Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя разагнала акцыю апазыцыі на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, ёсьць затрыманыя (фота)


Валер Каліноўскі, Менск Каля 2 тысяч актывістаў апазыцыі прыйшлі на несанкцыянаваную акцыю з патрабаваньнем адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. На плошчу іх заклікаў вядомы палітык Андрэй Клімаў. Аднак апазыцыянэры былі блякаваныя АМОНам і выціснутыя з плошчы. Больш за дзясятак актывістаў былі затрыманы міліцыяй.

Цэнтар Менску сёньня быў блякаваны ўзмоцненымі сіламі АМОНу і вайскоўцаў — больш за два дзясяткі аўтобусаў з амонаўцамі стаялі ў ваколіцах Кастрычніцкай плошчы, паўтара дзясятка машын з унутранымі войскамі дзяжурылі каля прэзыдэнцкай адміністрацыі. Былі таксама службовыя сабакі і тэхніка Міністэрства надзвычайных сытуацыяў. Сілы дэманстрантаў былі больш сьціплымі, людзі прайшлі з нацыянальнымі беларускімі сьцягамі і сьцягамі Эўразьвязу, аранжавымі стужкамі і лёзунгамі ў абарону палітзьняволеных і з патрабаваньнем да А.Лукашэнкі сысьці з пасады.

Аднымі зь першымі на Кастрычніцую плошчу выйшлі прадпрымальнікі з асацыяцыі “Пэрспэктыва” з партрэтамі затрыманага лідэра арганізацыі Анатоля Шумчанкі і іншых палітвязьняў. Яны выказалі незадаволенасьць адказам Лукашэнкі на іх патрабаваньні.

(Прадпрымальніца: ) “Кіргізія паўстала... Грош цана беларусам — сядзець і глядзець, як разбураецца наша дзяржава. Сорамна беларусам. Чаму ў гэтай краіне нічога ня рухаецца, чаму тут мёртвы застой. Падзялілі ў свой час Савецкі Саюз, сталі ля ўлады кожны — і па 10–15 гадоў ня хочуць аддаваць уладу. Да якога часу гэта будзе?”

Арганізатар сёньняшняй акцыі Андрэй Клімаў прыйшоў каля 15-й гадзіны, аднак шэрагі АМОНу не далі яму магчымасьці ступіць на плошчу, як і сотням іншых ўдзельнікаў акцыі — актывістам апазыцыі, моладзевых арганізацыяў, пэнсіянэрам. Большасьць зь іх была блякаваная на ходніках праспэкту Скарыны, разьдзеленая шэрагамі АМОНу на часткі і выціснутая з плошчы. Андрэй Клімаў прызнаў, што яму разам зь іншымі давялося адступіць, але не па сваёй волі.

(Клімаў: ) “У нас падзеі толькі пачынаюцца, ад сёньня пачынаецца беларуская рэвалюцыя. І я думаю, яна закончыцца нашай перамогай. Я ўпэўнены, што да прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году мы зможам адхіліць Лукашэнку ад улады. Нас у Беларусі большасьць. Мы аб’яднаныя адным жаданьнем, якое не зьвязана з асобай Лукашэнкі альбо гэтымі амонаўцамі. Яно зьвязана з нашым дабрабытам і імкненьнем жыць у вольнай эўрапейскай краіне”.

Сярод дэманстрантаў, якіх адціскалі шэрагі АМОНу, быў дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Міхайла Ратушны. Ён зазначыў, што адчувае сябе так, нібыта вярнуўся ў маладосьць.

(Ратушны: ) “Мы прыехалі сустрэцца з украінскай грамадой і з дэмакратычнымі сіламі Беларусі ды прывітаць вас з днём Беларускай Народнай Рэспублікі. Свабоду не спыніць”.

Падчас процістаяньня дэманстрантаў і АМОНу было некалькі лякальных сутычак, адзін раз дэманстранты пачалі кідаць у міліцэйскія шэрагі сьнег і лёд. Міліцыя ў адказ затрымала больш за дзясятак найбольш актыўных удзельнікаў акцыі.

Фотарэпартаж (Аўтарскія правы на фатаздымкі належаць ByMedia)









XS
SM
MD
LG