Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым абумоўлены аглушальны посьпех на выбарах партыі прэзыдэнта Макрона? Ці можна чакаць сюрпрызаў ад другога туру? Як францускія парлямэнцкія выбары паўплываюць на нямецкія верасьнёўскія выбары?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць францускі палітоляг, дацэнт варшаўскага Collegium Civitas​ Анаіс Марэн і экспэрт Нямецкага фонду Маршала Марына Рахлей. Вядзе перадачу Юры Дракахруст.

Частка 1

Частка 2

Прапануем вам тэкст перадачы ў скароце.

Дракахруст: Партыя прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона «Наперад, рэспубліка» у выніку парлямэнцкіх выбараў можа атрымаць абсалютную большасьць у Нацыянальным сходзе. У ім 577 месцаў. Кандыдаты ад «Наперад, рэспубліка» выйшлі ў другі тур больш чым у 400 акругах. У цэлым па краіне кандыдаты партыі Макрона і іх саюзьнікі атрымалі каля 32% галасоў, амаль удвая апярэдзіўшы найбліжэйшых супернікаў — правую партыю «Рэспубліканцы». Праваліўся крайне правы «Нацыянальны фронт», які набраў толькі каля 14% галасоў. У другі тур прайшлі лічаныя адзінкі кандыдатаў ад Фронту. Яшчэ менш галасоў набралі сацыялісты, якім у папярэднім скліканьні парлямэнта належала большасьць. У Францыі мажарытарная сыстэма выбараў, наперадзе другі тур, так што калі кандыдат прайшоў у другі тур, гэта яшчэ не азначае, што ён стаў дэпутатам. Ці можа ён прынесьці нейкія сюрпрызы, зьмяніць расклад, які вызначыў першы тур?

Марэн: Я ня думаю, што будуць сюрпрызы. Ёсьць прагнозы пераносу галасоў, яны кажуць, што «Наперад, рэспубліка» атрымае больш за 400 месцаў.

Анаіс Марэн
Анаіс Марэн

Дракахруст: Кіраўніцтва Нямеччыны ўжо павіншавала спадар Макрона з посьпехам. На ваш погляд, што азначае для Францыі і для Эўропы такая сытуацыі з фактычна аднапартыйным францускім парлямэнтам?


Рахлей: Сацыялісты кажуць, што ў новым парлямэнце Францыі ня будзе рэальнай апазыцыі. Нямецкі ўрад будзе рады моцнай Францыі. Макрон атрымаў крэдыт даверу, каб правесьці абяцаныя рэформы.

Марына Рахлей
Марына Рахлей


Дракахруст: Партыя «Рэспубліка, наперад» была створаная цяперашнім прэзыдэнтам Эманюэлем Макронам усяго год таму. Чаму яна паказала такі фантастычна высокі вынік, хай пакуль і адносны, на цяперашніх парлямэнцкіх выбарах? Партыя набрала ўчора больш, чым яе лідэр у першым туры прэзыдэнцкіх выбараў. Вынік аказаўся — ледзь не канстытуцыйная большасьць. Чаму, за кошт чаго? Ці былі такія прэцэдэнты, калі год таму няісная арганізацыя робіцца адразу чэмпіёнам? Даводзілася чытаць, што ў 1958 годзе, калі да ўлады вярнуўся Дэ Голь, тады таксама партыя, створаная пад яго, таксама атрымала нечакана шмат, але менш, чым цяпер партыя Макрона.

Макрон знайшоў кандыдатаў па-за межамі істэблішмэнту.

Марэн: Макрон знайшоў кандыдатаў па-за межамі істэблішмэнту. Гэта людзі, якія ніколі ня ўдзельнічалі ў палітыцы, іх ня ведаюць выбарнікі, два тыдні таму яны самі ня ведалі, што яны будуць балятавацца.

Французы хочуць даць Макрону магчымасьць рэалізаваць яго праграму. Але французы такі народ, што праз паўгоду яны могуць выйсьці на плошчу і на страйк супраць рэформаў, за якія яны ўчора прагаласавалі.

Людзі расчараваныя ў палітыцы Пятай рэспублікі.

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Дракахруст: Марына, а як гэта выглядае зь Нямеччыны? Калі глядзець на нямецкую пасьляваенную палітыку, то у ёй таксама здараліся цуды — адыходзіла ў цень лібэральная партыя, зьяўлялася на палітычнай арэне партыя новых левых, вось у апошнія гады набыла пэўную вагу крайне правая «Альтэрнатыва для Нямеччыны». Але як пасьля вайны паўсталі два слупы — хрысьціянскія дэмакраты і сацыял-дэмакраты, так яны галоўнымі слупамі і застаюцца. Ці ў Вялікабрытаніі — кансэрватары і лейбарысты, таксама два слупы. А ўсе астатнія — дадатак да іх. І як выглядае Францыя, якая непадобная ў гэтым сэнсе ані на Нямеччыну, ані на Брытанію?

Рахлей: Папулярнасьць Макрона такая, што журналісты жартуюць — ці можа ён хадзіць па вадзе.

У адрозьненьні ад Нямеччыны ці Вялікабрытаніі пасьля крызісу 2008 году ў Францыі назіраецца вельмі слабы эканамічны рост. Сярод моладзі кожны чацьверты — беспрацоўны.

У клясычных элітаў не было рашучасьці рабіць неабходныя рэформы.

Дракахруст: Што зможа рабіць Макрон, чаго хацеў бы, але ня мог бы, калі б перавага яго партыі не была такой істотнай? Атрымаўшы такую перавагу ў парлямэнце, што ён будзе рабіць? Зразумела, што гэта не раздача пернікаў, напэўна, гэта нейкія ня надта папулярныя меры. А тое, што вы кажаце, што людзі могуць выйсьці на вуліцу, дык здаецца ўва Францыі пакуль ніхто не адмяняў.

Марэн: Калі ў Марона будзе канстытуцыйная большасьць, ён можа ініцыяваць зьмены ў Канстытуцыю. Аля мяркую, што ён гэтага рабіць ня будзе.

Ён хоча зрабіць зьмены хутка, нягледзячы на вынікі выбараў у Нацыянальны сход, ён сказаў, што будзе пачынаць рэформы сваімі ўказамі ўжо гэтым летам, калі дэпутаты будуць у адпачынку.

Дракахруст: Куды падзелася француская лявіца? На працягу многіх дзесяцігодзьдзяў, можна сказаць, нават стагодзьдзяў, гэта была магутная і палітычная і інтэлектуальная плынь у Францыі. На мінулых парлямэнцкіх выбарах сацыялісты атрымалі 331 месца ў нацыянальным сходзе, яны мелі большасьць. На сёлетніх выбарах яны, калі ім пашанцуе, атрымаюць які дзесятак мандатаў. Куды падзеліся левыя выбаршчыкі? Да Мэляншона, да Лё Пэн? Ці левы электарат таксама падабраў двухаблічны Макрон, які і левы, і правы?

Марэн: Як сказала Лё Пэн, сацыялістычная партыя ўжо мёртвая. Гэта будзе ня вельмі добра, калі апазыцыі ў парлямэнце не будзе.

Куды падзеліся левыя? Ня думаю, што да Лё Пэн. Часткова да Меляншона — так. Часткова сапраўды да Макрона.

Да таго ж большасьць людзей левых перакананьняў проста не пайшлі на гэтыя выбары. Яўка была вельмі нізкай.

Галоўны пераможца гэтых выбараў — гэта няяўка.

Дракахруст: Чаму на выбарах у Францыі была такая рэкордна нізкая яўка — каля 50%? У другім туры прэзыдэнцкіх выбараў 7 траўня яўка склала 75%, на траціну больш. У першым туры — 77%. Чаму на парлямэнцкіх такая нізкая яўка?

Гэта ў нечым, хаця і на іншым узроўні, падобна на беларускую сытуацыю. Прэзыдэнцкія выбары — гэта выбары «бацькі», а парлямэнцкія — немаведама што. Так разважаюць прынамсі многія беларусы. У Беларусі заўсёды яўка на прэзыдэнцкія выбары была вышэй, чым на парлямэнцкія. Гэта вынік пэўнага патрыярхальнага, патэрналісцкага погляду на палітыку. Дык што — ў французаў завёўся «бацька»-Макрон?

Рахлей: Агульны напрамак быў вызначаны ўжо абраньнем Макрона, таму вялікая частка выбаршчыкаў проста не пайшлі на выбары.

Была і агульная стома, ўсяго месяц таму прайшлі прэзыдэнцкія выбары. Парлямэнцкія выбары ўсё ж менш важныя, чым прэзыдэнцкія, хаця і ня так, як у Беларусі.

Партыя Макрона мае падтрымку 33%, а яго праграма — толькі 15%.

Дракахруст: Анаіс, а як бы вы патлумачылі гэты разрыў — 77%, 75% і ўсяго 50%. Ці ня робіцца ў такім поглядзе на палітыку прэзыдэнт нейкай рэінкарнацыяй караля?

Марэн: Гэта так і ёсьць. Праз Дэ Голя гэта было закладзена ў інстытутах Пятай рэспублікі, яе часам называюць электаральнай манархіяй. І яўка на парлямэнцкія выбары традыцыйна ніжэй, чым на прэзыдэнцкія.

Яўка на ўзроўні 50% шмат каго непакоіць, бо легітымнасьць парлямэнта, за які не галасавала палова выбаршчыкаў ня надта высокая.

Дракахруст: Мы пакуль можам казаць толькі пра вынікі першага туру францускіх парлямэнцкіх выбараў. Аднак тым ня менш, што можна сказаць пра іх уплыў на яшчэ адны важныя выбары — выбары ў бундэстаг у Нямеччыне, якія адбудуцца ў верасьні? Ці там больш важная ўнутраная нямецкая дынаміка — хрысьціянскія дэмакраты нядаўна выйгралі мясцовыя выбары ў трох землях. Зьмяніўшы ранейшую расстаноўку сілаў у гэтых землях. Ці вынікае з гэтага, што спадарыня Мэркель на ўсіх парах ідзе ізноў да пасады канцлера і спыніць яе нічога ня можа? Ці жыцьцё можа падкінуць нечаканасьці?

Рахлей: Моцная Францыя — гэта таксама і выклік для Бэрліну, гэта партнэр, зь якім давядзецца дамаўляцца і шукаць кампрамісу.

Турбулентнасьці, выкліканыя праблемай уцекачоў, супакоіліся і вярнулі Мэркель і яе партыю на ўзровень рэйтынгу 38%. А сацыял-дэмакраты апусьціліся на ўзровень рэйтынгу 24%.

Мэркель будзе пераабраная, але пакуль цяжка сказаць, зь якім вынікам. Выбары ў Нідэрляндах і Францыі могуць паўплываць на нямецкія выбары такім чынам, што папулісты з партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» не набяруць нават 5% і наагул ня трапяць у бундэстаг.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG