Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ян Максімюк: «100 словаў» — кніга пра жыцьцё як прыватную справу


Ян Максімюк

Размова зь Янам Максімюком, апекуном рубрыкі «100 словаў» і ўкладальнікам аднайменнай кнігі, якая нядаўна выйшла ў «Бібліятэцы Свабоды».

Сяргей Шупа: Які быў першы імпульс для рубрыкі «100 словаў» на Свабодзе?

Ян Максімюк: Сёньня мне думаецца, што «першых імпульсаў» было некалькі, але ня ўсе яны выразна помняцца пасьля двух з паловай гадоў існаваньня рубрыкі на нашым сайце.

Напэўна адным зь імпульсаў была патрэба — якая ў рэдакцыі ўзьнікае штогод пасьля летніх вакацый — прапанаваць нешта новае ў эфір і/або на сайт Свабоды. Паколькі ў 2014 годзе было ўжо вядома, што нашы пэрспэктывы як эфірнага радыё на кароткіх і сярэдніх хвалях даволі мізэрныя, трэба было прапанаваць нейкі інтэрнэтны праект. Гэта па-першае.

Па-другое, хацелася рабіць нешта, што будзе ангажаваць ня толькі і ня столькі мяне, колькі слухачоў і чытачоў Свабоды. У гэтым сэнсе ў мяне быў вельмі файны досьвед са штотыднёвай перадачай «Званочкі», якую я вёў пяць гадоў, у 2009–2014. Мне вельмі падабалася працаваць з аўдыторыяй у фармаце «на роўных» — я там быў усяго адным з удзельнікаў, зь якім слухачы і іншыя ўдзельнікі перадачы спрачаліся, якога лаялі (нярэдка нецэнзурна), на якога крыўдзіліся і абражаліся, але тым ня менш ня кідалі слухаць і званіць на аўтаадказьнік. Пасьля закрыцьця гэтай перадачы ўтварыўся «незапоўнены прагал» у маім прафэсійным жыцьці, і мне зноў захацелася такога кантакту «на роўных» з аўдыторыяй. У выніку — атрымалася рубрыка, у якой можна пачытаць тэксты як вядомых пісьменьнікаў і журналістаў, так і звычайных чытачоў нашага сайту. І я ў гэтай рубрыцы — усяго адзін з аўтараў…

І па-трэцяе — чыста асабісты імпульс. Мне заўсёды хацелася рабіць для Свабоды рэчы, зьвязаныя не з палітыкай ці эканомікай, а хутчэй з культурай. Зь літаратурай, музыкай, мовамі… Гэта маё. Калісьці я з зайздрасьцю слухаў расповеду Ігара Памяранцава, як ён у расейскай службе Свабоды адваяваў сабе права рабіць тое, што яму па душы. Ну, у расейскай службе ў разы больш журналістаў, чым у нашай, і я разумеў, што ніхто з нас ня можа дазволіць сабе рабіць толькі тое, што яму найбольш падабаецца. Тым ня менш, у рамках існуючага парадку я паступова дабіўся памяркоўнага прагрэсу і пераканаў кіраўніцтва, каб яно дазволіла мне весьці такія рубрыкі, як «Варта», «Музыкалка», «Радасьці жыцьця» і «100 словаў». Але ад пісаньня пра палітыку, эканоміку, войны і тэракты ніхто мяне ня вызваліў…

Кніга "100 словаў"
Кніга "100 словаў"

СШ: Людзі пішуць у рубрыку пра рознае. У кнізе ты падзяліў 300 выбраных тэкстаў на 17 разьдзелаў, прыкладам, «Кнігалюбнае», «Турыстычнае», «Траўматычнае», «Рытуальнае», «Садова-агароднае», «Сямейнае»… Пра што ў рубрыках і ў кнізе няма, але табе хацелася б, каб было?

ЯМ: Ведаеш, я не адчуваю нейкага вострага тэматычнага недахопу ў стаслоўях. Аўтары нам пішуць практычна пра ўсё: пра прыход у жыцьцё і сыход зь яго, пра задавальненьне і радасьць ды зьнявер і адчай, пра прыгажосьць і гідоту, пра каханьне і нянавісьць… Тут я абсалютна задаволены. Я якраз гэтага і чакаў ад рубрыкі ў першую чаргу — ня столькі камэнтараў або рэакцый на бягучую грамадзка-палітычную сытуацыю (хаця іх у рубрыцы і ў кнізе таксама дастаткова), колькі рэфлексіі або погляду, калі можна так сказаць, на жыцьцё як на прыватную справу. Гэта вельмі важна, калі людзі пішуць ня толькі пра тое, як ім трэба жыць у грамадзтве, але і пра тое, як ім насамрэч жылося і жывецца ў прыватным сьвеце.

СШ: Чым праект нечакана ўзрадаваў?

ЯМ: Якраз рэакцыяй удзельнікаў. Людзям, гэта сёньня выразна бачна, спадабалася такая форма самавыяўленьня — сьціслая аб’ёмам і вольная тэматыкай. Спачатку ў мяне была боязь, што рубрыка ня выйдзе па-за кола «прафэсіяналаў» — то бок людзей, якія так ці іначай бавяцца ў жыцьці літаратурным або калялітаратурным заняткам: пісьменьнікаў, перакладчыкаў, журналістаў… А мне ж моцна хацелася, каб мы выйшлі па-за гэтае кола і каб рубрыку не закрылі празь недахоп якасных тэкстаў. Таму я, як помніш, на самым пачатку хадзіў-маліў і цябе, і іншых рэдакцыйных калегаў, каб вы падставілі плячо і пісалі па адным ці па два тэксты на месяц, каб такім чынам раскруціць махавік рубрыкі і, што важнейшае, паказаць шырэйшай аўдыторыі, якіх тэкстаў мы чакаем. Нават месячныя графікі рэдакцыйных тэкстаў у рубрыку я складаў. Дзякуй Богу, калегі прыслухаліся і дапамаглі раскруціць справу. Потым пайшоў паток тэкстаў звонку… У мяне цяпер пастаянны запас «публікабэльных» стаслоўяў як мінімум на тыдзень наперад…

СШ: Як назваць тое, што публікуецца ў рубрыцы — гэта літаратура ці не? І дзе пралягае мяжа паміж літаратурай і не-літаратурай?

ЯМ: Большасьць тэкстаў — гэта, па-мойму, літаратура. Можна, канешне, спрачацца, наколькі гэта якасная літаратура, але гэта — яна. Гэта жанр літаратурных мініятураў, мы насамрэч тут ня вынайшлі ровара. Хаця, жорстка абмежаваўшы памер тэксту да 100 словаў, мы па сутнасьці стварылі адметны від мініятуры ў эпоху смартфонаў і сацсетак — стаслоўе, якое зьмяшчаецца на экране прылады для чытаньня без патрэбы пракруткі…

Але, безумоўна, ёсьць сярод гэтых стаслоўяў і публіцыстыка, і нешта на памежжы публіцыстыкі і літаратуры… Я ня ведаю формулы, якая выразна вызначала б мяжу паміж літаратурай і не-літаратурай. Такую мяжу цяпер значна цяжэй правесьці, чым калі-небудзь раней — асабліва пасьля нобэляў для Сьвятланы Алексіевіч і Боба Дылана. Я кожны раз неяк інтуітыўна, на ўзроўні невымоўнага, вызначаю для сябе, ці маю дачыненьне зь літаратурай, ці не… А кажучы пра згаданых нобэлеўскіх ляўрэатаў: для мяне Алексіевіч — гэта, безумоўна, літаратура. А вось Дылан у некаторых сваіх тэкстах несумненна паэт, але ў большасьці — усяго тэкставік…

СШ: Якая роля ілюстрацыяў у рубрыцы «100 словаў»?

ЯМ: Нельга гэтыя карціны з ХІХ стагодзьдзя і ранейшых эпохаў суадносіць наўпрост са зьместам стаслоўяў. Але я лічу, што ўскосна, на ўзроўні нейкага адзіночнага матыву або агульнага настрою, карцінкі істотна дапаўняюць тэксты. Бязь іх, як мне падаецца, рубрыка не была б і напалову так прыцягальная, якой яна выглядае цяпер. Да таго, кожнаму, хто ўжо вырашыў раскрыць тэкст стаслоўя на сваім лэптопе ці смартфоне, рупіць хоць на момант задумацца, чаму тут такая карцінка, а ня іншая. А гэта, пагадзіся — ужо дадатковае вымярэньне ўспрыманьня тэксту…

Мабыць, варта тут сказаць пра яшчэ адзін аспэкт зьмяшчэньня рэпрадукцый старога жывапісу. За два з паловай гады мы апублікавалі больш за сем соцень рэпрадукцый вядомых, малавядомых і амаль невядомых мастакоў, стварыўшы такім чынам унікальны віртуальны альбом сусьветнага жывапісу зь беларускім кантэкстам і тэкстам. Гэта ж табе ня жартачкі…

СШ: Праект працягваецца. Якая мэта? Дзе і калі фініш?

ЯМ: У гэтым праекце, як мне адчуваецца, я ўжо набліжаюся да мяжы магчымага. Як некалі я падышоў да мяжы магчымага са «Званочкамі», калі перадача прыцягнула практычна ўсю аўдыторыю, якая яшчэ слухала Свабоду на кароткіх хвалях, але гэтая аўдыторыя ўжо не пабольшвалася, а хутчэй, з увагі на свой узрост, заўважна меншала… Тут мы, як здаецца, прыцягнулі ўжо ўсіх — калі не лічыць прафэсіяналаў пяра — ахвотных і здольных напісаць невыпадковую і літаратурна неблагую мініятуру-стаслоўе па-беларуску, якая была б вартая публікацыі. Магчыма, я гляджу на гэтую справу задужа пэсымістычна. Але не магу не падзяліцца гэтым адчуваньнем. Проста пул аўтараў «100 словаў» ужо перастаў пабольшвацца. Ёсьць дзясяткі два аўтараў, якім гэтая форма літаратурнага самавыяўленьня вельмі спадабалася і яны працягваюць пісаць добрыя тэксты ў рубрыку… Мне падабаецца іх публікаваць і занурацца ў альбомы з жывапісам, каб вышукваць штораз іншыя ілюстрацыі, але, відаць, рубрыку «100 словаў» чакаюць непазьбежныя мадыфікацыі ў недалёкай будучыні.

Прэзэнтацыі кнігі «100 словаў» з удзелам укладальніка Яна Максімюка адбудуцца ў Менску 27.04 (19:00, Прэс-клюб) і ў Горадні 28.04 (18:30, Цэнтар гарадзкога жыцьця).

Чытайце таксама:

Прэзэнтацыя кнігі «100 словаў»: сустрэнемся ў Менску і Горадні

Юля Цімафеева: Трыццаць тысяч чалавечых словаў

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG