Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пакуль сядзеў, сын навучыўся гаварыць». Першае інтэрвію Віктара Мароза пасьля вызваленьня. ФОТА, ВІДЭА


Свабода пагутарыла з прадпрымальнікам Віктарам Марозам — адным з апошніх, хто быў вызвалены па справе «Белага легіёну» 30 чэрвеня. Агулам за кратамі — спачатку ў СІЗА КДБ, а потым у СІЗА № 1 МУС — ён прабыў 102 дні.

У зьняволеньні ён шмат чытаў, у тым ліку на мове арыгіналу: «праглынуў» па-ангельску «Хобіта», узяўся за Оруэла, але не дачытаў — грымнула вызваленьне. Віктар Мароз кажа, што пасьля вызваленьня застаецца ў статусе абвінавачанага пад падпіскай пра нявыезьд.

Наракае, што на беларускай мове літаратуры надта мала. Калі на «Валадарцы» папрасіў «Каласы пад сярпом тваім» Уладзімера Караткевіча, ахоўнік прынёс... расейскі пераклад. Наагул, са сьпісу ў паўсотні кніжак знайшліся ўсяго тры.

Кажа, што хацеў вучыць італьянскую мову, папрасіў жонку перадаць падручнікі, але ў турме не прынялі — сказалі, што нельга.

Калі перавялі ў СІЗА на Валадарскага, у камэры былі ўсяго два чалавекі. «Бывалы» сусед Віктара дзівіўся, што сытуацыя проста незвычайная — маўляў, сядзім як каралі́, бо звычайна «хаты» перанаселеныя.

Параўноўваць «лад жыцьця» ў ізалятарах КДБ і МУС, паводле Віктара, складана: у першым спаў на шчыце, у другім — на крывых шконках. На «Валадарцы» душна і сыра, ежа горшая, чым у КДБ. Што зьвязвае — мала рухомы лад жыцьця. Таму, каб не «застаяцца», як мог займаўся фізычнымі практыкаваньнямі.

Выказаўся Віктар Мароз адносна працоўных пэрспэктываў. Дагэтуль аказваў паслугі па кіраваньні кампаніі «Оптыма-прайм», але тая разарвала кантракт неўзабаве пасьля арышту — дзяржаўныя кліенты былі вельмі запалоханыя. Цяпер у пошуку новай працы. Кажа, што прапановы ўжо ёсьць і за будучыню надта не перажывае. А ў канцы верасьня, калі скончыцца папярэдняе расьсьледаваньне, зьбіраецца куды-небудзь зьезьдзіць зь сямʼёй.

Кажа, што 5 год наагул быў без адпачынку, і ў выніку ўсё «накрылася медным тазам». А гэта таму, што няправільна расставіў прыярытэты — сямʼя аказалася на другім месцы пасьля працы. «А трэба, каб было наадварот, асабліва ў нашай дзяржаве, калі ўсё можа зьмяніцца ў адну сэкунду», — робіць выснову Віктар Мароз.

Больш за тры месяцы чакаў бацьку малы Ярамір. Як кажа Віктар, сын пасталеў, навучыўся складна гаварыць, фармуляваць думку — што бацьку найбольш уразіла. Ярамір перакананы, што тата быў у камандзіроўцы — і пацьвердзіў гэта на камэру Свабоды.

Пры канцы гутаркі Віктар Мароз падзякаваў усім, хто падтрымліваў, дасылаў лісты і паштоўкі. Хоць шмат хто быў у роспачы і лічыў, што фінал будзе дрэнны, сам Віктар быў перакананы ў адваротным — чаго раптам, калі ні ён, ні астатнія фігуранты справы «Белага легіёну» ні ў чым не вінаватыя?

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG