Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начальства дае справаздачу: дзесяць тысяч літоўцаў (а таксама часткова палякаў) наведалі Горадню менш чым за шэсьць месяцаў.

Не прайшло паўгода, як выйшаў указ аб бязьвізавым дазволе для замежнікаў убачыць Аўгустоўскі канал і Горадню, і такія лічбы! Дзесяцітысячнай аказалася жыхарка Вільні, яе на вуліцы публічна павіншаваў чыноўнік. Кабета прызналася, што не бывала ў Беларусі з савецкіх часоў!

Калі верыць лічбам, то менавіта сёлета ўжо літаральна за тры з паловай месяцы ў Горадні пабывала восем тысяч замежнікаў. Турыст пайшоў касяком.

Як вядома, дазвол ім даецца на пяць дзён. І «бацька» цяпер у одуме: ці не павялічыць тэрмін? Правільнай дарогай ідзяце, таварышы, як аказалася. Хто б мог падумаць! Я быў перакананы: літоўцы ўспрымаюць краіну ў сваім паўднёвым «падбрушшы» як напалову варожую. І так і было. Яна сама аб гэтым заяўляла, што Літва для яе ня прыклад, што прыклад Літвы заганны, а вось мы як збочылі на сваю гравейку, так да сканчэньня сьвету будзем яе таптаць.

У каго падазрэньне выклікала, у каго проста сумневы Беларусь. Хто яе ведае, чаго ад яе чакаць? Але палітыка сапраўднай адкрытасьці, не на словах, дае плён. Толькі трэба не мянціць языком, а рабіць канкрэтныя крокі, канкрэтныя чыны.

На пешаходнай Савецкай сёньня літоўскую пачуеш часам амаль так часта, як расейскую. І гэта вельмі цешыць гарадзенцаў. Нарэшце мы ў сваім мядзьведжым куту паміж Польшчай і Літвой адчулі сьвежы подых, убачылі сапраўдных эўрапейцаў, зь якімі некалі ў адной загарадцы хлеб жавалі.

Часам яшчэ нягучна размаўляюць літоўцы на вуліцы, калі не натоўпам ідуць. Як і мы за мяжой бывае. Дый любыя іншыя, калі стрыманыя людзі. Міжвольная рэакцыя на іншае моўнае асяродзьдзе. Але гэта мінае. Сядзім у кавярні, заходзіць літоўская пара, пэнсіянэры, і давай па-свойму напоўніцу. І што яшчэ цікава: напачатку турыстычныя групы прыяжджалі ў выходныя, цяпер літоўцаў хапае ў любы дзень. Ну й палякі трапляюцца, польскія аўтобусы таксама бываюць.

Што гэта азначае? Што калі ты людзям сапраўды нешта добрае робіш, робіш рух насустрач, прыадчыняеш душу, яны гэта адчуваюць, рэагуюць. Канечне, даволі несур’ёзна, што начальства раструбіла: зарабілі на іх ажно семдзесят тысяч эўра! Досыць разьдзяліць лічбы адну на другую, атрымаем сем эўра з чалавека. Ну й прыбытак! Сьлёзы. Але насамрэч нічога сьмешнага. Начальства проста падлічыла грошы, атрыманыя за дазвол на бязьвізавы ўезд. Але літоўцы прыяжджаюць не паветрам дыхаць. Яны ў крамах, яны ў аптэках, у кавярнях. Хлеб гарадзенскі (але пэўнага гатунку) вымятаюць! Шакаляд, моцныя напоі. Купляюць вырабы народных майстроў на кірмашы на Савецкай. А што яшчэ трэба?! Ну, але падлічыць, ясна, не падлічыш, чэкі на мытні патрабаваць ня будзеш — хто колькі выдаткаваў. Адно зразумела: людзі прыяжджаюць і мяняюць свае эўра.

Дасьціпнікі ў чатах выдаюць «набор» — што літоўцы вывозяць: ёгурты, зэфір бабруйскі, бутэлькі ад «Крышталя», майткі «Мілавіцы», карвалол з валяр’янкай і гэтак далей. Так што цяпер больш літоўцы ў Горадню, чым гарадзенцы да іх.

Што яшчэ дадаць? «Бацька» лякальна абыграў літоўцаў з палякамі. Нечакана! Яны ўсё яму: давай дружыць 50-кілямэтровай зонай, а ён ніяк подпісам не змацоўвае. І прычына ясная. Цэны. Ніхто нічога свайго купляць ня будзе, толькі польскае ды літоўскае. І хто кіне камень у агарод?

Агульнавядомы прыклад: як толькі палякі пачалі масава вывозіць з Калінінградзкай вобласьці бэнзын ды іншыя рэчы, якія ў Польшчы даражэйшыя, адразу польскія ўлады прыпынілі справу, да 50-кілямэтровай зоны страцілі цікавасьць. У прэсе паявіліся салідныя лічбы: падаткавыя органы падлічылі, што бюджэт РП страціў вялікія грошы праз тое, што грамадзяне запраўляліся ў рускіх.

Дык чаму літоўцы адгукнуліся, чаму павалілі ў Горадню? У чым справа? А ў тым, што псыхалягічна гэта стварала няўтульнасьць. Нейкую падспудную пагрозу. Уся паўднёвая мяжа, прычым працяглая, зь якойсьці ня вельмі прыемнай тэрыторыяй, якая ганарыста называе сябе апошняй дыктатурай. І гэтак — дваццаць год! А людзі ў незалежнай Літве пасьпелі адвыкнуць ад вечнай ізаляцыі, ад колішняга жыцьця за жалезнай заслонай. Захацелася зазірнуць за глухі плот, калі зьнянацку запрасілі.

«Як заўсёды, дакладнае і своечасовае рашэньне нашага прэзыдэнта хутка дало станоўчы вынік!» — дзьме ў фанфары пастаянны ўдзельнік чатаў з добранадзейных грамадзян.

Яму на галаву вылівае цэбар халоднай вады наступны камэнтатар: «А ўяві сабе — зрабі ён гэта дваццаць год таму — што б было ўжо сёньня?»

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG