Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус і сьмецьце


Новыя кантэйнэры на сьмецьце ў гарадзенскім падворку
Новыя кантэйнэры на сьмецьце ў гарадзенскім падворку

Чарговы раз трапіўся на вочы загаловак: ля Горадні запрацуе сучасны завод перапрацоўкі сьмецьця. Хоць ушчыкні сам сябе. Колькі такіх загалоўкаў ужо было.

Паўгода назад павінны былі запусьціць. Але мабыць ня ўсё яшчэ вытанцоўваецца. Хаця ў тэставым рэжыме, як паведамлялася, прадпрыемства дзейнічае.

Будавалі кітайскія рабочыя, крэдыт, дваццаць восем мільёнаў эўра, выдаў Сусьветны банк.

Здаецца, не такое складанае прадпрыемства, але важданіна была досыць доўгай. Нават пасьля таго ўжо, як месца прызначылі. А былі, між іншым, нават грамадзкія слуханьні. Народу далі два асноўныя месцы на выбар. Першае: у санітарнай зоне «Азоту». Нібы самае тое. Але — блізка ад гораду. Ну й пабудавалі пад самай польскай мяжой у экалягічна чыстай зоне. Праўда, там жа і палігон цьвёрдых бытавых пазадкаў быў створаны. Слушна ці не, але так было зроблена.

І дзьвесьце працоўных месцаў — калі ласка. Будзе. І абяцаюць тры зьмены, кругласутачную працу. Хаця загружанасьць можа вагацца. Чаму? Ну, напрыклад. Спэцыялісты катэгарычныя ў высновах: чым лепей з дабрабытам, тым болей сьмецьця. Нотабэнэ: ад аднаго гарадзенца ў сярэднім за год утвараецца яго паўтоны. І апошнімі гадамі звалка запаўнялася хутчэй, чым меркавалі. Калі прагноз рабілі, заробкі былі больш сьціплыя. Потым пасьледавалі дырэктыўныя ўказаньні, сярэднія дасягнулі пяцісот даляраў, затым на сто болей і папаўзьлі вышэй. Наперадзе маячыла абяцаная тысяча.

Горадня магла патануць у сьмецьці. Тысяча пагражала ў гэтым сэнсе страшнымі наступствамі. Тым больш рэальна да перапрацоўчага заводу так і не даходзілі рукі, усё было на стадыі падрыхтоўкі.

Але здарылася тое, што здарылася. Наколькі памятаецца, заробкі ўпалі прыблізна да двухсот сарака. Сярэднія, само сабой. Ад народу стала паступаць менш сьмецьця. І прырода магла крыху ўздыхнуць. А стваральнікі перапрацоўчага заводу часова перасталі адчуваць пагрозьлівы «подых у патыліцу».

Аднак дабрабыт не стаяў на месцы і пачалося наганяньне страчаных пазыцый. Прывід гораў сьмецьця пад мяжой зноў пачаў набываць пагрозьлівыя памеры. Але нарэшце пабудавалі завод. І своечасова. Прычым вельмі. Бо зноў абяцаюць пяцьсот даляраў.

У гуманітарыяў з матэматыкай ня вельмі, як добра вядома. І таму хочацца спадзявацца, што калі пяцьсот даляраў адпавядаюць паўтоне сьмецьця за год, то тысяча зусім ня будзе азначаць — тону. Іначай сапраўды страшна падумаць.

У горадзе паявіліся нарэшце сучасныя кантэйнэры для сартаваньня сьмецьця. Большасьць нібы была гатовая. Тым больш, калі напісана «папера» ці «шкло» (па-расейску, зразумела), то дзіцяці зразумела, што туды ўкідаць. Але на наступным слова «плястмаса», і некаторым ужо трэба крыху напружыцца. Бо раней на сятчатай скрыні для пустых бутэлек было напісана «плястык».

О, гарадзенскі народ! Апошні кантэйнэр, для ўсяго астатняга сьмецьця, паставілі збоку і надпісам не наперад. І сам надпіс, трэба гэта прызнаць, быў зроблены няўдала — бляклай фарбай. Частка жыхароў ня здолела разабрацца ў трох соснах. Мяхі са звычайным сьмецьцем сталі складаць грудам побач са скрынкай. А тым больш, што яе трэба расчыніць, да чаго людзі не прывыклі. І гэта працягваецца месяц, ня менш. Адны расчыняюць кантэйнэр і ўкідаюць унутр. А нехта працягвае класьці побач.

Я ня ведаю, можа патрэбныя курсы, «лікбез»? Век жыві, век вучыся. Было пару разоў, мне гаварылі: а вось у Польшчы абавязкова сплескваюць плястыкавыя бутэлькі, у кантэйнэры менш месца займаюць. Мне гэта вядома і я згодны. Але для Горадні перш важна, каб чалавек выкідаў плястыкавую бутэльку менавіта ў асобную скрыню. Сплескваць — гэта ўжо другаснае. Ня ведаю, адзін такі ці іх больш, але ў нас нехта абавязкова сплесквае такія пляшкі, але ўкідае ў агульную скрыню, хаця побач стаяла заўсёды другая, для ёмістасьцяў. І гэта пастаянна. Мы ж ня ў Польшчы.

Хаця ўсё адноснае ў гэтым сьвеце. Людзі сьвядома разам выкідалі бутэлькі і ўсё астатняе з плястыку. Апошнімі гадамі. А дворнічыха з ЖЭСу сварылася: іх прымушаюць потым выкідаць усё, апроч бутэлек. Вось такі ў нас быў нібы-збор плястыкавых адыходаў. І чамусьці сварылася кабета, што хутка напоўніўся кантэйнэр для шкла. Яго проста ўзялі ды забралі. А народ жа стараўся.

Можа зараз, калі запрацуе напоўніцу спэцзавод, такіх непаразуменьняў стане менш. Але «лікбез» для некаторых таксама патрэбны, меней будзе лішняй працы на заводзе.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG