Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вырашыць на месцы не атрымаецца», — Кастусёў пра акцыю 25 сакавіка


Рыгор Кастусёў

Намесьнік старшыні Партыі БНФ, кандыдат у прэзыдэнты 2010 году Рыгор Кастусёў зь недаверам ставіцца да ідэі Міколы Статкевіча ісьці на плошчу Незалежнасьці і там «вырашыць фармат далейшых пратэстаў».

Рыгор Кастусёў кажа, што такі сцэнар не спрацаваў у 2010 годзе, калі большасьць кандыдатаў у прэзыдэнты пагадзіліся весьці ўдзельнікаў пратэсту да рэзыдэнцыі Лукашэнкі, але ў выніку натоўп апынуўся каля Дому ўраду і пачаліся правакацыі.

— Спадар Рыгор, што 25 Сакавіка азначае для вас?

— Гэта тая дата, безь якой не было б незалежнай Беларусі. Я заўсёды адзначаю яе як сьвяточны дзень. Гэта для мяне традыцыя.

— Як вы будзеце адзначаць 25 Сакавіка сёлета?

— Я пляную быць на мерапрыемстве ў Менску, згодна з заяўкай аргкамітэту сьвяткаваньня Дня Волі. Ёсьць жаданьне і выступіць.

— Чаму сёлета 25 Сакавіка асабліва важнае?

25 сакавіка абавязкова мусіць адбыцца вулічная акцыя, людзі павінна апынуцца на сьвяце, але разумець, што палітыкі не забываюць пра іх сацыяльныя праблемы.

— Таму што ў гэтым годзе тэматычнае напаўненьне акцыі 25 сакавіка ўключае важныя сацыяльныя пытаньні, у тым ліку дэкрэт № 3. Я лічу, што на такіх мерапрыемствах немагчыма не зьвяртаць увагу на сацыяльныя і палітычныя праблемы ў краіне. Эканамічны стан беларусаў панізіўся да такой ступені, што некаторыя людзі ня ведаюць, як ім выжыць. Таму 25 сакавіка абавязкова мусіць адбыцца вулічная акцыя, людзі павінна апынуцца на сьвяце, але разумець, што палітыкі не забываюць пра іх сацыяльныя праблемы.

— Ёсьць два цэнтры прыняцьця рашэньняў пра фармат і маршрут акцыі. Гэта аргкамітэт сьвяткаваньня, куды ўваходзяць партыі і рухі, у тым ліку і Партыя БНФ, а таксама Мікола Статкевіч, які мае больш радыкальны плян — ісьці на плошчу Незалежнасьці. Як вы ставіцеся да гэтай сытуацыі?

— Для мяне вельмі важна, каб Дзень Волі — 2017 быў мірнай акцыяй. Каб арганізатары не падставілі ўдзельнікаў. Я хачу нагадаць некаторым гарачым галовам пра падзеі 19 сьнежня 2010 году. Лічу гэта важным, таму што ў прэсе гучаць думкі пра тое, што плян мерапрыемства трэба прымаць на месцы з улікам сытуацыі і колькасьці ўдзельнікаў. Такім чынам дапускаецца адхіленьне ад таго маршруту і пляну, якія прапаноўвае аргкамітэт. Падобная сытуацыя склалася ў 2010 годзе. Калі адбываліся падзеі на Кастрычніцкай плошчы, на ўзроўні кандыдатаў у прэзыдэнты і кіраўнікоў іх штабоў адбылася экстраная нарада. Бальшыня ўдзельнікаў гэтай нарады адхіліла прапанову аднаго з кандыдатаў ісьці на плошчу Незалежнасьці і вырашылі ісьці ў бок рэзэдэнцыі прэзыдэнта на вуліцы Карла Маркса, каб там патрабаваць свабоднага падліку галасоў, ня чынячы ніякіх штурмаў і гвалтаў. Але праз адсутнасьць загадзя вядомага і агучанага пляну атрымалася, што людзі апынуліся на плошчы Незалежнасьці. Чым гэта скончылася, усе ведаюць.

— У чым складанасьць прыняць рашэньне падчас самой акцыі, калі сапраўды можна дакладна ацаніць колькасьць удзельнікаў і іх настрой?

Прыняцьцё рашэньня на месцы ня мае станоўчага выніку, таму што розныя ўдзельнікі маюць розныя намеры.

— Звычайна прыняцьцё рашэньня на месцы ня мае станоўчага выніку, таму што розныя ўдзельнікі маюць розныя намеры. А трэба прыйсьці да агульнай згоды за вельмі абмежаваны час. Таму я адназначна ёсьць прыхільнікам таго, каб рашэньне пра фармат і маршрут любога вулічнага мерапрыемства прымалася толькі аргкамітэтам і толькі загадзя. Я спадзяюся, што ў супрацоўнікаў Менгарвыканкаму хопіць розуму задаволіць заяўку і дазволіць маршрут, пра які просіць аргкамітэт. Таксама я вельмі спадзяюся, што заяўнікі таксама зробяць усё магчымае падчас перамоў з уладамі, каб знайсьці кампраміс, які б задаволіў і ўдзельнікаў, і ўлады.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG