Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея выступіла супраць заявы Рады бясьпекі ААН з асуджэньнем дзеяньняў КНДР


Ілюстрацыйнае фота. Выпрабаваньне паўночнакарэйскай балістычнай ракеты, запушчанай з падводнай лодкі
Ілюстрацыйнае фота. Выпрабаваньне паўночнакарэйскай балістычнай ракеты, запушчанай з падводнай лодкі

У сераду Расея выступіла супраць ухваленьня заявы Рады бясьпекі ААН з асуджэньнем паўночнакарэйскіх выпрабаваньняў балістычных ракет, паведамілі амэрыканскія дыпляматы.

У праекце заявы зьмяшчаецца патрабаваньне да КНДР спыніць ракетныя выпрабаваньні і адзначаецца, што «незаконная дзейнасьць, зьвязаная з балістычнымі ракетамі, зьяўляецца часткай работ у стварэньні ядзернай зброі».

Расея была адзінай зь 15 краінаў — чальцоў Рады бясьпекі, якая выступіла супраць праекту заявы, якая зьяўляецца толькі дэкляратыўным дакумэнтам. Найбліжэйшы саюзьнік Пхэньяну Пэкін падтрымаў заяву. Паводле дыпляматаў, Масква палічыла недастатковым пажаданьне вырашэньня канфлікту «мірным, дыпляматычным шляхам», запатрабаваўшы ўключэньня туды словазлучэньня «з дапамогай дыялёгу». Як кажа ў інтэрвію тэлекампаніі CBS неназваны дыплямат, чальцы Рады бясьпекі не разумеюць, чаму Масква спрабуе перашкаджаць працэсу публічнага асуджэньня дзеяньняў Пхэньяну.

Пастаяннае прадстаўніцтва Расеі пры ААН абвергла такую трактоўку падзей, заявіўшы, што ЗША раптам «згарнулі» працу над заявай пасьля патрабаваньня аб уключэньні ў яе «ўзгодненай» мовы.

28 красавіка Рада бясьпекі правядзе спэцыяльнае пасяджэньне, прысьвечанае паўночнакарэйскай ядзернай праграме. Яно пройдзе пад старшынствам дзяржсакратара ЗША Рэкса Тылерсана, са справаздачай выступіць генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш. На пасяджэньне запрошаны міністры замежных спраў краінаў — чальцоў Рады бясьпекі ААН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG