Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларусы не камандная нацыя


Алег Дашкевіч
Алег Дашкевіч

Нядаўні чэмпіянат сьвету па тайскім боксе ў Менску, дзе беларусы атрымалі першае месца (ажно дваццаць мэдалёў!), нібы чарговы раз нагадаў, што беларускі спорт найбольш пасьпяховы ў індывідуальных відах. Не ў камандных.

За ўвесь час існаваньня беларускага спорту можна прыгадаць толькі адну каманду, якая карысталася народнай любоўю і стала паказвала высокі міжнародны клас — гандбольны СКА Спартака Мірановіча. Нават футбольнае «Дынама», пры ўсёй народнай любові, ня мела гульні такой якасьці, ня кажучы пра міжнародныя дасягненьні.

Беларусь краіна не камандная, і, да жалю, не адно ў спорце. Напэўна, такі наш гістарычны лёс і нацыянальны характар.

Беларусы, як вядома, ня надта схільныя да калектывізму, таму найлепш рэалізоўваліся ў індывідуальным рэжыме, дзе ты залежыш пераважна ад сябе самога.

Адна з прычынаў гэтага, думаю, у адсутнасьці разуменьня, што такое каманда ўвогуле, тым больш, калі гэта тычыцца нацыянальнага праекту.

Нашы геаграфічныя суседзі па СССР мелі такія ўнівэрсальныя нацыянальныя каманды, якія натхнялі й натхняюць нацыю. Спорт гэта выдатна ілюстраваў.

Скажам, баскетбольны ковенскі «Жальгірыс» у літоўцаў, футбольнае «Дынама» ва ўкраінцаў, нават хакейнае рыскае «Дынама» ў латышоў былі, што называецца, намоленымі камандамі.

«Каманда — кола сваіх людзей, якія маюць агульную мэту, — кажа спартовая энцыкляпэдыя практычнай псыхалёгіі. — Стыль каманды — гэта давер і супрацоўніцтва. Галоўныя прынцыпы каманднага ўзаемадзеяньня: “Людзям можна давяраць, людзі могуць дапамагаць”. Па іншаму: “Адзін за ўсіх, усе за аднаго”. У арганізацыі, выбудаванай як каманда, інтарэсы кіраўніцтва і супрацоўнікаў — агульныя. Кіраўнік і супрацоўнікі — ня ворагі».

Памятаю матч рыжанаў з усемагутным хакейным ЦСКА ў сярэдзіне 1980-ых, калі латышы выйгралі 6 — 5, прычым у рыжанаў усе шайбы забіў Хельмут Балдэрыс, які толькі-толькі вырваўся з абцугоў ЦСКА на радзіму.

Характэрная рэч — Балдэрыс ірваўся дамоў, у Рыгу з Масквы, дзе былі найлепшыя ўмовы й жалезнае месца ў зборнай.

У нас звычайна ад такіх умоў дадому ня рваліся ні гульцы, ні трэнэры. Малафееў пасьля трыюмфу 1982 году неўзабаве апынуўся ў Маскве.

Думаю, што адсутнасьць нутранога пачуцьця свайго дому не дазволіла беларусам займець сваю ўнівэрсальную каманду, якую яны, на жаль, так і ня вызначылі.

Ні СКА, ні футбольнае «Дынама», ні пагатоў хакейнае, унівэрсальнай нацыянальнай камандай для нас ня сталі. Чагосьці ўвесь час не хапала.

Якасна працаваць у калектыве аднадумцаў і мець высокаклясную й канкурэнтаздольную каманду — прызнак сталасьці й самадастатковасьці народа.

Палітычнай камандзе першага прэзыдэнта народ нібыта верыў. Але час няўмольна бяжыць наперад.

Лукашэнка на нядаўняй хакейнай нарадзе параўнаў хакей-футбол з ідэалёгіяй, ледзь не з нацыянальнай ідэяй.

Ён бачыць, што таго даверу, які нібыта быў у далёкім 1994 годзе, ужо даўно няма, як няма і ў яго даверу да народу. І вось ён з дапамогай хакея спрабуе яго вярнуць ці хоць бы неяк кампэнсаваць, прымяраючы на ролю ўнівэрсальнай каманды то нацыянальную хакейную зборную, то выцягнутае зь небыцьця хакейнае «Дынама».

Але слова ідэалёгія зусім іншае якасьці ад слова давер. Людзей не падманеш, ніякай унівэрсальнай каманды не атрымліваецца. Ні ў хакеі, ні ў палітыцы.

Згаданы вышэй менскі СКА быў закладзены ў 1976 годзе, у эпоху Пятра Машэрава, які, мабыць, ведаў сэнс слова каманда, што гэта за інструмэнт і як ім трэба карыстацца. У той жа час атрымалі імпульс да разьвіцьця хакейнае й футбольнае «Дынама», баскебольны РТІ.

Быўшы сам харызматычным лідэрам, Машэраў стварыў сваю палітычную каманду з партызанскіх сяброў, якім давяраў і якіх быў здольны слухаць, і гэтым толькі пацьвердзіў сваё глыбокае разуменьне каманднай гульні ў канкурэнтным асяродку.

Сёньня што ў хакеі, што ў палітыцы ў нас відавочны крызіс. Галоўная задача — ня вылецець у ніжэйшую лігу. Але далейшая пасьпяховая рэалізацыя нацыянальнага праекту пад назвай Беларусь — справа выключна каманднае гульні, заснаванай на галоўным прынцыпе ўнівэрсальнай каманды — даверы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG