Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рымашэўскі: Амрыеў і незалежнасьць Беларусі этапаваныя адным аўтамабілем


Віталь Рымашэўскі, архіўнае фота
Віталь Рымашэўскі, архіўнае фота

Мурад Амрыеў і незалежнасьць Беларусі этапаваныя ў Расею на адным аўтамабілі. Так пракамэнтаваў сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі высылку чачэнскага спартоўца Мурада Амрыева, які заяўляў пра катаваньні ў паліцыі Чачэніі з прычыны кроўнай помсты пакрыўджанага сілавіка.

«Выдача беларускімі ўладамі Мурада Амрыева чачэнскім сілавікам — ганебны ўчынак, які ня толькі парушае правы чалавека, але і прыніжае Рэспубліку Беларусь. Фактычна Мурада вывезьлі на катаваньні і сьмерць у Чачэнію, груба парушылі як беларускае, так і міжнароднае заканадаўства. На жаль, выкананьня правоў чалавека ад беларускіх уладаў даўно ніхто не чакае», — сказаў палітык.

Ён нагадаў: Амрыеў пасьпеў расказаць праз журналістаў, што прасіў у Беларусі палітычнага прытулку. Да ўладаў зьвярталіся праваабаронцы і сваякі затрыманага. Аднак беларускія ўлады звароты праігнаравалі.

«Такім чынам, увесь сілавы блёк Беларусі спрацаваў не як структура незалежнай краіны, але як сілавыя ведамствы расейскага рэгіёну. Бо любая незалежная краіна хаця б фармальна мусіць разгледзець хадайніцтва аб наданьні палітычнага прытулку, і толькі пасьля адмовы — высылаць чалавека з краіны», — перакананы Віталь Рымашэўскі.

Ён таксама адзначыў, што беларускі ўрад праігнараваў зварот уплывовай міжнароднай праваабарончай арганізацыі Freedom House, якія выпусьціла заяву ў сувязі зь перасьледам байца ММА Мурада Амрыева, а яе віцэ-прэзыдэнт Робэрт Герман заклікаў кіраўніцтва Беларусі прызнаць, што запыт Чачні аб экстрадыцыі Амрыева грунтуецца на абсалютна выдуманым абвінавачаньні ў падробцы дакумэнтаў і што ёсьць рызыка, што Амрыева забʼюць.

Амрыеў уцёк з Чачэніі ў 2013 годзе, пасьля таго як быў затрыманы і перанёс катаваньні ў паліцыі з прычыны канфлікту паміж ягоным братам і чачэнскімі ўладамі. Супраць экстрадыцыі існуюць важкія довады, у тым ліку тое, што чачэнскія ўлады сыстэматычна парушаюць закон.

«Мяркую, што выдача Амрыева Беларусьсю будзе адназначна ацэнена як саўдзел беларускіх уладаў у перасьледзе і парушэньні правоў. А імя Аляксандра Лукашэнкі зьявіцца ў справаздачах эўрапейскіх праваабарончых арганізацый побач зь імем Рамзана Кадырава. І гэта далёка ня тое, што паспрыяе наладжваньню стасункаў Беларусі з Захадам. Да таго ж на ўвесь сьвет яшчэ раз прадэманстравана прававое „бязьмежжа“ беларускай сыстэмы. Амрыеў у засьценках беларускіх сілавых структураў трапіў у абставіны, якія чакаюць любога затрыманага беларуса — поўная ізаляцыя ад зьнешняга сьвету, немагчымасьць патэлефанаваць, зьвязацца з адвакатам, поўнае ігнараваньне запытаў», — заключыў сустаршыня БХД.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG