Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«100 словаў», «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе»; укладальнік Ян Максімюк; Радыё Свабода 2017.

Прызнаюся, у мяне ёсьць залежнасьць. Ня надта прыемная, як любая залежнасьць, але вельмі сучасная і даволі распаўсюджаная. Большасьць свайго вольнага часу я з галавою праводжу ў фэйсбуку. Там я дазнаюся апошнія навіны на паўтузіне моваў, камунікую, працую, ці проста баўлю час, разглядваючы фотаздымкі і карцінкі «сяброў» або чытаючы іхнія задаволеныя, заклапочаныя, абураныя, ухвальныя ці філязафічныя паведамленьні. Магчыма, нам, інтэрнэт-залежным, трэба лячыцца, а, магчыма, такім у выніку зробіцца ўсё насельніцтва зямлі, бо як жа іначай жыць у інфармацыйным грамадзтве?..

уся наша культура будзе падладжвацца пад сацыяльныя сеткі

Паступова і ўся наша культура будзе падладжвацца пад сацыяльныя сеткі, перайначвацца па сваёй форме, зьмяняцца да непазнавальнасьці, але ўсё гэтак жа гаварыць пра актуальнае і вечнае, пра сьвет унутраны і сьвет зьнешні, пра боль і радасьць, пра сум, пра сорам, пра любоў і пра сьмерць. Ды толькі гэтыя зьмены адбываюцца ўжо цяпер, варта толькі азірнуцца, каб заўважыць. Як на мяне, новая кніга з сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе» — «100 словаў» — добрае таму сьведчаньне.

300 тэкстаў аўтарства сотні аўтараў і аўтарак сабраныя пачынальнікам аднайменнай рубрыкі на сайце «Радыё Свабода» Янам Максімюком. На вокладцы жанчына, разьдзетая па модзе ХІХ стагодзьдзя. Пад пажадлівым вокам мастака Тэадора Русэля яна, маладая і голая (гэтая мадэль зробіцца яго каханкай і народзіць яму дзіця), чытае тонкую кнігу — ці ўсё ж часопіс? Наколькі зручна чытаць голай — гэтае пытаньне зацікавіла мяне яшчэ тады, калі «Чытачку» абралі сымбалем рубрыкі «Варта». Чытаньне — звычайна працяглы працэс, напэўна, ногі пачынаюць мерзнуць, рукі, грудзі… Ці, можа, карцінка абраная як сымбаль аголенасьці чытача_чкі і аголенасьці пісьменьнікаў ды пісьменьніц?

аголенасьць, падаецца, і ёсьць мэтай шматлікіх аўтараў

Аголенасьць, шчырасьць, падаецца, і ёсьць мэтай тых шматлікіх аўтараў, чые развагі ўвайшлі ў гэты том. Кожны ці кожная зь іх хочуць сказаць пра сваё і сябе, падзяліцца ўласным або абурыцца чужым. «Сапраўдныя» пісьменьнікі часьцяком хаваюцца за сваімі вялізнымі «фаліянтамі» прыдуманага і непрыдуманага, тояць сваю самасьць на шматлікіх старонках, нават паэты ў той пары дзясяткаў словаў, якіх дастаткова для аднаго-адзінага верша, здольныя замаскавацца так, што век не пазнаеш у іх чалавека. Можа, толькі ў дзёньніках ды прыватных лістах раскрываюць пісьменьнікі сваю чалавечнасьць і сваю жывасьць. А яшчэ ў фэйсбук-пастах…

гэта найперш кніга пра наша беларускае чалавецтва

Амаль усе аўтары і аўтаркі «100 словаў», за мізэрным выняткам, у гэтых тэкстах тоесныя самі сабе, усе яны жывыя людзі. Прынамсі, такое складваецца ўражаньне. Таму для мяне гэта найперш кніга пра чалавечае (а часам і занадта чалавечае) і наша беларускае чалавецтва. Як і карыстальнікі сацыяльных сетак, яны пішуць пра тое, што іх хвалюе ці ўспамінаецца ў пэўны момант жыцьця. Напэўна, калі нашы нашчадкі, што будуць жыць праз стагодзьдзе, захочуць даведацца ня толькі тое, якія палітычныя падзеі ўстрасалі «краіну пад белымі крыламі», а і тое, пра што думалі яе «бяскрылыя» насельнікі, то гэты стракаты дзёньнік быў бы добрай ілюстрацыяй і карысным матэрыялам.

Дык пра што ж яны думалі? Ды пра ўсё! Тры сотні тэкстаў у кнізе разьбітыя на сямнаццаць разьдзелаў, вось назвы толькі некаторых зь іх: «Моўнае», «Палітычнае», «Таямнічае», «Траўматычнае», «Грамадзкае», «Пра коцікаў, сабачак і іншых», «Сямейнае», «Кулінарнае»… Самы першы, «Кнігалюбны», разьдзел пачынаецца тэкстам пад назвай «Бібліятэка Будучыні» Яна Максімюка. Крыху пэсымістычна, а, можа, і какетліва разважае ўкладальнік пра лёс папяровай кнігі і літаратуры наогул, задаючы тон для далейшага чытаньня нашчадкамі. Мэлянхалічны, разважны і вельмі настальгічны.

настальгія – адна з асноўных тэмаў гэтай кнігі

І настальгія — адна з асноўных тэмаў гэтай кнігі. У пачатку «100 словаў» Васіль Аўраменка піша, што «люстра беларускай душы здаўна перакуленае ў мінулае». Гэта і пошук асалоды ў кнігах прачытаных даўно пісьменьнікаў, і салодкая туга па шчырасьці 90-х, і адчуваньне высакароднасьці семачак у газэтным кульку, і журба васьмігадовага хлопчыка па дзетсадаўскім мінулым, і ўспаміны пра лазьні ды прыгажосьць жыцьця ў бедныя пасьляваенныя гады… Як часта ў думках, паглынутыя штодзённасьцю, мы зьвяртаемся да тых часоў, калі былі шчасьлівыя, вольныя, сьмелыя ці проста маладыя.

Але ж і штодзённасьць, ня шэрая й нудная, а раскрытая, нібы дробная кветка пад плотам, таксама зрабілася тэмай гэтай кнігі. Хваробы хатніх жывёлаў, што часам так нас засмучаюць, праца ў садзе, вандроўкі, вершы, якія мы чытаем, мова, якую абіраем… Штодзённае змаганьне з сабой і ўладамі, невытлумачальнасьць сьвету і тыя раны, што нам прычыняюць людзі, сьмерць блізкіх…

гэтыя тэксты ня маюць даты

Я ўжо так шмат сказала пра часавасьць гэтай кнігі: настальгія, успаміны, дзёньнікі, штодзённасьць… Але тое, што ўсё ж мусіла б быць згадана побач з кожным тэкстам, адсутнічае. Гэтыя тэксты ня маюць даты, яны пастаўленыя як бы па-за часам, хаця ўсё ў іх магчымае толькі ў прывязцы да пэўнага моманту… Таму так забаўна чытаць тэкст Аляксандра Лукашука пра яшчэ не атрыманую беларусамі самую важную літаратурную прэмію сьвету: «З Нобэлеўскага п’едэстала загаварыла б уся наша задушаная, закатаваная, расстраляная ў ХХ стагодзьдзі літаратура і мова. Яна б уваскрэсла, як Хрыстос пасьля зьняцьця з крыжа». І праз пару старонак — водгук Аляксея Знаткевіча на абурэньне беларусаў нобэлем для Сьвятланы Алексіевіч. І так горка ўспрымаюцца запісы паэта Ігара Канановіча, якога на момант выхаду кнігі ўжо няма ў жывых.

усе тэксты маюць сваю карцінку

Затое ўсе тэксты маюць сваю карцінку. А кожны карыстальнік сацсетак добра ведае, што допіс з карцінкай карыстаецца значна большым посьпехам, чым без. Часам цікава разгадваць, па якім крытэры Ян Максімюк аб’ядноўваў тэкст і ілюстрацыю: напрыклад, допіс пра рак роднага чалавека з карцінай дацкага мастака пазамінулага стагодзьдзя, і знаходзіць разгадку.

Напэўна, «100 словаў» — гэта ня тая кніга, якую трэба чытаць ад пачатку да канца і ўсе тэксты запар. Постмадэрнісцкае шматгалосьсе, хоць і ўпарадкаванае па прынцыпах ХІХ стагодзьдзя, мусіць гаварыць з намі тады, калі мы засумуем па чалавецкасьці, па жывым, тонкім і сапраўдным у нас саміх.

Юля Цімафеева

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG