавароце 1917, то на стварэньні БССР у 1919, але найперш на вызваленьні Менску ад нацыстаў у 1944-м.

Лукашэнка ў вышыванцы
Лукашэнка ў вышыванцы

«Полацкае княства — наша гістарычная калыска» — перад тым Полацкае княства не акцэнтавалася як самастойная дзяржава, а часьцей разглядалася як частка абстрактнай «Русі» ці «Кіеўскай Русі»;

«Вялікае княства Літоўскае падаравала Эўропе самую прагрэсіўную для таго часу юрыдычную думку — напісаны на старабеларускай мове Статут» — ні Статут (тры Статуты ВКЛ — СК), ні фэномэн пісанай старабеларускай мовы на афіцыйным узроўні гучна не акцэнтаваліся.

Пра стваральнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі 1918 году Аляксандар Лукашэнка выказаўся з павагай — «мужныя», «адухоўленыя высокімі ідэямі». Але паўтарыў ідэалягічны штамп пра, нібыта, удзел кайзераўскіх нямецкіх войскаў у стварэньні БНР.

Zmicier Pankaviec: «А мне спадабалася фраза Лукашэнкі пра БНР усё ж: „Былі мужныя, часам утапічнай спробы самавызначэньня. Некаторыя дзеячы, адухоўленыя высокімі ідэямі...“ Далей ужо паражняк, можна не чытаць. А пра „мужных і адухоўленых высокімі ідэямі“ — гэта новенькае нешта».

Аляксандр Пашкевіч: «Ён несумненна хацеў гэта сказаць. Але што толку з ягоных словаў, калі за імі ніколі няма дзеяньняў?

11 гадоў таму ў сатырычнай стужцы «Гудбай, Бацька!» была зробленая падказка як можна вярнуць у грамадзтва беларускую ідэю на візуальным узроўні.

Глядзець па спасылцы ад 10’45: «Флаг пабеды над натаўскімі крэстаносцамі. Саўмесна з губэрнатарам Смаленскай обласьці».

Акурат 15 ліпеня чарговыя ўгодкі Грунвальдзкай бітвы, калі можна вярнуць у шырокі афіцыйны ўжытак, прынамсі, герб «Пагоню». Хоць бы побач з існым дзяржаўным гербам.

Сатыра сатырай, але выступ Аляксандра Лукашэнкі 1 ліпеня 2017 году быў перад публікай, заангажаванай у афіцыйнае ідэалягічнае рэчышча, дзе пакуль не было месца гістарычнаму нацыянальнаму бачаньню Беларусі. Таму можна меркаваць, што за словамі зьявяцца справы: вяртаньне «Пагоні», але лепш разам з БЧБ-сьцягам, у шырокі легальны ўжытак.

Хоць «Пагоня» і так афіцыйна галоўны элемэнт гербу Віцебскай вобласьці і гербаў некаторых гарадоў, дэ-факта міліцыя вас можа затрымаць за выкарыстаньне старажытнага сымбалю у пэўных сытуацыях.

Але самым лягічным было б адмовіцца ад прывязкі паняцьцяў Дня Незалежнасьці/Дня Рэспублікі да даты вызваленьня Менску ад нацыстаў — 3 ліпеня 1944 году. Бо калі адлік дзяржаўнасьці вядзецца ад Полацкай дзяржавы, то і незалежнасьць продкаў сучасных беларусаў як мінімум пачынаеццца ў X-м стагодзьдзі, калі пазначаная першая летапісная згадка пра полацкага князя — Рагвалода.

Нацыянальнае і савецкае бачаньне гісторыі сваёй краіны ня могуць доўга існаваць побач, бо супярэчаць адно аднаму хоць бы храналягічна, але найперш сэнсава.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG