Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Францыя і Эўропа Эманюэля Макрона


На гэты момант вядомыя толькі самыя папярэднія вынікі другога туру парлямэнцкіх выбараў у Францыі. Але нават яны даюць магчымасьць зрабіць некаторыя высновы.

Паводле гэтых папярэдніх дадзеных, партыя «Наперад, Рэспубліка» прэзыдэнта Макрона разам з саюзьнікамі атрымала ад 355 да 425 месцаў з 577 у Нацыянальным сходзе. Правыя рэспубліканцы атрымаюць 125 мандатаў, сацыялісты, пераможцы мінулых парлямэнцкіх выбараў — 49, «Нацыянальны фронт» Марын Лё Пэн — 8 (была абраная і сама кіраўнічка партыі).

Вынік «Наперад, Рэспубліка» крыху больш сьціплы, чым прагназаваўся пасьля першага туру, вынікі канкурэнтаў прэзыдэнцкай партыі крыху лепшыя, чым прагназавалася тыдзень таму, але па сутнасьці прагнозы спраўдзіліся.

Партыя прэзыдэнта атрымала аглушальную, трыюмфальную перамогу. Зразумела, для фармаваньня ўраду ёй непатрэбна ніякай кааліцыі, яна мае пераканаўчую большасьць. На першы погляд, прэзыдэнт можа рабіць усё, што хоча.

Але гэта толькі на першы. Выбары 18 чэрвеня прынесьлі яшчэ адзін рэкорд — на іх была самая нізкая яўка за ўсе гады Пятай рэспублікі. Увечары, у 5 гадзінаў, за 3 гадзіны да завяршэньня галасаваньня, яна склала ўсяго 35%. Нават тыдзень таму на гэты час яна была крыху большай. Хутчэй за ўсё агулам і у гэтую нядзелю арытмэтычная большасьць францускіх выбарнікаў не пайшла да скрыняў для галасаваньня.

Што вынікае з гэтых лічбаў, а таксама з заяваў сапраўднага пераможцы і прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў — Эманюэля Макрона?

Для Францыі

Нізкая яўка — сьведчаньне недаверу значнай часткі насельніцтва айчыннай палітычнай сыстэме як такой.

1. Навідавоку глыбокі крызіс палітычнай сыстэмы — так шмат галасоў у нармальнай, звычайнай сытуацыі не аддаюць адной палітычнай сіле, тым больш сіле, па сутнасьці — «кату ў мяху». Значная частка сьпісу «Наперад, Рэспубліка» была сфармаваная літаральна напярэдадні выбараў.

Нізкая яўка — сьведчаньне недаверу значнай часткі насельніцтва айчыннай палітычнай сыстэме як такой.

2. Макрону давядзецца дзейнічаць неадкладна. Нямалая частка грамадзтва ўсё ж паверыла яму, паверыла, як мэсіі. Такі велізарны давер складана, калі наагул магчыма, апраўдаць. Раней ці пазьней прыйдзе расчараваньне. А французы — народ, які гатовы пратэставаць супраць той палітыкі, за якую зусім нядаўна галасавалі. Макрону давядзецца дзейнічаць, каб апярэдзіць гэта, каб запусьціць рэформы, якія ён хоча, каб іх не падарвала хваля расчараваньня.

Для Эўропы

3. Такая пераканаўчая перамога хутчэй за ўсё аслабіць антымігранцкія сілы ў Заходняй Эўропе. На выбарах у Нямеччыне ў верасьні «Альтэрнатыва для Нямеччыны» можа ў выніку рэха ад францускіх выбараў наагул ня трапіць у бундэстаг.

Макрон выступаў за стварэньне ўраду зоны эўра, за ўтварэньне супольнага бюджэту эўразоны.

4. Аднак цэнтрабежныя сілы ў іншых рэгіёнах Эўропы могуць наадварот умацавацца. Макрон ужо заявіў, што краіны, якія адмаўляюцца прымаць уцекачоў па квоце ЭЗ, павінныя быць пакараныя — Вугоршчына, Чэхія, Польшча. Калі ён будзе на гэтым настойваць, то розныя думкі пра -эксыты могуць запанаваць у краінах-чальцах Зьвязу ў Цэнтральнай Эўропе. Для іх францускае галасаваньне — ніякі ня прыклад і ня ўзор. На ўсходзе Эўропы наконт мігрантаў існуе даволі сталы кансэнсус — што іх ня трэба. А таму ціск на іх, патрабаваньне браць на сябе агульны мігранцкі цяжар можа выклікаць рэзкую рэакцыю. Так што прынамсі канфлікты, калі не цэнтрабежныя тэндэнцыі на ўсходзе ЭЗ могуць узмацніцца менавіта з прычыны аглушальнага посьпеху Макрона і яго партыі.

Ён ня будзе надта сябраваць з Расеяй, хутчэй за усё будзе працягваць цяперашнюю палітыку яе стрымліваньня

5. Макрон хутчэй за ўсё паспрабуе зрабіць крокі да новай мадэлі Эўразьвязу — «Зьвязу дзьвюх хуткасьцяў». Гэта азначае выдзяленьне ў саюзе ядра, злучанага больш шчыльнымі сувязямі і пэрыфэрыі. Макрон выступаў за стварэньне ўраду зоны эўра, за ўтварэньне супольнага бюджэту эўразоны.

Ня ўсе гэтыя ідэі падзяляюць, не ва ўсім зь імі згодная нават Нямечычына. Але спрабаваць рабіць крокі ў гэтым кірунку францускі лідэр будзе.

Для Беларусі

6. Для Беларусі посьпех самога Макрона і макронаўцаў мала што мяняе. Палітыка магла б зьмяніцца, калі б перамагла Лё Пэн. А так хутчэй за ўсё ніякіх асаблівых ініцыятываў чакаць ня варта. Макрон у сваёй выбарчай кампаніі не выказваў асаблівага імпэту наконт прасоўваньня па ўсім сьвеце каштоўнасьцяў дэмакратыі і зьмены аўтарытарных рэжымаў. Ён ня будзе надта сябраваць з Расеяй, хутчэй за усё будзе працягваць цяперашнюю палітыку яе стрымліваньня. Зь іншага боку, наўрад ці ён будзе ініцыяваць амбітныя праекты вываду блізкіх да Расеі краінаў са сфэры яе ўплыву. Ускоснае пацьверджаньне таго — рашэньне новай адміністрацыі ЗША працягнуць санкцыі адносна Беларусі, накладзеныя яшчэ адміністрацыяй Джорджа Буша-малодшага. Нягледзячы на ўсе адрозьненьні Трампа ад Абамы, Трамп зрабіў адносна Беларусі тое ж, што рабіў Абама восем гадоў свайго кіраваньня — працягваў лінію папярэдніка. Чаму Макрон стане паводзіць сябе інакш, якія рэсурсы ён мае для гэтага?

Для Беларусі посьпех самога Макрона і макронаўцаў мала што мяняе.

7. Цікавасьць новага прэзыдэнта Францыі могуць выклікаць хіба што пляны стварыць новы фармат працэсу ўрэгуляваньня ва Ўкраіне, нейкі Менск-3. На магчымасьць гэтага празрыста намякнуў дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан. Фармальна Францыя зьяўляецца гарантам цяперашніх менскіх пагадненьняў, але плён ад іх невялікі, адно тое, што няма шырокамаштабных баёў у Данбасе, да таго ж, галоўным гульцом з боку Захаду у гэтых пагадненьнях была і ёсьць Нямеччына. Магчыма, Парыж Макрона і зацікавіў бы нейкі іншы, новы фармат, скажам, з удзелам ЗША. Чакаць асабліва плёну ад гэтага не выпадае, але прэстыжныя выгады для Парыжу ад гэтага магчымыя. Усё ж практычна аніякай асаблівай ролі Парыж Алянда ў менскім працэсе не адыгрываў. Новая форма можа зьмяніць разьмеркаваньне роляў. А дзе гэтае новае пагадненьне, калі яно зьявіцца, будзе заключанае — можа быць і ізноў у Менску.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG