Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аргкамітэт Дня Волі вырашыў ісьці да Кастрычніцкай плошчы. Адказу зь Менгарвыканкаму пакуль няма


Belarus - Rally on Freedom Day in Minsk, 25Mar2016
Belarus - Rally on Freedom Day in Minsk, 25Mar2016

Сёньня ў Менску адбылося пасяджэньне аргкамітэту па сьвяткаваньні Дня Волі. Яго сябра і адзін з заяўнікаў акцыі на 25 сакавіка Зьміцер Касьпяровіч сказаў карэспандэнту Свабоды:

«Аргкамітэт прыняў рашэньне: паколькі на дадзены момант з боку ўладаў ніякага рашэньня няма, то зьбірацца а 14 гадзіне на пляцоўцы ля Акадэміі навук, дзе пройдзе мітынг, і рухацца ў бок Кастрычніцкай плошчы і там праводзіць мітынг. Вось плян пакуль такі. І заўтра чакаем рашэньня Менгарвыканкаму. Паглядзім, што будзе заўтра. Мы ж не выключаем, што будзе дазвол, і разьлічваем на яго».

Адзін з заяўнікаў Ягор Віняцкі сказаў, што аргкамітэт агучыў адмысловую заяву адносна акцыі на Дзень Волі:

«Нейкія іншыя варыянты, кшталту паходу на плошчу Незалежнасьці ці нешта яшчэ, былі расцэненыя як безадказныя і небясьпечныя».

«У тым выпадку, калі рух будзе перакрыты, заклікаем удзельнікаў акцыі не набліжацца да кардонаў і не ўступаць у сутыкненьні з супрацоўнікамі міліцыі», — гаворыцца ў заяве аргкамітэту.

Паводле Касьпяровіча, сёньня заяўнікі пакуль не атрымалі пісьмовага дазволу на правядзеньне акцыі, а сустрэчу з заяўнікамі ў Менгарвыканкаме зноў перанесьлі на заўтра.

«Нешта яны там мяняюць на хаду: то так, то так. Відаць, што ўчора яны хацелі нешта адно, а потым нешта памянялася, а потым зноў памянялася. Відаць, што ва ўладаў ідзе нейкая ўнутраная барацьба. Не выключаю, што і заўтра ў іх нешта можа памяняцца. А ў паштовай скрыні нічога няма».

Паводле Віняцкага, сытуацыя пакуль нявызначаная. Невядома, што адкажуць улады.

«Хутчэй за ўсё, яны або проста адмовяць, або пашлюць на Бангалор. Але мы ня маем права проста распусьціць гэтае сьвяткаваньне, бо народ павінен мець права на дэманстрацыю. Адмяняць гэта немагчыма. Тым больш што ніхто не зьбіраецца скідаць уладу. Гэта проста мірнае сьвяткаваньне нацыянальнага сьвята».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG