Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Францыі пачаўся другі тур выбараў прэзыдэнта


Марын Лё Пэн (зьлева) і Эмануэль Макрон

7 траўня а 8-ай гадзіне раніцы паводле мясцовага часу ў Францыі адкрыліся выбарчыя ўчасткі, на якіх пройдзе другі тур прэзыдэнцкіх выбараў. За пасаду прэзыдэнта краіны змагаюцца лідэр руху «Наперад!», былы міністар эканомікі Эмануэль Макрон і прадстаўніца «Нацыянальнага фронту» Марын Лё Пэн.

У першым туры выбараў, які прайшоў два тыдні таму, за абраньне прэзыдэнтам Эмануэля Макрона прагаласавалі 24, 3% выбарцаў, кандыдатуру Марын Лё Пэн падтрымалі болей за 21% французаў, якія бралі ўдзел у галасаваньні.

Паводле апытаньня Ifop-Fiducial, пра якое стала вядома 5 траўня, за Макрона гатовыя прагаласаваць 63% выбарнікаў, за Марын Лё Пэн — 37%.

Аглядальнікі ўжо назвалі выбары прэзыдэнта Францыі галоўнай бітвай за лёс Эўразьвязу: цэнтрыст Эмануэль Макрон выступае за захаваньне Францыі ў складзе Эўразьвязу і рэфармаваньне гэтага саюзу, прадстаўніца правых нацыяналістаў Марын Лё Пэн заклікае да выхаду з Эўразьвязу паводле прыкладзу Вялікай Брытаніі. Марын Лё Пэн вядомая таксама сваімі заявамі пра неабходнасьць прызнаньня анэксіі Крыму Расеяй і фінансавымі сувязямі «Нацыянальнага фронту» з Расеяй.

Выбары на заморскіх тэрыторыях Францыі пачаліся яшчэ ў суботу з-за розьніцы ў часе. На тэрыторыі кантынэнтальнай Францыі выбары маюць закончыцца а 19-ай гадзіне.

Прэзыдэнт Францыі абіраецца на 5 год і ня больш як на два тэрміны.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG