Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларускім уладам не патрэбныя новыя палітвязьні? Якія магчымыя палітычныя наступствы гэтай справы?

Удзельнічаюць: Алег Груздзіловіч, Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч.

Груздзіловіч: Вызваленыя апошнія два фігуранты «справы патрыётаў». Відавочна, што «справу патрыётаў» фактычна згортваюць, што яна ня мае шанцаў дайсьці да суду, хоць гэта ўсё яшчэ магчыма. Большасьць зь фігурантаў справы застаецца пад падпіскай, нібыта застаецца абвінавачаньне ў стварэньні ўзброенага фармаваньня. Але таго, што заяўлялася на пачатку гэтай справы — а гэта было 21 сакавіка, калі Лукашэнка сказаў, што недзе пад Барысавам у лясах рыхтуюцца баевікі — дык вось той гучнай, рэзананснай справы, пра якую заяўлялі ўлады, відавочна ўжо ня будзе.

Чаму выпускаюць цяпер і ўвогуле чаму справу закрываюць? Найперш заўважу: яшчэ калі гэта ўсё пачыналася, было бачна, што гэта пэўная правакацыя спэцслужбаў. Бо яны ў адзін тон разам з Лукашэнкам казалі пра баевікоў у лясах. Гэта адбылося перад 25 сакавіка — зразумела, для таго, каб запалохаць людзей, каб зьбіць хвалю пратэстаў. Лукашэнка або павёўся на яе, альбо быў удзельнікам гэтай прыдумкі.

Лукашэнка або павёўся на яе, альбо быў удзельнікам гэтай прыдумкі

Але потым узьнікла яшчэ такая вэрсія, што справа ня толькі ў запалохваньні тых, хто зьбіраўся пратэставаць, а яшчэ ў тым, што Лукашэнка зьбіраўся загадзя апраўдацца перад Захадам за ўжываньне сілы супраць дэманстрантаў. Нездарма ўзьнікла гэтая справа пасьля звароту нейкай фраў А. у беларускую амбасаду ў Нямеччыне. А Лукашэнка сказаў: ну бачыце, мы адрэагавалі на вашы заўвагі, ваш чалавек да нас зьвярнуўся — мы праверылі, сапраўды, і вось мы змагаемся са сваімі магчымымі тэрарыстамі, як вы змагаецеся са сваімі.

4 ліпеня адбываецца сэсія Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Менску. І беларускім уладам непасрэдна трэба казаць, што няма ў нас палітвязьняў

Калі пачалі арыштоўваць і маладафронтаўцаў, акрамя актывістаў «Белага легіёну», было бачна, што ўлада штучна раздувае гэтую справу, спрабуе больш людзей у яе ўцягнуць і запалохаць. Але потым, празь некалькі тыдняў, Дашкевіча, Пальчэўскага і іншых маладафронтаўцаў раптоўна з «Валадаркі» паадпускалі. І стала відавочна, што справа ўжо здуваецца. Хоць яшчэ месяц заставаўся, улады рабілі выгляд, як той Панікоўскі, нібыта яны пілуюць, але насамрэч было зразумела, што нічога ня будзе. І калі ў сярэдзіне чэрвеня стала вядома, што справу перадалі з КДБ у Сьледчы камітэт — усё, журналісты ўжо мусілі чакаць пад «Валадаркай», калі пачнуць выходзіць актывісты «Белага легіёну». І вось пазаўчора і ўчора гэта ўсё і адбылося.

Чаму цяпер? Маглі б, бадай, і пачакаць. Вось 4 ліпеня адбываецца сэсія Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Менску. І беларускім уладам непасрэдна трэба казаць, што няма ў нас палітвязьняў і такіх штучных затрыманьняў, правакацыйных спраў. Таму адпускаюць.

Мая думка, што ўлады ўбачылі, што няма такой небясьпекі перад 3-м ліпеня, я маю на ўвазе, што Мікалай Статкевіч заявіў нейкую акцыю. Ну вось апошні пікет салідарнасьці з палітвязьнямі, які прайшоў на мінулым тыдні, паказаў, што мала людзей прыйшло, людзей ня вельмі гэта хвалюе, што настаў пэрыяд летняга спакою ў грамадзтве, і чакаць, што будзе масавая акцыя 3 ліпеня, таксама не выпадае. Перамаглі, відаць, тыя ў атачэньні Лукашэнкі, хто сказаў: ня трэба палохацца, давайце ўсіх адпусьцім і будзем чыстымі выглядаць перад АБСЭ.

Карбалевіч: Такім чынам, вызваляюць усіх фігурантаў справы. Прычым цікава, што і старшыня КДБ Вакульчык, і старшыня Сьледчага камітэту Наскевіч устрымліваюцца ад адказу на пытаньне, ці дойдзе справа да суду. І гэта вельмі характэрна. Паколькі справа палітычная, то рашэньне па ёй прымаецца на палітычным узроўні. Магчыма, што такое рашэньне яшчэ не прынятае.

Для вызваленьня гэтых людзей існуюць дзьве падставы ці прычыны. Па-першае, палітычная функцыя, дзеля якой была распачата гэтая справа, выкананая. З дапамогай страшылак пра страшных баевікоў улады хацелі запужаць насельніцтва і зьбіць маштаб пратэстаў у сакавіку. І гэтая задача выкананая.

палітычная функцыя, дзеля якой была распачата гэтая справа, выкананая

Па-другое, напярэдадні паседжаньня Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ўладам ня трэба нейкіх праблемаў. Бо шэраг дэпутатаў зь Літвы, Швэцыі і іншых краін зьбіраюцца абмеркаваць пытаньне правоў чалавека ў Беларусі ў рамках гэтага мерапрыемства. І вось для нэўтралізацыі гэтых захадаў улады і сьпяшаюцца ўсіх вызваліць. Бо для нармалізацыі адносін з Захадам афіцыйнаму Менску не патрэбныя новыя палітвязьні.

Але ў любым выпадку, будзе суд ці ня будзе, поўнасьцю захаваць твар уладам ня ўдасца. Паколькі справа прыдуманая ад пачатку да канца, то масіраваная прапагандысцкая кампанія, аповеды дзяржаўных мэдыяў пра страшных баевікоў і тэрарыстаў непазьбежна выклічуць пытаньні. Гэтая справа наглядна ілюструе, што сыстэма правасудзьдзя ў Беларусі проста адсутнічае. Яна ня дрэнная, яе проста няма. Бо калі на загад прэзыдэнта, дзеля вырашэньня палітычных задач, хапаюць нявінных людзей і абвінавачваюць у страшных злачынствах, уся сыстэма праваахоўных органаў працуе не на падставе закону, а на падставе палітычнага загаду, то гэта і ёсьць дыктатура ў клясычным варыянце.

ніякай справы няма, таму ладзілася нейкая імітацыя

З таго, што расказалі людзі, якія выйшлі на свабоду, мяне ўразілі два факты. Гэта калі для затрыманьня фігуранта справы, чалавека, які жыве звычайным мірным жыцьцём, накіроўваюць 10 чалавек групы «Альфа», то можна ўявіць, у якім стане псыхозу знаходзяцца сілавыя структуры. Другі факт. Адзін з вызваленых расказвае, што ў яго было толькі два допыты. То бок ніякай справы няма, таму ладзілася нейкая імітацыя.

Глод: Каб адказаць на пытаньне Алега Грузьдзіловіча — «Чаму вызваляюць фігурантаў «справы патрыётаў»? — найперш трэба вярнуцца да гісторыі гэтага пытаньня. Першыя затрыманьні адбыліся 21 сакавіка. Да 25 сакавіка, дня сьвяткаваньня ўгодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі, заставалася ўсяго чатыры дні. І першая думка, якая ўзьнікла, натуральна, была зьвязаная з гэтым. То бок улады вырашылі сьпехам зьляпіць гучную справу. Даручылі яе КДБ. А мэта зразумелая — запалохаць людзей, каб яны 25 сакавіка не выходзілі на акцыю.

Сёлета сытуацыя ў краіне не нагадвала ні мінулагоднюю, ні тую, што была пазалетась. Народ ускалыхнуў дэкрэт аб дармаедзтве. Ускалыхнуў усур’ёз. Што, на мой погляд, выразна пацьвердзіла стан беларускага грамадзтва. Бальшыня яго абыякава ставіцца да правоў чалавека, дэмакратычных свабод, але рэагуе, калі падае ўзровень матэрыяльнага дабрабыту. А сёлета ўсё адбывалася менавіта так. Мабыць, таму ўлады пасьпяшаліся запусьціць гучную справу.

Яна, як я думаю, мела дзьве мэты. Першую, кароткатэрміновую — не дапусьціць масавых выступленьняў 25 сакавіка. Другую, доўгатэрміновую — перакінуць увагу насельніцтва з малых заробкаў на палітыку, на пагрозу дзяржаве. Калі першай мэты ўлады дасягнулі, то з другой, падобна, выходзіць канфуз. Выглядае, што справа ня клеіцца. А сфармуляваная яна была па надзвычай грозным артыкуле Крымінальнага кодэксу — стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня.

Пры такіх сур’ёзных абвінавачаньнях патрэбныя і сур’ёзныя доказы вінаватасьці тых, каго затрымалі. І вось тут выглядае, што іх як раз і не хапае. Праверыць такія меркаваньні немагчыма — справа носіць закрыты характар, інфармацыя па ёй паступае мінімальная. З другога боку, надаць ёй «ваяўнічы» характар, мабыць, ня вельмі складана. Я чытаў меркаваньні юрыстаў. Паводле іх, каб абвінаваціць людзей у стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня, удзельнікам такой групы зусім не абавязкова мець баявую зброю. Гэта можа быць і паляўнічая стрэльба, і газавая, і помпавая, і нават самаробная выбухоўка.

Іншая справа, што ва ўмовах татальнага кантролю, які існуе ў Беларусі, проста немагчыма працяглы час заставацца незаўважнымі. Але, зноў жа, з прычыны сакрэтнасьці гэтай справы тут можна разважаць шмат, але ня вельмі канкрэтна.

І апошняе, пра што ўжо казалі мае калегі. Сувязь гэтай падзеі з маючай упершыню адбыцца ў Беларусі штогадовай сэсіяй Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Была інфармацыя, што дэпутаты зь Літвы зьбіраліся прапанаваць калегам зь іншых краін прыняць спэцыяльную рэзалюцыю пра дрэнны стан дэмакратыі ў Беларусі. Аднак вызваленьне ўсіх фігурантаў «справы патрыётаў» робіць такую рэзалюцыю несвоечасовай. А магчымыя літоўскія высілкі беларускія ўлады сьпішуць на крок у адказ за будоўлю атамнай станцыі ў Астраўцы.

Чым гэтая справа запомніцца людзям? Цынічным удзелам дзяржаўнага тэлебачаньня

Грузьдзіловіч: Чым гэтая справа запомніцца людзям? Цынічным удзелам дзяржаўнага тэлебачаньня. Вось гэты фільм, дзе паказалі арматуру, якая нібы была ўжо падрыхтаваная да нейкіх масавых забурэньняў, паказалі зброю. Але я размаўляў зь нявестай аднаго зь фігурантаў справы, Данілава, якая сказала, што на яе вачах гэтая зброя камплектавалася. Бо яе жаніх на цалкам законных падставах меў нейкія муляжы гэтых аўтаматаў, гэтым ён займаецца, гэта ягоная праца, а ня толькі хобі. І на яе вачах журналісты прынесьлі рэальны аўтамат і паклалі вось у гэты камплект муляжоў. БТ гэта зьняла, і потым яна пачула, як журналіст сказаў: ну ўсё, добра — вось зараз выдатны рэпартаж можа быць! Прагаварыўся, так сказаць. Яна пачула гэта з другога пакоя. Мы зноў убачылі, якая роля адводзіцца нашаму беларускаму тэлебачаньню. Што на загад яны могуць зьляпаць любы сюжэт, які падтрымае афіцыйную вэрсію — то пра пацукоў, то цяпер вось пра нейкія забурэньні, сілавікоў, тэрарыстаў у лясах.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG