Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што думаюць беларусы, калі ня думаюць пра Лукашэнку?


Адказы на гэтае пытаньне даюць аўтары новай кнігі «100 словаў», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХI стагодзьдзе». Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца 27 красавіка ў Прэс-клюбе па адрасе: Менск, вуліца Веры Харужай, 3, пакой 601. Пачатак а 19-й.

Апроч шчырых кантактаў з аўтарамі і гасьцямі імпрэзы, арганізатары прапануюць халодным красавіцкім вечарам яшчэ некалькі цёплых сюрпрызаў — цалкам у стылістыцы Яна Максімюка, які прыдумаў праграму «100 словаў» і стаў укладальнікам аднайменнае кнігі. А пакуль тое — пачытайце ягоныя нататкі пра жанр, тэму, творчую дэмакратыю і яе межы, карцінкі да праграмы і кнігі.

Пра што мы думаем, калі ня думаем пра відавочнае

Сьцісласьць як каштоўнасьць

Ідэю «сьціслай рубрыкі», якая ажыцьцявілася ў выглядзе «100 словаў», мы на Свабодзе абмяркоўвалі некалькі разоў. Існавала больш-менш агульнае перакананьне, што варта знайсьці месца на нашай інтэрнэтнай старонцы для кароткіх занатовак, у якіх аўтары маглі б «адвесьці душу», час ад часу напісаўшы на тэму, не зьвязаную з нашым надзённым палітычна-эканамічна-сацыяльным мэню. Гэта значыць, пра нешта прыватнае, што складае зьмест адзінкавага жыцьця, але, тым ня менш, можа быць цікавае для іншых.

Я запрапанаваў, каб абмежавацца 100 словамі. І напісаў некалькі стаслоўяў на інаўгурацыю. Рубрыка рушыла ў лістападзе 2014 году, тэкстам «Бібліятэка Будучыні». Яна крыху нагадвае энцыкляпэдыю, толькі што без альфабэтнага ключа.

Тэматычная свабода

Абʼём рубрыкі мы жорстка абмежавалі — ня болей за 100 словаў. Затое далі аўтарам тэматычную свабоду. Хочаце пісаць пра каханьне або нянавісьць — калі ласка. Хочаце пра мурашкаедаў або дармаедаў — давайце. Пра памідоры на градах — неблагая ідэя. Пра сьмерць у сямʼі — таксама можна...

Тэматычная раскіданасьць стаслоўяў, мабыць, спачатку бянтэжыла як чытачоў, так і аўтараў. Ці ёсьць тут агульная ідэя, якая абʼядноўвае гэтыя допісы? Такая ідэя ніколі не фармулявалася намі экспліцытна, але яна, спадзяемся, абрысавалася сама сабою: «100 словаў» — амбітная спроба духоўнага партрэту граматных беларусаў пачатку ХХІ стагодзьдзя. Інакш кажучы: пра што мы думаем, калі ня думаем пра Лукашэнку і Расею?

Творчая дэмакратыя і яе межы

У рубрыцы зьяўляюцца тэксты як прафэсіяналаў — у тым ліку вядомых журналістаў і пісьменьнікаў зь білетамі — так і прынагодных аўтараў, якім мы адкрылі магчымасьць для творчага самавыяўленьня. Можна сказаць, што ў «100 словах» літаратурны дэмакратызм дасягнуў свае вяршыні. Але нават вяршынная дэмакратыя мае аўтарытарныя моманты. Гэта тычыцца кваліфікацыі допісаў у друк. У мяне, галоўнага кваліфікатара, няма часу, каб весьці карэспандэнцыю з кожным з магчымых і немагчымых аўтараў, якіх ужо далёка за сотню. Публікую або не, не тлумачачы чаму. Адчуваю, што тым, каго я не апублікаваў, лепш не трапляцца на вочы. Але я гатовы несьці і большыя ахвяры для беларускай літаратуры.

Карцінкі

Без карцінак сёньня няма жыцьця.

Кожнае стаслоўе ілюструецца жывапісам ХІХ стагодзьдзя або ранейшым. Як ні дзіўна, стары жывапіс настолькі «жывучы», што ім магчыма праілюстраваць практычна кожны сюжэт ХХІ стагодзьдзя. Гэта якраз той выпадак, калі кажуць: ars longa, vita brevis. Шкада, канешне, што зь меркаваньняў пазамастацкага характару мы не змаглі апублікаваць гэтыя ілюстрацыі ў колерах.

У прынцыпе я магу апраўдаць выбар кожнай карціны, толькі што для гэтага спатрэбілася б абʼёмістая кніга. Усім незадаволеным адсутнасьцю такога апраўданьня я раю глянуць на ілюстрацыі стаслоўяў як на асобны праект, паралельны да тэкставага: прыгадваем славутыя карціны і паказваем малавядомыя. Два зайцы адным стрэлам.

Кніга

У гэтай кнізе — 300 тэкстаў ад 100 аўтараў. Калі ня браць пад увагу паэтычныя анталёгіі, дык мы, магчыма, устанавілі рэкорд у беларускай выдавецкай справе паводле колькасьці тэкстаў і аўтараў, апублікаваных пад адной вокладкай. Але рэч тут не ў выдавецкіх ці літаратурных рэкордах.

Як сказаў славуты ірляндзец Джэймс Джойс, «літаратура ёсьць адвечным сьцьвярджэньнем чалавечага духу». Я ўпэўнены на ўсе 100 адсоткаў, што наша рубрыка «100 словаў» на Свабодзе ў першую чаргу служыла і служыць якраз гэтаму адвечнаму памкненьню — зразумела, у меру нашых магчымасьцяў і нашай вагі ў літаратуры. І спадзяюся, што наша кніга — годнае сьцьвярджэньне беларускага духу сёньня.

Спасылкі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG