Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Апазыцыя сама дае ўладам падставы выводзіць АМАП 25 сакавіка», — Мацкевіч


Уладзімер Мацкевіч

Мэтадоляг і аўтар «Белсату» Ўладзімер Мацкевіч хоча запрасіць на размову Міколу Статкевіча, Уладзімера Някляева, Анатоля Лябедзьку, Аляксея Янукевіча, Віталя Рымашэўскага, Паўла Севярынца і Юрася Беленькага, каб спытаць, чаму яны сваёй няздольнасьцю дамаўляцца правакуюць улады на жорсткае задушэньне акцыі 25 сакавіка.

— Спадар Уладзімер, што 25 Сакавіка азначае для вас?

— Гэта традыцыйнае сьвята. Гэта ня проста згадваньне пра стварэньне БНР, а сапраўды Дзень Волі.

— Як вы будзеце адзначаць 25 Сакавіка сёлета?

— Я мяркую схадзіць прынамсі да Акадэміі навук. Паглядзім, як там далей пойдзе. Таксама мы звычайна адзначаем 25 сакавіка з калегамі ў офісе.

— Чаму сёлета 25 Сакавіка асабліва важнае?

— Таму што гэтая дата стала добрай нагодай спалучыць сацыяльны пратэст з палітычным, а таксама з традыцыйным шэсьцем на 25 сакавіка. Але, на жаль, непадрыхтаванасьць нашых палітычных лідэраў і партыяў не дае магчымасьці сапраўды скарыстацца гэтай нагодай. Атрымліваецца, што сацыяльныя пратэсты ідуць самі па сабе, прычым зь вельмі невыразнымі патрабаваньнямі і лёзунгамі. А палітычнае жыцьцё ідзе само па сабе. Я думаю, што за кошт сацыяльнага пратэсту шэсьце 25 сакавіка будзе больш шматлюдным, чым звычайна, але не на шмат.

— У «Фэйсбуку» вы напісалі, што хочаце запрасіць у сваю перадачу «Размова», якая выходзіць на тэлеканале «Белсат», палітычных лідэраў, каб яны далі справаздачу. Ці зьвязана гэта з тым, што пералічаныя вамі палітыкі ня могуць дамовіцца пра фармат акцыі 25 сакавіка?

— Так, гэта зьвязана ў тым ліку і з гэтым. Цяпер існуе напружаньне ў грамадзтве. Шмат хто гаворыць пра акцыю 25 сакавіка. Гучыць шмат пытаньняў. Ёсьць розныя меркаваньні ў людзей. Хтосьці традыцыйна не зьвяртае ўвагі на палітыкаў і проста выходзіць на пратэсты. Хтосьці спадзяецца, што палітыкі пра нешта дамовяцца. Пытаньні насьпелі. Яны заўсёды насьпяваюць падчас грамадзкага напружаньня. Дык трэба неяк адказваць.

— Якія пытаньні трэба задаць палітыкам?

— Калі вы ня можаце дамовіцца, то хто ў гэтым вінаваты? І што зьяўляецца прычынай вашай няздольнасьці дамаўляцца? Ці можна агульнымі намаганьнямі ліквідаваць гэтую прычыну? Каму выгадна, каму на карысьць тое, што палітыкі ня могуць дамовіцца? Вось такія пытаньні насьпелі. Апазыцыя ня можа дамовіцца нават пра тое, каб кантраляваць маршрут шэсьця. Гэтая сытуацыя дае падставы для апанэнтаў, якімі ёсьць улады, сказаць: вы нічога не кантралюеце, нават саміх сябе. А значыць, мы маем усе падставы выводзіць АМАП і прэвэнтыўна затрымліваць актывістаў. Палітычныя лідэры, якія маюць дачыненьне да арганізацыі акцыі 25 сакавіка, павінна шчыра адказаць грамадзтву на гэтыя пытаньні.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG