Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стэфановіч: Адказнасьць за далейшы лёс Амрыева кладзецца і на беларускіх службоўцаў


Валянцін Стэфановіч

Праваабаронца цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч пракамэнтаваў перадачу Мурада Амрыева расейскім спэцслужбам, а далей — чачэнскай паліцыі. У выніку, мяркуе ён, існуе пагроза жыцьцю спартоўца.

Сярод іншага спадар Стэфановіч адзначыў факт перашкоды аказаньню прававой дапамогі Амрыеву:

«Аказаньне прававой дапамогі на тэрыторыі Беларусі гарантаванае ўсім — замежным грамадзянам у тым ліку. Тым ня менш адвакат да яго дапушчаны ня быў, — кажа праваабаронца. — Яму не былі патлумачаныя магчымасьці атрыманьня прытулку ў Беларусі, хоць ён заяўляў пра такое жаданьне. Яго трымалі ў кайданках. Яму не давалі ні асадкі, ні паперы — ён ня мог напісаць заяву. Гэта ганебны крок з боку беларускіх уладаў. І ўся адказнасьць за здароўе і далейшы лёс Амрыева цалкам кладзецца і на службовых асобаў Рэспублікі Беларусь, якія дапусьцілі перадачу гэтага чалавека расейскім спэцслужбам».

Чэмпіён сьвету па баях бяз правілаў Мурад Амрыеў пасьля затрыманьня 7 чэрвеня на беларуска-ўкраінскай мяжы быў дастаўлены ў Добрускі РАУС, дзе прабыў увесь дзень 8 чэрвеня.

Як кажа адвакат затрыманага Пётра Заікін, у ноч на 9 чэрвеня спартоўца пад узброенай аховай вывезьлі ў Гомель і неўзабаве перадалі прадстаўнікам ФСБ і МУС Расеі. Перадача адбылася ў вёсцы Харашоўка на Гомельшчыне, на мяжы з Расеяй. Пазьней, як стала вядома, Амрыева затрымалі супрацоўнікі чачэнскай паліцыі.

Спартовец раней паведамляў пра пагрозы кроўнай помсты ў Чачні.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG