Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН: колькасьць уцекачоў у сьвеце пабіла рэкорд


Паводле ААН, колькасьць уцекачоў, якія просяць прытулку, і ўнутрана перамешчаных асобаў у сьвеце па выніках 2016 года дасягнула рэкорднага паказьніку — 65 мільёнаў 600 тысяч чалавек.

Гэта на 300 тысяч чалавек больш, чым у 2015 годзе, гаворыцца ў дакладзе, апублікаваным у панядзелак на сайце ўпраўленьня ААН у справах уцекачоў.

У сярэднім летась штохвіліну 20 чалавек пакідалі свае дамы, гэта значыць па адным чалавеку кожныя тры сэкунды, адзначылі экспэрты ААН.

Большасьць уцекачоў — пяць з паловаю мільёнаў чалавек — прыбываюць з Сырыі. Акрамя таго, складальнікі дакладу зьвяртаюць увагу на рост напружанасьці ў Паўднёвым Судане, які ў сувязі з эскаляцыяй ваеннага канфлікту летась пакінулі амаль 800 тысяч чалавек.

Днямі кіраўнік упраўленьня ААН у справах уцекачоў Філіпа Грандзі заклікаў сусьветную супольнасьць павялічыць колькасьць месцаў для расьсяленьня ўцекачоў у 13 разоў. Паводле яго, у расьсяленьні цяпер маюць патрэбу больш за адзін мільён чалавек.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG