Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што азначаюць вынікі першага туру прэзыдэнцкіх выбараў у Францыі?

Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.

Дракахруст: Цэнтрыст Эмануэль Макрон перамог у першым туры выбараў прэзыдэнта Францыі з 24% галасоў. Лідэрка крайне правага «Нацыянальнага фронту» Марын Лё Пен атрымала 22%. Другі тур выбараў адбудзецца праз два тыдні.
Трэцяе месца з 20% заняў былы прэм’ер, кандыдат ад правых Франсуа Фіён, на чацьвёртым месцы апынуўся лідэр левага руху «Непакорная Францыя» Жан-Люк Мэляншон, ён атрымаў 19% галасоў.

Галоўная інтрыга францускіх выбараў была такой жа, як і леташніх выбараў ў ЗША, нядаўніх прэзыдэнцкіх выбараў у Аўстрыі і парлямэнцкіх у Галяндыі — ці прыйдзе да ўлады папулізм?

Канчатковага адказу першы тур францускіх выбараў ня даў, Лё Пэн трапіла ў другі тур, аднак на другім месцы, хаця і зь невялікім адрывам ад лідэра.

Трэці нумар гонкі — Франсуа Фіён — ужо павіншаваў Макрона з посьпехам і заклікаў сваіх выбарнікаў галасаваць за яго. Хаця невядома, ці паслухаюцца яго выбарнікі.

У 2002 годзе Жан-Мары Лё Пэн, бацька Марын Лё Пэн, таксама выйшаў у другі тур прэзыдэнцкіх выбараў, але супраць яго аб’ядналіся ледзь ня ўсе іншыя палітычныя сілы, тады ў другім туры Жак Шырак атрымаў пераканаўчую перамогу, набраўшы больш за 80%.

Наўрад ці Марын Ле Пэн 7 траўня прайграе з такім жа трэскам, як яе бацька 15 гадоў таму, але большасьць апытаньняў паказваюць, што Макрон усё ж пераможа.

Імпульс супраць істэблішмэнту ўвасобіўся на францускіх выбарах ня толькі ў асобе Ле Пэн.

Аднак варта сказаць, што імпульс супраць істэблішмэнту ўвасобіўся на францускіх выбарах ня толькі ў асобе Ле Пэн. Посьпех Мэляншона, гэткага францускага Бэрні Сандэрса, сьведчыць пра пэўную моду на крайнія пагляды — ня толькі на крайне правыя, як ў Ле Пэн, але і на крайне левыя, як у Мэляншона.

Паказьнікам крызісу палітычнай сыстэмы стаў і той чыньнік, што ўпершыню ў Пятай рэспубліцы ў другі тур прэзыдэнцкіх выбараў ня выйшаў ані клясычны правы, нашчадак дэ Голя, ані сацыяліст. З 1960-х гадоў прадстаўнікі гэтых дзьвюх сілаў мянялі адзін аднаго ў Елісейскім палацы. Сёлета будзе ня так.

Макрон — былы сацыяліст, міністар сацыялістычнага ўраду. Аднак у 2009 годзе ён выйшаў з партыі, а ўсяго год таму стварыў свой палітычны рух «Наперад», які, паводле яго, «ня левы і ня правы». У Беларусі таксама ў 1994 годзе быў палітык, які казаў, што ён ня зь левымі і ня з правымі, а з народам.

Іншымі словамі, і Макрон — калі не папуліст, дык таксама бунтар унутры істэблішмэнту.

Аднак паводле сваіх палітычных поглядаў ён хутчэй у асноўным рэчышчы эўрапейскага кансэнсусу. Ён мае даволі лібэральныя пазыцыі ў пытаньні міграцыі, ён за ўмацаваньне Эўразьвязу, ён за працяг санкцыяў адносна Расеі. Па ўсіх гэтых пунктах Ле Пэн мае супрацьлеглыя пазыцыі: яна супраць мігрантаў, яна за выхад Францыі з Эўразьвязу, яна за зьняцьце санкцыяў з Расеі.

Калі раней за прэзыдэнцтва ў Францыі спаборнічалі палітыкі-цэнтрысты з блізкімі поглядамі, то цяпер, як бачым, з супрацьлеглымі, прынамсі, па згаданых пытаньнях.

Чым скончацца выбары 7 траўня — невядома, але падаецца, што ў любым выпадку Францыя, а зь ёй і Эўропа, істотна зьменіцца.

Цыганкоў: Дзесяцігодзьдзямі ў Францыі стаяла пытаньне толькі так — сацыялісты зьмянялі рэспубліканцаў (галістаў) і наадварот. Але цяперашнія выбары прывялі да радыкальнай зьмены палітычнага поля, гэтыя дзьве традыцыйныя партыі атрымалі скрышальную паразу. Замест сацыялістаў, прадстаўнік якіх Бэнуа Амон набраў 7%, на левым флянгу найбольш (19%) набраў радыкальны лідэр левага руху «Непакорная Францыя» Жан-Люк Мэляншон.

У пэўным сэнсе і ў Францыі адбылася «электаральная рэвалюцыя».

У пэўным сэнсе і ў Францыі адбылася «электаральная рэвалюцыя», элемэнты якой мы адзначалі падчас выбараў у ЗША, калі рэй вялі такія «нестандартныя» кандыдаты, як Сандэрс у дэмакратаў і Трамп у рэспубліканцаў. Тое ж адбывалася і на выбарах у Грэцыі, Гішпаніі, дзе новыя, больш радыкальныя левыя адцясьнілі традыцыйных левых.

Што да прагнозаў, то я рызыкну даволі ўпэўнена прадказваць, што схема «усе супраць Лё Пэн» спрацуе, і яна адназначна прайграе ў другім туры. Лідэр галасаваньня Макрон — такі кандыдат, які не выклікае моцна нэгатыўных эмоцыяў у большасьці электарату, і я ня бачу, што можа перашкодзіць яму перамагчы.

Карбалевіч: Вынікі першага туру выбараў у пэўным сэнсе нечаканыя. Бо фактычна цягам усёй выбарчай кампаніі ішла наперадзе лідэрка «Нацыянальнага фронту» Марын Лё Пен.

Агульная тэндэнцыя недаверу да кіроўнага істэблішмэнту, традыцыйным партыям праявілася і ў Францыі. Пераможцам стаў адносна новы для Францыі палітык, лідэр створанага толькі мінулым годам руху «Наперад» цэнтрыст Эманюэль Макрон.

Усе прагназуюць перамогу Макрону. Пра гэта сьведчаць і сацыялягічныя апытаньні. І асноўныя палітычныя сілы, у прыватнасьці, прайграўшыя ў першым туры кандыдаты, заклікаюць сваіх выбаршчыкаў галасаваць за Макрона. Але, досьвед і Брэксыту, і перамогі Трампа ў ЗША прымушае асьцярожна ставіцца да усіх падобных прагнозаў.

Адна з перавагаў Макрона палягае ў тым, што супраць яго амаль не было кампрамату.

Гэтую прэзыдэнцкую кампанію, як і нядаўнюю кампанію ў ЗША, называюць самай бруднай. На фаварытаў вылілі шмат кампрамату. Адна з перавагаў Макрона, акрамя маладосьці і таго, што ён не асацыюецца з палітычным істэблішмэнтам, палягае ў тым, што супраць яго амаль не было кампрамату.

Посьпех крайне левага Мэляншона не зусім нечаканы. У Францыі левыя погляды, настроі заўсёды былі уплывовымі у параўнаньні зь іншымі эўрапейскімі краінамі. Шмат гадоў кандыдат у прэзыдэнты ад камуністаў атрымліваў колькасьць галасоў, параўнальную з тым, што цяпер атрымаў Мэляншон.

XS
SM
MD
LG