Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь дасьць перасяленцам з Украіны бясплатную мэдычную дапамогу і спросьціць працэдуру зьвяртаньня па абарону


Чарга ў паліклініцы, архіўнае фота
Чарга ў паліклініцы, архіўнае фота

У Беларусі ад 1 ліпеня набудзе сілу новая рэдакцыя закону аб вымушанай міграцыі, якая спросьціць працэдуру зьвяртаньня па абарону і палепшыць умовы атрыманьня мэдычнай дапамогі, перадае БелаПАН. Дарослыя перасяленцы з Украіны, чый зварот будзе задаволены, змогуць атрымліваць мэдычную дапамогу бясплатна — раней гэта тычылася толькі дзяцей.

Пра такія зьмены паведаміў на прэс-канфэрэнцыі прадстаўнік Упраўленьня вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў Жан Іў Бушардзі. Ён заявіў, што Ўпраўленьне разьлічвае на падтрымку ў далучэньні Беларусі да канвэнцыяў ААН па «безграмадзянстве» і на далейшае ўдасканаленьне беларускага заканадаўства аб уцекачах.

«Статусу ўцекачоў не прасілі, каб не згубіць свабоду», — украінская сямʼя з Акцябрскага раёну

Грамадзяне Ўкраіны складаюць каля 80% ад тых, хто зьвяртаўся па абарону ў Беларусі цягам апошніх трох гадоў. На канец 2016-га па абарону зьвярнуліся 778 чалавек, у 2015-м зьвярталіся 1200. Беларускія ўлады і асабіста Аляксандар Лукашэнка кажуць, што ў Беларусі нібыта 150–160 тысяч уцекачоў з Украіны, але столькі чалавек зьвярталіся сумарна па часовы або пастаянны від на жыхарства.

Бушардзі таксама заклікаў беларусаў падпісаць пэтыцыю салідарнасьці з уцекачамі, якую ААН запусьціла супольна з футбольным клюбам «Барсэлёна».

У Беларусі агучаныя пляны збудаваць цэнтар часовага ўтрыманьня нелегальных мігрантаў у межах праекту міжнароднай тэхнічнай дапамогі, на які выдзяляецца 7 млн эўра. У цэнтры таксама будуць разьмяшчаць людзей, якія маюць намер зьвярнуцца ў Беларусі па міжнародную абарону.

Тым часам зьвяртаньне па палітычны прытулак у Беларусі не гарантуе, што чалавека ня вышлюць за мяжу ў той жа дзень: так адбылося з чачэнскім спартоўцам Мурадам Амрыевым, нягледзячы на заявы пра тое, што ў Расеі яму можа пагражаць расправа. З 2004 па 2016 год Беларусь атрымала 73 заяўкі на прытулак ад грамадзянаў Расейскай Фэдэрацыі, ніводная заява не была задаволеная ні ў якай форме.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG