Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надыходзіць час Бараноў. Як рыхтавацца? На што спадзявацца і куды сьцяліць саломку? Беларусы робяць свае прагнозы і складаюць гараскоп надзеяў на гэты год.

Баран (Авен)
Баран (Авен)

Сяргей Пальчэўскі, цясьляр, абаронца Курапатаў

Я, натуральна, варажыць ня ўмею, і хай прабачыць мне пастар Антоніё за ўдзел у гэтых забабонах, але ж паспрабую, зыходзячы з сваіх ведаў пра Барана, «навангаваць» вам лепшую будучыню на бліжэйшы час. Хоць казкі пра лепшую будучыню мы часта чуем, напрыклад, пра заробкі «па пяццот», але чалавечая натура патрабуе ўсё новых казак, таму слухайце і запамінайце.

Надыходзіць час Барана. І гэта ўжо гаворыць само за сябе. Баран — стыхія агню. Яму ўласьцівая ўпартасьць, мэтанакіраванасьць, ініцыятыва і актыўнасьць, імкненьне да барацьбы і — абавязкова — перамогі.

Таму зоркі будуць спрыяць таму, хто будзе дзейнічаць рашуча і ўпарта ісьці да сваёй мэты, нават калі здаецца, што ўсё бессэнсоўна і няма ні сілаў, ні магчымасьцяў перамагчы. Ня трэба ўпадаць у адчай нават у самай складанай сытуацыі, трэба рабіць сваю справу, і тады Бог даруе перамогу.

Спрыяць будзе ідэалістам, палітыкам, тым, хто ідзе да нейкай высокай мэты. Таму сьмела кідайцеся ў барацьбу і рабіце геройскія ўчынкі. Але памятайце, што ўчынак павінен быць не дзеля самога ўчынку, але дзеля дасягненьня мэты. У іншым выпадку вы рызыкуеце проста зьняславіцца.

Напрыклад, калі вы дзеля славы будзеце кідацца пад «МАЗы» і прыкоўвацца да іх, то можаце трапіць у шпіталь у Навінкі. Але калі дзеля высакароднай мэты, то ваш учынак дасьць плён. Галоўнае, каб вы былі на баку праўды. І тады Бог праз вас пераможа зло і дасьць славу і перамогу.

Але ня трэба прыпісваць яе сабе, каб ня згоршыцца. Трэба памятаць, што ўсякая перамога ад Госпада. Дык слаўце ж яго сваімі добрымі ўчынкамі і сваім жыцьцём.

Жыве Беларусь!

Марыя Мартысевіч, паэтка, перакладчыца

Калі б дзень 21 сакавіка намінаваўся на нейкую прэмію, яго б выклікалі на сцэну прынамсі тройчы.

Па-першае, як дзень вясновага раўнадзенства.

Па-другое, як Сусьветны дзень паэзіі.

Па-трэцяе — і гэта асабліва важна для нас — у гэты дзень Сонца традыцыйна ўваходзіць у знак Барана.

Невыпадкова менавіта ў гэты напоены сонечнай і творчай энэргіяй дзень сёлета ў Менску ўручаецца прэмія «Дэбют» імя Максіма Багдановіча. Кніжак, намінаваных на «Дэбют», я, праўда, не чытала. Навошта, калі ўсе мы разам ляцім да зор? Вызначыць найлепшую кнігу мне дапаможа астралёгія.

Першая тройка. На прэмію «Дэбют» выстаўленыя наступныя вершаваныя пылазборнікі (вой, я сказала гэта ўголас?!!): 1) Аляксей Арцёмаў, «Скрозь кілямэтры»; 2) Міхал Бараноўскі, VOLUMEN 1; 3) Ганна Комар, «Страх вышыні». Тры патэнцыйныя дармаеды — два беларусы і адзін грамадзянін Тулы, прадстаўнікі такой сумнеўнай у наш празаічны час лірычнай арыентацыі пазмагаюцца за тытул «Бачыш, мама, я не зусім афэлак».

Па-мойму, абсалютна ясна, што ў гэтай тройцы найбольшыя шанцы на перамогу мае паэт з Тулы Аляксей Арцёмаў, які нарадзіўся 27 сакавіка і, адпаведна, ёсьць Баранам паводле гараскопу. Спадзяюся, Аляксей прыімчыць на цырымонію «скрозь кілямэтры», пагатоў, паводле астролягаў, 21 сакавіка — «добры час на пераезды, падарожжы, перамены віду дзейнасьці». І — дадам ад сябе — грамадзянства, хоць прыхільнікі творчасьці гэтага «Багдановіча ХХІ стагодзьдзя» і так лічаць яго стоадсоткавым беларусам.

Міхал Бараноўскі нарадзіўся 1 сьнежня, Стралец. Знак, вельмі сымпатычны Баранам. На пытаньне, ці дапаможа супрацоўніку музэю Багдановіча ягоны літаратурны патрон Максім Адамавіч, гараскоп маўчыць. Але ўвага, Міхал: «Магчыма, у гэты дзень ваша асабістае жыцьцё чароўным чынам перапляцецца з прафэсійнай дзейнасьцю, што выкліча перамены ў вашым становішчы». На цырымоніі раю зважаць на дзяўчат, якія будуць найгучней пляскаць вашаму выступу.

Ганна Комар, Рыбы. «Вас будуць заўважаць паўсюль, дзе б вы ні зьявіліся, гэта надасьць вам упэўненасьці ў сабе», — абнадзейвае гараскоп. Але тут жа папярэджвае: «Любую непрыемнасьць успрымайце спакойна. Цёмная паласа жыцьця зьменіцца сьветлай і бязвоблачнай». Зрэшты, калі ляўрэаткай стане Ганна, будзе відавочна, што прэмія — падарунак ад журы ёй на дзень народзінаў, які яна адзначае 20 сакавіка.

Намінацыя «Проза». Андрэй Дзічэнка, «Сонечны чалавек». Андрусь Горват, «Радзіва „Прудок“». Уладзімер Садоўскі, «1813».

Андрэй Дзічэнка — 17 лістапада, Скарпіён. Калі выдавец не падманвае, аўтар кнігі крыху фантасмагарычных апавяданьняў пра сучасных маладых беларусаў. Па сабе ведаю: стасункі ў Скарпіёнаў з Авенамі — як у «зайцаў» з кантралёрамі. Зрэшты, паслухаем зорнікаў: «Дзень зьвязаны з дасягненьнем мэтаў, перамогай... над сабой. Для тых, хто займаецца самаадукацыяй і самаўдасканаленьнем, наступіць час прызнаньня і кармічнай адплаты». А вось «калі асоба недастаткова духоўна разьвітая, то магчымыя неспакой, стрэсы і зьнямога». Але, думаю, апошняе, Андрэю, дакладна не пра вас.

Андрусь Горват — 9 студзеня, Казярог. Сонца, праўда, у Баране, але ж Месяц, ён, родненькі, — у Казярогу! Зоры шэпчуць: «Верагодна, сёньня вы пачуеце шмат добрых словаў у свой адрас, што, безумоўна, будзе прыемна». І далей гендэрная прыпіска: «Мужчыны-Казярогі атрымаюць паведамленьне, якое дазволіць знайсьці новую крыніцу прыбытку». Што праўда, удзел у цырымоніі прэміі аўтара розгаласнага вясковага дзёньніка пад пытаньнем. Паводле месяцавага календара агародніка, 21 сакавіка — прыдатны дзень, каб пасадзіць: дайкон, кальрабі, брокалі, рэпу, моркву, бульбу, буракі, гарбузы, часнык і арахіс. Магчыма, Андрусь ня зможа прыехаць у Менск, бо яму тэрмінова спатрэбіцца садзіць арахіс.

Уладзімер Садоўскі, 19 сакавіка, — яшчэ адзін пад сузор’ем Рыбаў. Страх, агіда і зомбі-хорар у Маладэчне і ваколіцах. Чым вас абнадзеіць, Уладзімер? У 1813 годзе 21 сакавіка прыпала на нядзелю. Гэта добры знак.

Тры найлепшыя маладыя перакладчыцы: Адэля Дубавец пераклала з польскай мовы дакумэнтальную кнігу Вітальда Шаблоўскага «Танец мядзьведзяў» пра зьмены ў былых сацыялістычных краінах, якія сталі часткай Эўразьвязу. Надзея Кім пераклала з ангельскай любімую многімі кнігу хрысьціянскага фэнтэзі «Хронікі Нарніі: пляменьнік чараўніка» Клайва Стэйплза Льюіса. Сюзана Паўкштэла пераклала зь літоўскай нізку навэлаў «Бог дажджу» Альвідаса Шляпікаса — з анатацыі ясна хіба, што курыў выдавец, бо там напісана, што «гэтая кніга — грыбніца».

Адэля Дубавец — 22 ліпеня, Рак. «Неспрыяльны дзень. Магчыма, празь мінулыя памылкі ў справах і стасунках зь людзьмі ў вас будуць праблемы. Ня варта рабіць незваротных учынкаў, якія тычацца грошай». Адным словам, Адэля: калі я правільна зразумела, гэтыя злыдні і мегеры з журы могуць адмовіць вам у галоўным прызе праз кепскую карэктуру.

Надзея Кім, 19 траўня, Бык. «Неспрыяльны дзень для актыўных пачынаньняў і барацьбы. Магчыма, менавіта сёньня вас дагоняць нявырашаныя праблемы (перакладу. — М. М.) або мінулыя памылкі...» Ды што гэта такое? Само неба крычыць пра кепскі стан з вычыткай рукапісаў у беларускіх выдавецтвах!

І, нарэшце, Сюзана Паўкштэла — 13 лютага. І яна, і яе аўтар Шляпікас — Вадалівы, а з Вадалівамі ў Бараноў — мір і згода. Спадзяёмся, што хоць у Сюзаніным перакладзе ўсё ў парадку з рэдактурай... Але астрапрагноз трывожыць: «Напружаны дзень, зьвязаны з атрыманьнем непраўдзівай інфармацыі, крыўдамі, непаразуменьнямі». Няўжо яшчэ на адной прэміі сёлета арганізатары паблытаюць капэрты?

Зрэшты, Сюзана можа лічыць, што ўжо атрымала ўзнагароду — па прынцыпе кумаўства і зямляцтва. Бо нарадзілася ў адзін дзень са старшынём ПЭН-цэнтру Андрэем Хадановічам.

Як насамрэч закруцяцца сьвяцілы, мы даведаемся ўвечары 21 сакавіка.

Гэта была Марыйка, якой з гэтай прэміяй «Дэбют» усё даўно зразумела. Ня будзь, як Марыйка. Не варажы на кававай гушчы. Чытай кнігі!

Алег Дзячкоў, краязнавец, экскурсавод, грамадзкі дзеяч

Алег Дзячкоў
Алег Дзячкоў

Вясна ўступае ў свае законныя правы, абуджаецца і прырода, і чалавек. Нашы памкненьні і жаданьні сягаюць у гэтую бурліваю пару ўсё далей і далей. Нам хочацца выйсьці на прастор, на шырокі прастор Грамадою. На свае палеткі і сенажаці. Прайсьці забытымі ляснымі сьцежкамі, дзе нас яркімі фарбамі адораць вясновыя першацьветы.

Пасьля зімовай тугі і дрымоты гарадзкі брук зноў пакліча на шпацыр у Дзень Волі. Дзе мы, як заўсёды, сустрэнем сваіх даўніх сяброў і паплечнікаў. І прыязныя ўсьмешкі на вуліцы незнаёмых людзей, пробліск сонечных промняў праз хмары зноў абудзяць у нас Надзею.

Надзею нам дапаможа замацаваць ня толькі сьвежая рунь палёў і адчуваньне жыцьцёвага сьвітанку, але і ўпартасьць Барана нас нарэшце прывядзе да жаданае мэты. Упартасьць і настойлівасьць нас адорыць добрай навіной на Дабравесьце.

Мы адчуем сілу і прагу да зьменаў, да чароўнага пераўтварэньня прыроды і грамадзтва вакол нас. І нам самім, безумоўна, захочацца імкнуцца да зьменаў, рабіць і ствараць і нарэшце паверыць, што ніякі Хаўер нам больш ня страшны. І што мы самі здолеем усё зрабіць, як мае быць.

Мы і не заўважым, як навокал у гэтыя дні зьменіцца сьвет, больш рахманымі і менш сварлівымі стануць нашы суседзі і калегі, наша праца нарэшце дасьць доўгачаканы плён.

З пачуцьцём радасьці і спакою зьбяром сваіх самых любімых і блізкіх за сьвяточным сталом. І як і ў ранейшыя гады, як заўсёды, папросім сваю бабулю і маці зварыць смачны кісель і сьпячы «тонкіх» бліноў. І сямейнае сьвята Вялікадня нас агорне ўтульнасьцю і даўнім успамінам дзяцінства.

XS
SM
MD
LG