«Была выкрытая злачынная група, якую ўкаранілі ў нашу краіну ЦРУ ЗША і дзяржаўная служба выведкі Паўднёвай Карэі ў мэтах зьдзяйсьненьня дзяржаўнага тэрору з выкарыстаньнем біялягічнай і хімічнай зброі супраць нашага кіраўніцтва», — заявіў пасол.
Па словах Кім Хэн Чжуна, група была створаная ў 2014 годзе, але апошнія падрыхтоўкі да замаху ажыцьцяўляліся ў сакавіку-красавіку 2017 году.
Амбасадар растлумачыў, што, па дадзеных паўночнакарэйскіх уладаў, задума «тэрарыстаў» прадугледжвала «атручэньне кіраўніцтва краіны дыстанцыйным спосабам», прычым эфэкт ад гэтага атручваньня павінен быў зьявіцца праз паўгода.
КНДР у адказ на гэтую змову абяцае «бязьлітасна зьнішчыць» арганізатараў замаху на Кім Чэн Ына, паабяцаў пасол.
*****
У апошнія некалькі месяцаў адносіны КНДР зь іншымі краінамі, у тым ліку з саюзьнікам Кітаем рэзка абвастрыліся. Аднак найбольшае абвастрэньне адбылося ў адносінах з ЗША, дзе ўступіў на пасаду новы прэзыдэнт Дональд Трамп.
У пачатку студзеня 2017 году паўднёвакарэйскае агенцтва «Рэнхап» паведамляла, што амэрыканскі спэцназ і ўзброеныя сілы Паўднёвай Карэі сфарміруюць спэцыяльнае падразьдзяленьне, мэтай якога будзе ліквідацыя лідэра КНДР Кім Чэн Ына.
У лютым у аэрапорце Малайзіі быў забіты старэйшы брат Кім Чэн Ына Кім Чэн Нам (ён даўно жыў за мяжой). Паводле інфармацыі малайскіх спэцслужбаў, забойства зьдзейсьніла група з шасьці чалавек на загад спэцслужбаў КНДР. Улады КНДР катэгарычна адмаўлялі сваё дачыненьне да забойства і абвінавацілі Малайзію ва ўмяшаньні ва ўнутраныя справы КНДР.
Пасьля забойства Кім Чэн Нама і працягу Паўночнай Карэяй ядзерных выпрабаваньняў у раён Карэйскага паўвострава быў адпраўлены амэрыканскі эсьмінец (фармальна — для таго, каб прыняць удзел у сумесных вучэньнях з Паўднёвай Карэяй). Віцэ-прэзыдэнт ЗША Майкл Пэнс таксама ў красавіку наведаў дэмілітарызаваную зону паміж Рэспублікай Карэяй і КНДР і сустрэўся з выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта Паўднёвай Карэі.
Падчас паездкі ён нагадаў, што ў Карэі калісьці ваяваў ягоны бацька, і новая адміністрацыя ЗША на чале з Трампам больш ня мае намеру прытрымлівацца палітыкі «стратэгічнага цярпеньня» у дачыненьні да КНДР, якой ЗША прытрымліваліся раней, пры прэзыдэнце Бараку Абаме. У прыватнасьці, ні Злучаныя Штаты, ні Паўднёвая Карэя ня будуць цярпець з боку КНДР далейшыя ракетныя або ядзерныя выпрабаваньні, — паабяцаў Пэнс.
У адказ на гэтыя заявы ўлады КНДР арыштавалі яшчэ аднаго грамадзяніна ЗША, які знаходзіўся ў іх краіне. Ён стаў ужо чацьвёртым па ліку амэрыканцам, які ўтрымліваецца ў КНДР. Раней паведамлялася, што акрамя Тоні Кіма ў краіне былі затрыманыя 62-гадовы амэрыканец карэйскага паходжаньня Кім Чон Чхоль і студэнт з ЗША Ота-Фрыдэрык Уормбіер: яны абодва былі прысуджаныя да пазбаўленьня волі па абвінавачваньнях у падрыўной дзейнасьці супраць КНДР.