Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Клімаў: заявы Лукашэнкі пра ўзброеных баевікоў сьведчаць, што ўлады рыхтуюць сілавы разгон акцыі


Андрэй Клімаў

12 гадоў таму былы палітвязень і дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Андрэй Клімаў абвясьціў, што беларуская рэвалюцыя адбудзецца 25 сакавіка 2005 году. Улады разагналі арганізаваную ім 25 сакавіка акцыю пратэсту на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Дзясяткі ўдзельнікаў акцыі былі затрыманыя, Андрэя Клімава асудзілі на паўтара года «хіміі».

Сёньня Андрэй Клімаў сказаў, што катэгарычна раіць Статкевічу ды іншым арганізатарам сёлетняга шэсьця на Дзень Волі адмяніць акцыю. Чаму? Палітык распавёў у інтэрвію Свабодзе.

— Што 25 Сакавіка азначае для вас?

— Гэта дзень нараджэньня мяне як палітыка. 25 сакавіка 2005 году я стаў самастойным палітыкам, праявіў асабістую ініцыятыву, прадэманстраваў свой погляд на разьвіцьцё падзеяў. З часам, дзякуючы таму, што я ўжо быў самастойным палітыкам, я зразумеў, што такое 25 Сакавіка для гісторыі Беларусі. Я лічу, што гэта ёсьць днём нараджэньня Беларусі. Наша краіна — гэта не ВКЛ і ня Рэч Паспалітая, гэта новае дзяржаўнае ўтварэньне. 25 Сакавіка для Беларусі — гэта як Дзень Незалежнасьці ЗША 4 ліпеня.

— Як вы будзеце адзначаць 25 Сакавіка сёлета?

— У вузкім коле буду адзначаць. Я нікуды не запрошаны ў гэты дзень. Таму я не пляную ні ў чым удзельнічаць.

— Ці ўхваляеце вы ідэю аб’яднаць сьвяткаваньне Дня Волі і сацыяльныя пратэсты? Ці спрацуе такая ідэя?

— Абсалютна ня згодны і не ўхваляю. Сацыяльны пратэст — гэта пратэст электарату Лукашэнкі, які столькі гадоў падтрымліваў рэжым. Гэта людзі, якіх Лукашэнка звольніў з заводаў і якія цяпер перабіваюцца выпадковымі заробкамі і ловяць рыбу. Я лічу вялікай памылкай спробу апазыцыі далучыцца ці нават узначаліць сацыяльныя пратэсты. Лукашэнка ткнуў тварам у гразь тых, хто за яго галасаваў. Апазыцыя да гэтага ня мае дачыненьня. Калі я заклікаў выходзіць на вуліцу 25 сакавіка 2005 году, то гэты заклік быў скіраваны да сьвядомых грамадзянаў, каб паказаць уладам, што людзі супраць парушэньняў Канстытуцыі. Цяпер адбываецца некантраляваны бунт электарату, апазыцыі няма чаго там рабіць. Хай тыя, хто галасаваў за Лукашэнку, самі абрынаюць ягоную ўладу.

— Чаму вы так лічыце?

— Дэкрэт, які стаў каталізатарам пратэстаў, носіць — і пра гэта сказаў сам Лукашэнка — не матэрыяльны, а маральны характар. Гэта ня спосаб папоўніць бюджэт. Збор за «дармаедзтва» — гэта капейкі для бюджэту Беларусі. Дэкрэт носіць выразны маральны характар, улада абразіла свой жа электарат, назваўшы яго «дармаедамі». Рэвалюцыя ўжо пачалася, але гэта не рэвалюцыя апазыцыі.

У нечым я разумею яго. Статкевіч злавіў хвалю, ён у куражы, пакуль яшчэ не стары чалавек, на слыху. Але людзі да яго не ідуць. Вось колькі ён адзін зьбірае? Ну чалавек 500. А тут ўжо ёсьць пратэстоўцы, якіх толькі трэба ўзначаліць. Статкевіч хоча сарваць банк. Ён думае, што натоўп, які мусіць адправіць Лукашэнку ў адстаўку, зробіць яго прэзыдэнтам. Але гэта памылка. Нават калі Лукашэнку зрынуць, уладу атрымае нехта, хто ўжо сёньня ва ўладзе. Напрыклад, Качанава, якая, дарэчы, зьяўляецца аўтарам дэкрэту № 3.

— Што вы можаце параіць арганізатару ці арганізатарам акцыі 25 сакавіка?

— Толькі адно: адмяніць гэтую акцыю. Інсцэніроўкі нападаў на мяжы, паведамленьні Лукашэнкі пра ўзброеных баевікоў гавораць пра тое, што ідзе падрыхтоўка да сілавога варыянту задушэньня акцыі. І калі гэты сцэнар будзе выкарыстаны супраць «недармаедаў», то гэта толькі раззлуе грамадзтва. Калі супраць апазыцыі — то мы наступім на старыя граблі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG