Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнат ЗША ўхваліў новыя санкцыі адносна Расеі


Сёньня Сэнат ЗША ўхваліў «Закон аб супрацьдзеяньні расейскаму ўплыву ў Эўропе і Эўразіі», які пашырае санкцыі адносна Расеі. Расейскі тэлеканал «Дождж» распавядае пра зьмест законапраекту.

Як зьменяць старыя санкцыі

Дакумэнт на ўзроўні закону замацоўвае дзейсныя зараз санкцыі, якія ўвёў сваімі ўказамі папярэдні прэзыдэнт Барак Абама. Санкцыі, зацьверджаныя кангрэсам і прапісаныя ў законе, традыцыйна больш жорсткія, а зьняць іх больш складана, чым уведзеныя прэзыдэнцкім указам, адзначае The Wall Street Journal. Законапраект таксама дазволіць Кангрэсу заблякаваць любую спробу дзейнага кіраўніка дзяржавы Дональда Трампа зьняць або аслабіць існыя абмежаваньні.

Як вынікае з дакумэнту, старыя санкцыі ўведзеныя «за парушэньне тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны і Крыму, дзёрзкія кібэратакі, умяшаньне ў выбары і працяглую агрэсію ў Сырыі». Законапраект таксама ўносіць папраўкі ў «Акт у падтрымку сувэрэнітэту, цэласнасьці, дэмакратыі і эканамічнай стабільнасьці Ўкраіны». Сэнат вырашыў зьмяніць фармулёўку «прэзыдэнт можа ўвесьці» санкцыі ў дачыненьні да Расеі, на фармулёўку «павінен увесьці», усталяваўшы 30-дзённы тэрмін пасьля прыняцьця паправак.

Якія новыя санкцыі ўвядуць

Новыя абмежаваньні Сэнат прапанаваў увесьці ў дачыненьні «карумпаваных расейскіх дзеячаў, якія імкнуцца схавацца ад санкцыяў», а таксама тых, хто «датычны да сур’ёзнага парушэньня правоў чалавека, пастаўляе зброю рэжыму Асада, займаецца наўмыснымі кібэратакамі па замове расейскага ўраду, зьвязаны з карумпаванай прыватызацыяй дзяржактываў і вядзе бізнэс з расейскімі разьведным і абарончым комплексамі».

Сэнат таксама прапанаваў новыя санкцыі супраць ключавых сэктараў расейскай эканомікі: горназдабываючай прамысловасьці, мэталюргіі, марскога і чыгуначнага транспарту. Канкрэтны сьпіс кампаніяў, у дачыненьні да якіх прапануецца ўвесьці абмежаваньні па прыцягненьні крэдытаў, будзе вызначаны міністэрствам фінансаў ЗША.

Новыя абмежаваньні таксама закрануць інвэстыцыі ў расейскія экспартныя нафта-і газаправоды. Пад санкцыі могуць патрапіць інвэстары, якія ўкладуць у галіну больш за мільён даляраў (больш за пяць мільёнаў за 12 месяцаў). Таксама пашыраецца забарона на дапамогу ў распрацоўцы шэльфавых радовішчаў, цяпер падтрымку нельга аказваць і прыватным кампаніям, доля ў якой належыць асобе з санкцыйнага сьпісу.

Таксама Сэнат прапануе вывучыць магчымы эфэкт ад увядзеньня поўнай забароны на інвэстыцыі ў расейскія сувэрэнныя даўгавыя паперы: эўрабонды і аблігацыі фэдэральнай пазыкі (АЭП). Цяпер, па дадзеных ЦБ РФ, на нерэзыдэнтаў прыпадае траціна усіх інвэстыцый у расейскія АФП. Якая доля гэтых укладаньняў прыпадае на ЗША, Цэнтрабанк не раскрывае.

Даклад аб блізкім крузе Пуціна

Сэнат хоча абавязаць міністэрства фінансаў, дзярждэпартамэнт і дырэктара Нацыянальнай выведкі на працягу 180 дзён пасьля прыняцьця паправак даць даклад аб высокапастаўленых палітыках і блізкіх да рэжыму алігархаў Расеі. Аўтары дакладу павінны будуць прааналізаваць сувязь гэтых людзей з Пуціным, апісаць прыкметы карупцыі, прааналізаваць даходы, фінансавы стан і інвэстыцыі бізнэсоўцаў з атачэньня прэзыдэнта. Акрамя таго, трэба выявіць замежнікаў, якія ўваходзяць у набліжаны круг.

У гэтым жа дакладзе прапануецца вывучыць расейскія ключавыя кампаніі з дзяржаўным удзелам, іх ролю ў эканоміцы краіны, а таксама магчымыя наступствы ўвядзеньня санкцыяў супраць гэтых кампаніяў і алігархаў. Гэты даклад прапануецца апублікаваць у адкрытым доступе з магчымымі ўстаўкамі пад грыфам сакрэтнасьці.

Ва ўступным слове сэнатар Майк Крапа распавёў, што камітэты па банках і замежных справах вывучылі ўплыў абмежаваньняў на палітыку і эканоміку Расеі і прыйшлі да высновы, што «расейцы прызвычаіліся жыць пад санкцыямі». «Для Пуціна эканамічныя страты ад санкцыяў не перавышаюць перавагі ад акупацыі Крыму, беспарадкаў ва Ўкраіне, кібэратакі на ЗША і падтрымкі Асада», — патлумачыў палітык.

Верагоднасьць прыняцьця паправак

Новыя папраўкі ў Сэнаце былі ўхваленыя прадстаўнікамі абедзьвюх партыяў і, як чакаецца, дакумэнт павінен лёгка прайсьці галасаваньне ў Палаце прадстаўнікоў. Пасьля гэтага, каб стаць законам, яго павінен падпісаць прэзыдэнт. Дзяржсакратар Рэкс Тылерсан сказаў, што Белы дом вывучае дакумэнт і зыходзіць з таго, што ў прэзыдэнта павінная заставацца «гнуткасьць для падвышэньня ціску на Расею».

Сэнатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм выказаў упэўненасьць, што нават калі Трамп не падпіша законапраект, Кангрэс зможа набраць дастатковую колькасьць галасоў для пераадоленьня прэзыдэнцкага вета.

Новыя папраўкі могуць выклікаць «незвычайнае супрацьстаяньне» паміж Кангрэсам і адміністрацыяй, адзначае WSJ. Нягледзячы на тое, што Трамп выказваў гатоўнасьць захаваць накладзеныя пры Абаме санкцыі, новы пакет прыкметна абмяжуе яго магчымасьці, адзначае выданьне. Адміністрацыя Трампа пакуль ніяк не камэнтавала новыя папраўкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG