Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кнігарня Логвінаў: раскупляюць Жадана


Сяргей Жадан паказвае, што яму паставілі штамп у пашпарт, што яму забаронены ўезд у Беларусь. Менск, 11 лютага 2017 году

Пасьля забароны на ўезд у Беларусь і пасьля яе адмены попыт на творчасьць украінскага пісьменьніка Сяргея Жадана ўзрос.

Пра гэта Свабодзе паведаміў мэнэджэр кнігарні «Логвінаў» Яўген Ціханаў. Ён сказаў, што на гэты момант у продажы ёсьць толькі адна кніга Сяргея Жадана — раман «Варашылаўград», які прадаецца ў перакладзе на беларускую мову.

«У нядзелю, 12 лютага, попыт сапраўды павялічыўся. Менавіта пасьля ўсіх навінаў, зьвязаных зь Сяргеем Жаданом, вельмі актыўна пачалі пытацца ягоныя творы. У нас толькі „Варашылаўград“ ёсьць, таму яго і набываюць», — сказаў Ціханаў.

Ён таксама адзначыў, што пакуль не стаіць пытаньня дадрукоўваць наклад, таму што кніга ёсьць у наяўнасьці.

Сяргей Жадан прыехаў у Менск 10 лютага, каб браць удзел у фэстывалі памяці Міхася Стральцова «Вершы на асфальце». Раніцай 11 лютага стала вядома, што яму паставілі штамп у пашпарт аб забароне на ўезд у Беларусь на нявызначаны тэрмін. У нумар гатэлю ў Менску каля дзьвюх гадзін ночы да яго ўварваўся міліцэйскі патруль. Нічога не тлумачачы, міліцыянты даставілі Сяргея Жадана ў пастарунак, потым павезьлі ў Ленінскі РУУС. Сяргей Жадан распавёў Свабодзе, што ў 2015 годзе яму быў забаронены ўезд на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі з фармулёўкай «за датычнасьць да тэрарыстычнай дзейнасьці». Забарона аўтаматычна пераходзіць і да Беларусі з Казахстанам.

Увечары 11 лютага МУС распаўсюдзіў заяву пра тое, што забарона датычна Сяргей Жадана ануляваная. Сам пісьменьнік даведаўся пра гэта, выступаючы ў кавярні «Грай», дзе праходзіла частка фэстывалю. Уночы на 12 лютага ён зьехаў у Кіеў, як гэта плянаваў яшчэ да свайго затрыманьня.

У інтэрвію, якое Сяргей Жадан даў Свабодзе на менскім чыгуначыным вакзале, ён сказаў, што вернецца ў Менск у траўні — на гэты час заплянаваны канцэрт панк-гурту «Сабакі ў космасе», у якім сьпявае пісьменьнік.

XS
SM
MD
LG