Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцы крадуць коні ў Леніна


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Добрускім раёне на малочна-таварнай фэрме ААТ «Завідаўскае», што ў вёсцы Леніна (былая Папоўка), двое расейцаў спрабавалі скрасьці каня й жарабя.

Прэсавая служба Гомельскай абласной міліцыі паведамляе, што двое жыхароў памежнага зь Беларусьсю Злынкаўскага раёну Бранскай вобласьці ноччу падкраліся да гаспадарчай пабудовы малочнатаварнай фэрмы, сарвалі замок, вывелі каня, спуталі і прывязалі да слупа. Адной жывёліны расейцам падалося мала, яны паквапіліся яшчэ й на жарабя.

І тут нечакана зьявіўся вартаўнік, аклікнуў: «Хто такія?»

Няпрошаныя госьці гукнулі: «Стой, страляць будзем!» — і кінуліся наўцёкі. Саракапяцігадовы вартаўнік пабег за імі. На бягу патэлефанаваў начальніку аховы гаспадаркі, у міліцыю ды памежнікам.

Канакрады, не разьбіраючы дарогі, уцякалі ў бок Расеі, ды ўбіліся ў балота. Адзін заграз, і памежнікі яго затрымалі. Аказалася, што гэта 27-гадовы беспрацоўны з расейскага мястэчка Вышкаў, што ў Злынкаўскім раёне. Супраць яго распачата крымінальная справа. Лёс ягонага напарніка невядомы.

Выпадак у вёсцы Леніна ня першы, калі суседзі з усходу квапяцца на беларускіх коней. Спрыяе гэтаму адсутнасьць мяжы. Колькі гадоў таму добруская міліцыя шукала па аўтамабільным сьледзе трох зьніклых коней. Знайшлі злодзеяў на тэрыторыі Расеі. Коней тыя ўжо пасьпелі прадаць.

З паселішчаў на Магілёўшчыне, якая таксама мяжуе з Расеяй, у ранейшыя гады вывозілі за год звыш паўсотні коней і дзясяткі кароў. Зьвязана гэта было найперш з тым, што ў расейцаў вышэйшыя кошты закупу на мяса ў жывой вазе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG