Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпікер Кангрэсу ЗША выказаўся за новыя санкцыі супраць Крамля


Сьпікер Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША рэспубліканец Пол Раян

Сьпікер Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША рэспубліканец Пол Раян выказаўся ў падтрымку законапраекту аб увядзеньні новых санкцый у дачыненьні Ірану і Расеі, прынятым на мінулым тыдні Сэнатам.

Вынікі галасаваньня па законапраекту ў верхняй палаце былі 98 «за» і 2 «супраць». Тым ня менш старшыня Камітэту бюджэтна-фінансавай палітыкі Палаты прадстаўнікоў рэспубліканец Кевін Брэды папракнуў сэнатараў у адступленьні ад Канстытуцыі, паколькі, паводле асноўнага закону, любыя захады, якія маюць адносіны да фінансаў, павінны ініцыявацца ніжняй палатай.

Дэмакраты ў адказ абвінавацілі рэспубліканцаў у тым, што сваімі прыдзіркамі яны падыгрываюць адміністрацыі Трампа, якая выступае супраць новых антырасейскіх санкцый. Заява Пола Раяна ў падтрымку законапраекту заклікана парыраваць абвінавачваньні дэмакратаў. Крыху раней Брэды прапанаваў сэнатарам дадаць у законапраект аб санкцыях шэраг дробных паправак, якіх будзе дастаткова, каб даць ніжняй палаце Кангрэсу магчымасьць вылучыць сваю вэрсію закону.

Новыя штрафныя захады, зацьверджаныя Сэнатам, ёсьць адказам на ўмяшаньне Расеі ў леташнюю прэзыдэнцкую кампанію і на яе дзеяньні ва Ўкраіне і ў Сырыі. У дакумэнце агаворана, што Кангрэсу будзе мець 30 дзён на тое, каб разгледзець любыя прапановы адміністрацыі Трампа наконт зьмякчэньня або адмены санкцый.

XS
SM
MD
LG