Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яны там вельмі хітра паступілі ў Маскве», — экспэрт пра заяву ФСБ, што ведамства ня будзе ўводзіць памежны кантроль зь Беларусьсю


Андрэй Паротнікаў

Кіраўнік праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў пракамэнтаваў Свабодзе сёньняшнюю заяву Фэдэральнай службы бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі. ФСБ патлумачыла сёньня, што не плянуе ўводзіць кантроль на мяжы зь Беларусьсю.

«Я думаю, гэта гульня словаў. Будуць там памежнікі, будзе і кантроль. Толькі называцца будзе неяк інакш.

Давайце разгорнем загад аб рэжыме памежнай тэрыторыі і прачытаем, як адбываецца заезд у памежную зону. Хто гэта будзе кантраляваць і ў якім выглядзе?

Кантроль ня проста застанецца. Ён будзе пашыраны. І пашыраны ў разы. Справа ў тым, што цяпер кантралююцца толькі асноўныя трасы. А на лясных, прасёлачных дарогах кантролю няма. Калі ж уводзіцца памежная зона, там уводзяцца абмежаваньні па ўезьдзе, знаходжаньні і вядзеньні нейкай дзейнасьці на так званай стужцы тэрыторыі, пяцікілямэтровай, якая ідзе ўздоўж мяжы. І пытаньне: як яны будуць кантраляваць выкананьне гэтых абмежаваньняў? Толькі калі на ўсіх шляхах уезду ў тыя населеныя пункты, на тыя абшары, на якія распаўсюджваецца рэжым памежнай зоны, стала ці пэрыядычна будуць знаходзіцца расейскія памежнікі.

Калі расейцы не зьбіраюцца ўводзіць пунктаў памежнага кантролю і пропуску, гэта азначае, што фактычна захоўваецца забарона на ўезд у Расею з тэрыторыі Беларусі грамадзянаў трэціх краін. Фактычна гэта зьніжае транзытны патэнцыял нашай краіны. Бо цяпер, каб уехаць, трэба мець дзьве візы: беларускую і расейскую. І нават гэта не гарантуе, што цябе прапусьцяць. Бо пускаюць толькі празь міжнародны пункт. А ён толькі адзін! Калі ўжо пайшла такая справа, дык няхай бы расейцы ўводзілі такія пункты і надавалі ім статус міжнародных. Але ж яны гэтага ня робяць.

А замежнікі як не маглі праехаць празь Беларусь, так і ня будуць мець магчымасьці праехаць празь яе

Яны там вельмі хітра паступілі ў Маскве. Яны кажуць: мы ж вас, беларусаў, кантраляваць ня будзем. Так, фармальна яны кантраляваць ня будуць. Але ж фактычны кантроль будзе. А замежнікі як не маглі праехаць празь Беларусь, так і ня будуць мець магчымасьці праехаць празь яе».

ФСБ Расейскай Фэдэрацыі патлумачыла сёньня, што не плянуе ўводзіць кантроль на мяжы зь Беларусьсю.

«Усталяваньне памежнай зоны на расейска-беларускім участку мяжы не прадугледжвае памежнага кантролю асобаў, транспартных сродкаў, грузаў і адкрыцьця пунктаў пропуску празь дзяржаўную мяжу», — гаворыцца ў паведамленьні ФСБ.

1 лютага Расея паведаміла пра ўсталяваньне памежнай зоны на межах Смаленскай, Пскоўскай і Бранскай абласьцей зь Беларусьсю ў адпаведнасьці з загадам дырэктара ФСБ Аляксандра Бортнікава.

Раней памежных зонаў на межах субʼектаў Расеі зь Беларусьсю не было.

XS
SM
MD
LG