Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўропа, якая выстаяла


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Прэзыдэнтам Францыі стаў Эманюэль Макрон. Нават цяжка сябе ўявіць, якія наступствы мела б перамога на выбарах Марын Лё Пэн. Можа і ня ўсе яе пляны яна б здолела рэалізаваць, але пэўна, што Францыя — ключавая краіна Эўразьвязу — кардынальна і непрадказальна зьмянілася б, а зь ёй і ўся Эўропа.

І з галасаваньнем 7 траўня ўсё было не настолькі адназначна, былі даволі кампэтэнтныя экспэрты, якія не выключалі перамогі лідэркі «Нацыянальнага фронту» і будавалі даволі праўдападобныя сцэнары яе перамогі.

Гэтага, на шчасьце, не адбылося. Старая добрая Эўропа перамагла, прынамсі, выстаяла. Прынамсі, гэтым разам. Прычым, перамога атрымалася чыстая. І ў сэнсе ліку, ён для Лё Пэн аказаўся разгромным, і ў сэнсе прынцыпаў. Драмай Эўропы апошніх гадоў быў ня толькі электаральны посьпех крайніх, ксэнафобскіх, антызьвязаўскіх сілаў, але і агульная мода на гэткія погляды, перад якой усё больш уразьлівымі аказваліся мэйнстрымныя, рэспэктабэльныя палітычныя сілы.

У Францыі адбылося ня так. Эманюэля Макрона нярэдка называюць цэнтрыстам. Але варта сказаць, што ў першым туры выбараў яго пазыцыя па шэрагу ключавых праблемаў была ня самай памяркоўнай, ня самай «сярэдняй», так бы мовіць, у параўнаньні зь іншымі кандыдатамі — ён і Лё Пэн прынамсі па шэрагу пытаньняў уяўлялі супрацьлеглыя полюсы. Макрон быў самым гарачым прыхільнікам глябалізацыі, займаў самыя лібэральныя пазыцыі ў пытаньні міграцыі, быў найбольш пасьлядоўным прыхільнікам умацаваньня, а не разбурэньня Эўразьвязу.

Ён цэнтрыст у тым сэнсе, што шмат дзесяцігодзьдзяў менавіта гэтыя прынцыпы ляжалі ў аснове крэда, палітычнага і маральнага сымбалю веры Эўропы, наконт гэтых пастулятаў быў ці здавалася, што быў, амаль што ўсеагульны кансэнсус. Але сьвет і Эўропа мяняюцца. Цяпер, на фоне іншых кандыдатаў, Макрон выглядаў ледзь не такім самым радыкалам у сваёй вернасьці прынцыпам Эўропы, як і Лё Пэн — у сваім выкліку ім.

Зразумела, нічога не застаецца нязьменным. І тая самая асоба Макрона, яго палітычны твар — таму сьведчаньне. У Элізэйскі палац прыйшоў лідэр руху, створанага ўсяго год таму. Так, Макрон — сымбаль вернасьці прынцыпам, духу, але і зьмены структуры, літары. Ён і абаронца, і разбуральнік. Нездарма ягоны палітычны маніфэст мае назву «Рэвалюцыя». Як казаў Шарль дэ Голь, французы робяць рэформы, толькі робячы рэвалюцыі. Гэта і пра Макрона, пра яго кампанію ў тым ліку.

Гэта, гледзячы па ўсім, і атрымался ў пераможцы выбараў — знайсьці новую мову, новы вобраз, спалучыць традыцыю і зьмены.

Відавочна, што і сам кандыдат, і яго каманда ўлічылі і досьвед брытанскага Брэксіту, і досьвед перамогі Трампа. Папулізм у сутнасьці перамагаецца папулізмам у форме, Макрон, калі мерыць амэрыканскімі меркамі, гэта Клінтан у вобразе Трампа.

Многія назіральнікі адзначалі, што француская моладзь галасавала за яго ледзь не павальна і зусім ня толькі з прычыны яго маладосьці — 39-гадовы Макрон у тым жа ўзросьце, у якім быў Лукашэнка, калі таго абралі прэзыдэнтам у 1994 годзе. Праўда, тады ядзерны электарат у беларускага палітыка быў зусім іншым. Аднак калі б за Макрона была толькі моладзь ці нават пераважна моладзь, ён бы не перамог.

Сымптомамі таго, што сьвет, Францыя мяняюцца і будуць мяняцца і пры прэзыдэнце Макроне, зьяўляецца яшчэ шэраг чыньнікаў.

На цяперашніх выбарах яўка аказалася найніжэйшай у параўнаньні з папярэднімі прэзыдэнцкімі выбарамі. Паказьнік ускосны, у дэмакратычных краінах яўку штучна не напампоўваюць, але паказьнік — паказьнік крызісу, пэўнай страты даверу да існай дзяржаўнай сыстэмы, не да пэрсонаў, а да інстытутаў.

У 2002 годзе бацька Марын Лё Пэн, Жан-Мары, таксама выйшаў у другі тур прэзыдэнцкіх выбараў. Тады ягоны канкурэнт Жак Шырак атрымаў у другім туры проста лукашэнкаўскі вынік, прычым на цалкам свабодных выбарах — 82%, а Лё Пэн — 18%. Цяпер яго дачка таксама прайграла, але годна. Параза, але бяз «трэску», так бы мовіць. Тое, што добрая траціна грамадзтва выказалася за ўсё тое, што ўвасабляе сабой Лё Пэн, ці прынамсі за яе асабіста — трывожны паказьнік.

Макрону давядзецца лічыцца і зь меркаваньнямі гэтых людзей. І ня ў тым сэнсе, што яго палітыка павінна быць нейкім сярэднім паміж лініяй яго ўласнай і лініяй пераможанай Лё Пэн. Лідэрства — найперш духоўная катэгорыя, вядзе той, за кім ідуць, ідуць нават тыя, хто шмат у чым нязгодны зь ім.

У гэтым рэчышчы — і дзіўная на першы погляд заява Макрона падчас тэледэбатаў, што калі ЭЗ не рэфармуецца, то Францыі і Зьвязу пагражае «Фрэкзіт» — выхад Францыі з ЭЗ, тое, што было адным з галоўных праграмных пунктаў Лё Пэн. Паказальна, што нават самы праэўрапейскі палітык Францыі не выключае Фрэкзіту, ён гаворыць пра гэта як пра пагрозу, але не выключае цалкам і пры гэтым ускладае адказнасьць за тое, каб прадухіліць такі сцэнар не адно на французаў і самога сябе.

Макрон з бляскам адказаў на выклік выбараў, цяпер яму давядзецца адказваць на выклік прэзыдэнцтва, а ён абяцае быць нялёгкім.

Бадай што першым выпрабаваньнем стануць парлямэнцкія выбары ў чэрвені. Ці пройдзе ў Нацыянальны сход шмат прадстаўнікоў кіраванага ім руху — гэта вялікае пытаньне. Ківач грамадзкай думкі можа пайсьці ў іншы бок, скампэнсаваць свой уласны выбар 7 траўня, даўшы шмат галасоў як традыцыйным партыям — рэспубліканцам і сацыялістам, так і «Нацыянальнаму фронту» Лё Пэн.

Адным з самых сур’ёзных міжнародных выклікаў стануць для Макрона адносіны з Расеяй. Падчас кампаніі ён выказваўся за жорсткую лінію адносна Масквы. У дадатак да палітыкі Крамля ў яго ёсьць і асабісты рахунак, я маю на ўвазе хакерскую атаку на перапіску каманды Макрона. Пераважная большасьць экспэртаў і, здаецца, сам новы прэзыдэнт лічаць, што за атакай стаіць Крэмль. А Макрон не выглядае чалавекам, які забывае крыўды.

Дарэчы, цікавасьць сытуацыі — ня толькі ў выразным крамлёўскім сьледзе гэтай атакі, а ў яе выніку. Павесілі на сайт Wikileaks ажно 9 Гб перапіскі — і самі ж не знайшлі ў гэтых «гігах» проста ніякага кампрамату на палітыка. Па шчырасьці, трэба ўмець, мяркую, няшмат палітыкаў сьвету прайшлі б такі тэст на чысьціню.

Ня выключана, што перамога Макрона ўскосна паўплывае на вынікі датэрміновых парлямэнцкіх выбараў у Вялікабрытаніі, якія адбудуцца ў чэрвені, паспрыяе перамозе на іх прыхільнікаў больш мяккага, памяркоўнага сцэнару Брэксіту.

Падчас тэледабатаў перад выбарамі Лё Пэн выдала па-француску бліскучае «слоўца»: Прэзыдэнтам Францыі ў любым выпадку стане жанчына — або я, або мадам Мэркэль.

Апошняе, зразумела, гіпэрбала, але вяртаньне Эўропе лідэрства дзьвюх краінаў — Францыі і Нямечыыны, а не аднаго Бэрліну, сцэнар цалкам магчымы.

Палітыка Парыжу адносна Беларусі наўрад ці істотна зьменіцца, прынамсі, бліжэйшым часам. Падыходы могуць стаць больш жорсткімі, ціск наконт пытаньняў правоў чалавека можа стаць больш моцным, але наўрад ці можна чакаць якасных зьменаў. У новага лідэра Францыі будзе шмат іншых, больш пільных клопатаў.

Але і Беларусь сёньня атрымала станоўчае пасланьне, прычым ня толькі яе праўрапейская частка насамрэч. Старая добрая Эўропа засталася сабою, сапраўдная рэвалюцыя (ці контррэвалюцыя, тут ужо як хто лічыць) ня здарылася. Лёзунг «Беларусь — у Эўропу» можа і не наблізіўся да сваёй рэалізацыі, але прынамсі ня страціў сэнс адносна накірунку, ня стала актуальным пытаньне: а Эўропа — гэта цяпер што?

Вось тое, што выстаяла, што адстаялі на францускіх выбарах. У тым ліку і Францыю Супраціву, і Эўропу перамогі над нацызмам, не ў апошнюю чаргу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG