Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўночнакарэйскі вузел: разьвязаць ці расьсекчы


Ці магчымае палітычнае вырашэньне канфлікту паміж ЗША і КНДР?

Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст.

Цыганкоў: Апошнія месяцы радыкальна абвастрылася сытуацыя вакол ядзерных амбіцыяў Паўночнай Карэі. 29 красавіка Паўночная Карэя правяла няўдалае выпрабаваньне балістычнай ракеты, якая выбухнула неўзабаве пасьля запуску над тэрыторыяй КНДР. Паводле папярэдніх дадзеных, гэта была балістычная ракета сярэдняга радыюсу дзеяньня. Запуск ракеты адбыўся акурат празь некалькі гадзінаў пасьля паседжаньня Рады бясьпекі ААН, на якім дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан заклікаў зрабіць больш жорсткі рэжым санкцый супраць Паўночнай Карэі і строга выконваць ужо прынятыя рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН.

Што можна зрабіць з ядзернымі амбіцыямі Паўночнай Карэі? Міжнародны досьвед паказвае, што працуюць два розныя падыходы — у некаторых сытуацыях больш жорсткі, ў некаторых — менш жорсткі. У розныя гады па-рознаму атрымлівалася знайсьці рашэньне канфліктных сытуацыяў з дзяржавамі-ізгоямі. Напрыклад, добра вядомая ўгода зь Іранам, у выніку чаго Іран адмовіўся ад сваёй праграмы стварэньня ядзернай зброі і дапусьціў кантроль замежных прадстаўнікоў над выкананьнем гэтага пагадненьня. Узамен зь Ірану былі зьнятыя санкцыі.

гэта асаблівы выпадак, у пэўным сэнсе непаўторны дзякуючы закрытасьці гэтай краіны ад сьвету і адсутнасьці такога чыньніка, як меркаваньне ўласна паўночнакарэйскага народу

А напрыклад, лібійскі дыктатар Муамар Кадафі, спэцслужбы якога былі датычныя да авіятэрарызму, да выбуху цывільных самалётаў, стаў больш згаворлівым толькі пасьля ўжываньня сілы. Амэрыканцы бамбавалі некаторыя абʼекты ў Лібіі, і лібійскаму дыктатару далі зразумець, што ягонае спрыяньне тэрарызму прывядзе да самых сурʼёзных наступстваў. Супраць Лібіі былі ўведзеныя санкцыі, і толькі ў 2003 годзе Кадафі прызнаў, што лібійскія агенты былі датычныя да выбухаў самалётаў і пагадзіўся выплаціць кампэнсацыю ахвярам. Пасьля гэтага санкцыі былі зьнятыя.

Які варыянт можа спрацаваць у сытуацыі з Паўночнай Карэяй? Немагчыма адназначна сказаць. Відавочна, што гэта асаблівы выпадак, у пэўным сэнсе непаўторны дзякуючы закрытасьці гэтай краіны ад сьвету і адсутнасьці такога чыньніка, як меркаваньне ўласна паўночнакарэйскага народу. Таксама фактычна нерэальна ўявіць пасьпяховую ваенную апэрацыю супраць Паўночнай Карэі, улічваючы яе мільённую армію і ідэалягічны кантроль над насельніцтвам. І выглядае, што пакуль паўночнакарэйскі рэжым не гатовы ісьці на нейкія перамены ў сваёй краіне, на большую адкрытасьць сьвету.

Нагадаю, што абвастрэньні вакол Паўночнай Карэі здараюцца раз на некалькі гадоў. Потым надыходзіць момант нейкага зацішша, калі ўдаецца неяк ўлагодзіць амбіцыі Пхеньяну, штосьці яму паабяцаць. Але потым усё пачынаецца нанова.

Карбалевіч: Варта адзначыць, што міжнародны крызыс вакол ракетна-ядзернай праграмы КНДР — гэта ўжо нейкая руцінная зьява. Ён узьнікае пэрыядычна, ужо які раз. Пхеньян пужае сьвет, дэманструе сваю «крутасьць» і «адмарожанасьць», але гатовы пайсьці на саступкі, калі ЗША і іншыя краіны нешта заплацяць — ці то харчовай дапамогай, ці нечым іншым.

міжнародны крызыс вакол ракетна-ядзернай праграмы КНДР — гэта ўжо нейкая руцінная зьява

Асаблівасьць цяперашняй сытуацыі палягае ў тым, што новы прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп таксама дэманструе крутасьць і рашучасьць, гатоўнасьць ісьці на сілавы варыянт вырашэньня канфлікту. Ён не выключыў магчымасьці ваеннага рашэньня паўночнакарэйскай праблемы. Вашынгтон накіраваў да берагоў Карэйскага паўвострава авіяносец «Карл Вінсан». На пагрозы ЗША паўночнакарэйскія ўлады адказалі традыцыйна, яны заявілі, што гатовыя нанесьці ўдар у адказ.

У заявах абодвух бакоў ёсьць вялікі элемэнт блефу. Праблема ў тым, што гэты рэгіён — адзін з найбольш густанаселеных раёнаў сьвету. І калі пачнецца сапраўдная вайна з ужываньнем зброі масавага паражэньня, то чалавечыя ахвяры будуць неверагодныя. Варта заўважыць, што ў Паўднёвай Карэі і Японіі ёсьць шмат АЭС. Таму удары КНДР нават звычайнымі ракетамі без ядзерных боегаловак па атамных станцыях можа выклікаць ядзерную катастрофу. Думаю, гэтыя чыньнікі ўлічваюцца адміністрацыяй ЗША.

Цяпер, калі глядзець расейскае ТВ, Крэмль цалкам на баку КНДР і вядзе кампанію супраць ЗША

Зь іншага боку, бляфуе і Кім Чэн Ын, у асноўным з унутрыпалітычных матываў. Бо правадыр КНДР — гэта амаль што Бог. А Бог ня можа дэманстраваць слабасьць, бо адразу перастане быць ім. Зьвярнуў бы ўвагу, што памянялася пазыцыя Расеі. Калі дасюль падчас папярэдніх канфліктаў пазыцыя Масквы была такая: канечне, Пхеньян ня мае рацыі, ён уяўляе пагрозу, але трэба шукаць мірныя шляхі вырашэньня крызысу. Цяпер, калі глядзець расейскае ТВ, Крэмль цалкам на баку КНДР і вядзе кампанію супраць ЗША.

Дракахруст: Нядаўна прачытаў цытату са старога, 1990 году, інтэрвію Дональда Трампа «Плэйбою» пра ягоны стыль вядзеньня бізнэсу: «У бізнэсе трэба ціснуць на людзей амаль да злому — але не ламаючы^; трэба давесьці іх да клінчу — але не зламаць. Гэта прыкмета добрага бізнэсмэна. Дрэнны будзе ціснуць людзей і пасьля злому... Але я гэтага не раблю. Я цісну да патрэбнага моманту і ў выніку атрымліваю ад угоды больш, чым іншы бок».

Цяперашні крызіс вакол КНДР — добрая ілюстрацыя гэтага стылю вядзеньня справаў, толькі ўжо не бізнэсовых, а палітычных. Я мяркую, што Трамп кіруецца прынцыпам «пагроза мацней за выкананьне».

Трамп кіруецца прынцыпам «пагроза мацней за выкананьне»

Размовы пра тое, што Кім Чэн Ын — гэта варʼят, маньяк — гэта журналісцкая рыторыка. Варʼятамі нехта лічыў і Сталіна, і Мао. Яны былі людажэрамі, гэта праўда, але варʼятамі не былі, былі халоднымі гульцамі, якія добра падлічвалі пагрозы і рызыкі. І іх такім балянсаваньнем на мяжы можна было стрымліваць. Пры тым, што ў СССР і ў КНР былі патэнцыялы, у тым ліку і ядзерныя, зусім іншыя, значна большыя, чым зараз у КНДР. Тым ня менш іх стрымліваць было магчыма.

У сытуацыі «балянсаваньня на мяжы» сьвет жыў у 50-60 гады. Гэта было ня вельмі ўтульнае жыцьцё, але гэта не прывяло да катастрофы

Цалкам магчыма, што Трамп спадзяецца гэтак жа стрымліваць Кіма, што той адступіць. Ёсьць і яшчэ адзін інструмэнт узьдзеяньня на паўночнакарэйскага дыктатара. Ён вельмі залежыць ад Кітаю — і палітычна, і эканамічна. І таму гэта гульня — на некалькіх дошках, гэта гульня і з таварышчам Сі. Мяркую, што невыпадкова цяперашнім дзеяньням ЗША адносна КНДР папярэднічалі перамовы прэзыдэнта Трампа са старшынём КНР Сі Цзінпінам у ЗША. Думаю, што пэўная каардынацыя палітыкі ёсьць, прынамсі, «чырвоныя лініі» бакоў былі падчас тых перамоваў вызначаныя.

Я схіляюся да таго, што гэтая сытуацыя ўсё ж не абрынецца ў вайну, тым больш не абрынецца ў ядзерную вайну. У сытуацыі «балянсаваньня на мяжы» сьвет жыў у 50-60 гады. Гэта было ня вельмі ўтульнае жыцьцё, але гэта не прывяло да катастрофы, да ядзернай вайны, і нават да вялікай вайны звычайнымі ўзбраеньнямі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG