Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Япіскап Бэнэдыкт Алексійчук: Беларусь і Ўсходняя Ўкраіна мелі аднолькавыя стартавыя ўмовы, а вынікі — несувымерныя


Япіскап Бэнэдыкт Алексійчук.

Былы полацкі грэка-каталіцкі сьвятар, япіскап Бэнэдыкт Алексійчук прызначаны кіраўніком найвялікшай у сьвеце каталіцкай япархіі ў Чыкага. З нагоды прызначэньня япіскап даў інтэрвію Беларускай службе Радыё Свабода.

Абламейка: Наколькі вялікая Чыкаская япархія УГКЦ?

Алексійчук: Гэта найбольшая япархія ў Каталіцкай царкве. Гэта ўся тэрыторыя на поўдзень і на захад ад Чыкага аж да Гавайскіх астравоў і ўся Аляска. Вядома, не ва ўсіх штатах ёсьць нашы парафіі, але шмат дзе ёсьць. Так што найвялікшы выклік працы ў гэтай япархіі для мяне — гэта тэрыторыя. Гэта нават ня сотні, але тысячы кілямэтраў.

Абламейка: Вы маеце на ўвазе, што яна найбольшая ва ўсёй Каталіцкай царкве, усіх абрадаў?

Алексійчук: Так, выглядае, што так. Я яшчэ сам гэтае пытаньне не вывучаў, але мае калегі разьбіраліся і сказалі, што гэта найвялікшая паводле тэрыторыі каталіцкая япархія.

Абламейка: А як яна выглядае па колькасьці вернікаў?

Алексійчук: Статыстыка падае некалькі дзясяткаў тысяч вернікаў, але гэта адносная лічба і складанае пытаньне. Колькасьць украінцаў, якія там жывуць, сягае мільёна, а рэлігійнасьць нашых людзей на захадзе вядомая — яны могуць прызнаваць сябе грэка-католікамі, а ходзяць у храм усяго некалькі разоў у жыцьці. Так што тут складаная карціна, калі браць пасіўных і актыўных вернікаў. Наша дыяспара налічвае чатыры хвалі, і гэтыя хвалі — вельмі розныя. Некаторыя ўжываюць украінскую мову ў набажэнствах, некаторыя ангельскую, большасьць выкарыстоўвае дзьве мовы, больасьць жыве паводле Грыгарыянскага календара, але некаторыя і паводле Юльянскага календара. Так што мяне ў гэтай япархіі чакае мультытрадыцыйнасьць і мультымоўнасьць.

Абламейка: Калі вы плянуеце прыступіць да абавязкаў, прыехаць туды?

Алексійчук: 29 чэрвеня мае быць маё пастаўленьне ў япіскапы Чыкаскай япархіі ЎГКЦ, і ўжо ад гэтага часу я буду кіруючым архірэем.

Абламейка: А якія яшчэ выклікі, апрача тэрыторыі, стаяць перад вамі?

Алексійчук: Я ня ведаю той япархіі, быў там адзін раз. Таму для мяне гэта найпершы выклік. Я ведаю толькі тры-пяць сьвятароў адтуль, вернікаў ня ведаю наагул. Знаёмства зойме пэўны час. Ну а пра другі выклік я ўжо сказаў — гэта тэрыторыя.

Абламейка: Які цяпер стан Украінскай Грэка-Каталіцкай царквы, колькі ў сьвеце япархій?

Алексійчук: Усяго мы маем 52 япіскапы, сорак япархій і экзархатаў. Зь іх ва Ўкраіне знаходзяцца 13 япархій і экзархатаў, астатнія за мяжой. Напрыклад, чатыры япархіі ў Канадзе, чатыры ў ЗША, дзьве ў Бразыліі, адна ў Аргентыне, астатнія ў Эўропе і Аўстраліі. Як на мой погляд, наша царква найбольш сабой увасабляе тое, што мы называем Каталіцкаю Ўсяленскаю царквою. Наша царква прысутная на розных кантынэнтах і мы паміж сабой дастаткова камунікуем. У рэальнасьці мы адчуваем сябе ўсяленскай царквою. Япіскапы сустракаюцца на сынодах, прыяжджаюць і сьвятары з-за мяжы ва Ўкраіну і наадварот. Так што мы такая глябальная, па-сапраўднаму Каталіцкая царква.

Абламейка: Ці ўспамінаеце вы пра сваю працу ў Беларусі?

Алексійчук: О, так! Гэта, ведаеце, частка майго жыцьця, якая прайшла ў Беларусі. Я маю адзінае непаўторнае жыцьцё, і 90-я гады ў Беларусі часта і вельмі добра ўспамінаю. Мая праца ў Беларусі працягвалася два з паловай гады. Там я быў і манахам, і пробашчам, і сам сабе архімандрытам, і сам сабе япіскапам, і сам сабе патрыярхам. Апрача таго, я разумею, што тую глябальнасьць, якая мяне чакае ў Амэрыцы, я ўжо перажываў у Беларусі.

Я маю адзінае непаўторнае жыцьцё, і 90-я гады ў Беларусі часта і вельмі добра ўспамінаю. Мая праца ў Беларусі працягвалася два з паловай гады

Я тады жыў з братамі-манахамі ў Полацку. Мы там служылі і ў нядзелі, і ў сьвяты, і кожны дзень. Я таксама даяжджаў у Віцебск, езьдзіў у Гомель да самай украінскай мяжы, у Магілёве часта бываў, таксама езьдзіў і ў Берасьце каля польскай мяжы. Так што я ўжо ведаю гэтае пачуцьцё, калі ты ў падарожжы і служыш у розных месцах. Таму я заўсёды згадваю пра Беларусь як найлепш.

Тады яшчэ не былі ўсталяваныя структуры царкоўныя, будаваліся храмы, будаваліся грамады. Таму я маю мілыя ўспаміны і добрыя пачуцьці з тых часоў. Маю таксама шмат прыемных успамінаў пра людзей і пра супрацоўніцтва зь імі. Я і цяпер маю кантакты зь беларускімі грэка-католікамі.

Абламейка: У Чыкага некалі была беларуская уніяцкая царква, якую ў канцы 80-х ці пачатку 90-х гадоў аддалі румынскім уніятам. Прычына была ў натуральным скарачэньні колькасьці вернікаў. Цяпер там шмат новых эмігрантаў зь Беларусі, ёсьць і грэка-католікі. Ці магчыма вярнуць царкву беларусам, або, напрыклад, пачаць выкарыстоўваць яе разам з румынамі?

Я гатовы паспрыяць, каб там, у Чыкага, паўстала беларуская грэка-каталіцкая грамада. Гэта было б добра і для мяне, я б аднавіў сваю беларускую мову і мог бы служыць для іх. Я быў бы рады служыць для беларусаў

Алексійчук: Я думаю, што трэба на месцы паглядзець, у якім стане ўся справа, як юрыдычна ўсё выглядае, ці перапісалі на румынаў, ці дазволілі карыстацца, або яна наагул была аформлена на каталіцкую япархію. Я думаю, што гэта не было б вялікай праблемай. Калі б была грамада, то можна было б служыць або ў той царкве, або ў адной з украінскіх цэркваў.

Калі мяне прызначылі ў Чыкага, я адразу пачаў цікавіцца гэтым пытаньне і даведаўся, што грамада існуе. Я думаў, што варта было б аднавіць беларускае рэлігійнае жыцьцё ў Чыкага. Але пасьля, калі абазнаўся больш падрабязна, аказалася, што беларуская абшчына ўжо заняпала. Я некалі быў у Канадзе, і там у мяне склаліся вельмі добрыя стасункі зь беларусамі грэка-католікамі ў правінцыі Антарыё, у ваколіцах Таронта. Я добра настроены да гэтай справы, пагляджу, якія абставіны на месцы і што ад мяне будзе патрэбна. Я гатовы паспрыяць, каб там, у Чыкага, паўстала беларуская грэка-каталіцкая грамада. Гэта было б добра і для мяне, я б аднавіў сваю беларускую мову і мог бы служыць для іх. Я быў бы рады служыць для беларусаў.

Абламейка: Чаму, на вашу думку, беларускія грэка-католікі дагэтуль ня маюць япіскапа, а сама царква нават не зарэгістраваная ў Беларусі як агульнанацыянальная арганізацыя? Існуюць толькі асобныя зарэгістраваныя абшчыны.

Алексійчук: Я не магу выказаць нейкай пэўнай думкі на гэты конт, бо недастаткова арыентуюся ў сытуацыі. Але я ўпэўнены, што прычына — геапалітычная, думаю, што вашаму ўсходняму суседу ня надта выгадна, каб грэка-католікі былі ў Беларусі. А сусед гэты мае ўплыў на сытуацыю ў Беларусі. А грэка-католікі, дарэчы, яшчэ ў больш складанай сытуацыі ў самой Расеі. Так што думаю, прычыны геапалітычныя, а не царкоўныя. Ёсьць шмат цэркваў, меншых за Беларускую Грэка-каталіцкую царкву, якія маюць япархіі.

Я думаю, што калі б і ў Беларусі былі створаныя царкоўныя структуры, сытуацыя цяпер была б падобнаю да Ўсходняй Украіны

Калі мяне пытаюць пра Беларусь, я заўсёды згадваю, што меў вопыт працы на Ўсходняй Украіне ў 1992-93 гадах. А пасьля служыў у 1994-96 гадах у Беларусі. Сытуацыя, якая тады была ў Беларусі, была ідэнтычнаю з украінскай. На Ўсходняй Украіне было ўсяго некалькі сьвятароў, не было царкоўнай структуры і ніводнага біскупа. Але наша царква за 20 гадоў крок за крокам аднавіла або стварыла царкоўныя структуры на Ўсходняй Украіне. І вось цяпер там, дзе раней усіх сьвятароў можна было пералічыць на пальцах дзьвюх рук, цяпер мы маем шэсьць біскупаў і ня менш за 200 сьвятароў. І гэта пры тым, што стартавыя сытуацыі ў Беларусі і на Ўсходняй Украіне былі аднолькавыя. Я думаю, што калі б і ў Беларусі былі створаныя царкоўныя структуры, сытуацыя цяпер была б падобнаю да Ўсходняй Украіны.

Абламейка: У Беларусі і цяпер застаецца толькі адзін паўнавартасны грэка-каталіцкі храм — той, што вы пабудавалі ў Полацку. Астатнія — гэта перабудаваныя з дамоў ці прыстасаваныя нежылыя памяшканьні, або так званыя душпастырскія цэнтры. Храмы грэка-католікам па-ранейшаму будаваць не дазваляюць. І гэта пры тым, што вернікі ня раз пісалі лісты папу рымскаму. У 1993 годзе некалькі тысяч вернікаў падпісалі ліст на імя папы, а ў 2011 годзе каля 40 акадэмікаў, прафэсараў, пісьменьнікаў і журналістаў накіравалі ліст да пантыфіка з просьбай стварыць структуры і даць япіскапа...

Алексійчук: Я вам больш скажу. На сустрэчы ўсіх усходне-каталіцкіх япіскапаў Эўропы (нас было каля пяцідзесяці — ня толькі з Украіны, але і з Румыніі, Вугоршчыны, Славаччыны, Польшчы, Баўгарыі і іншых краін) мы таксама зьвярталіся да папы і да Ўсходняй Кангрэгацыі ў справе Беларусі. Але, як кажуць ва Ўкраіне, воз і дасюль там.

Абламейка: Дык вы ня можаце сказаць, калі і як сытуацыя зьменіцца?

Алексійчук: Не, не магу сказаць, цяжка штосьці казаць... Я, са свайго боку, таксама прыкладаў розныя намаганьні, але выглядае, што на гэтым шляху стаіць нешта вельмі моцнае, што не дае рухацца наперад і ня хоча, каб паўсталі структуры, каб была япархія, каб быў япіскап...

Япіскап Бэнэдыкт Алексійчук нарадзіўся ў 1968 годзе ў Ровенскай вобласьці Ўкраіны. У 1992 годзе стаў сьвятаром УГКЦ. У 1993 годзе прыняў манаскі пострыг, манах-студыт. У 1994-96 гадах працаваў над аднаўленьне манаскага жыцьця і адбудовай Барысаглебскага манастыра ў Полацку. Служыў у парафіях Полацку, Магілёва, Гомеля, Берасьця. Быў духаўніком моладзевай хрысьціянскай супольнасьці ў Менску. Быў ігуменам Уніўскай лаўры ва Ўкраіне. Ад 2010 году дапаможны япіскап Львоўскі. Ад 20 красавіка 2017 году кіруючы герарх япархіі ЎГКЦ у Чыкага.

  • 16x9 Image

    Сяргей Абламейка

    Сяргей Абламейка нарадзіўся ў Менску. Скончыў гістарычны факультэт БДУ. Працаваў сьлесарам на МАЗе, выкладаў гісторыю ў школе, быў навуковым супрацоўнікам Музэю народнай архітэктуры і побыту, пасьля Скарынаўскага цэнтру. На «Свабодзе» – зь верасьня 1990 году, з траўня 1995 году – у Празе. Пісьменьнік, гісторык, журналіст.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG