Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пашпартны кантроль беларуска-расейскай мяжы адноўлены, зьявіліся чэргі грузавікоў


Рэпартаж Свабоды з пункту пропуску «Красная Горка» на шашы М-1, дзе расейскія памежнікі плянуюць з 6 лютага разгарнуць памежную зону і дзе ўжо адноўлены пашпартны кантроль.

Чарга грузавікоў на беларуска-расейскай мяжы
Чарга грузавікоў на беларуска-расейскай мяжы

Welcome to Russia!

Шаша Брэст — Масква перасякае беларуска-расейскую мяжу ў населеным пункце Красная Горка. На падʼезьдзе да Краснай Горкі памежных слупоў абапал дарогі няма. Пра тое, што заяжджаеш у Расею, інфармуе электроннае табло: «Добро пожаловать в Российскую Федерацию! Welcome to Russia!».

За сьпінай застаецца вялізны манумэнт з чырвона-зялёным беларускім сьцягам і расейскім трыкалёрам
За сьпінай застаецца вялізны манумэнт з чырвона-зялёным беларускім сьцягам і расейскім трыкалёрам

Расейскі памежнік — вайсковец з жэзлам, як у супрацоўніка ДАІ, у зялёнай камізэльцы з надпісам на сьпіне «ПС ФСБ», што значыць «Памежная служба Фэдэральнай службы бясьпекі». Менавіта такі памежнік стаіць перад намі на шашы і жэзлам загадвае спыніцца, а потым пытаецца пра пашпарты. «Ваш. А цяпер — кіроўцы».

Памежнік у жоўтай камізэльцы. Сфатаграфаваць яго ўдалося толькі здалёк, твары здымаць забаронена
Памежнік у жоўтай камізэльцы. Сфатаграфаваць яго ўдалося толькі здалёк, твары здымаць забаронена

Гэтак спыняюць усе аўтамабілі, якія едуць у Расею зь Беларусі. Але, кажуць беларускія дальнабойшчыкі, якія чакаюць сваёй чаргі на вэтэрынарны і санітарны кантроль, цяпер расейцы сталі правяраць і аўто, якія едуць з Расеі. На беларускім баку ніякага кантролю няма, ані памежнага, ані вэтэрынарнага. Няма і чаргі ў бок Менску. А вось напрамак на Маскву забіты фурамі.

Пашпарты правяраюць двойчы

Кіроўца беларускай фуры Дзяніс, які возіць у Расею мяса, кажа пра апошнія зьмены ў парадках на беларуска-расейскай мяжы:

«Бывае, і днямі стаім, калі шмат фураў, пакуль гэты кантроль пройдзеш. Пашпарты і раней правяралі, але цяпер сталі нават двойчы. Спачатку як сюды заедзеш. Потым праходзіш вэтэрынарны і санітарны кантроль, выяжджаеш, дык зноў пашпарт глядзяць. Хоць усіх нас добра ў твар ведаюць. Відаць, новы загад атрымалі», — кажа Дзяніс пра расейскіх памежнікаў.

Кіроўца мяркуе, што калі беларускі бок увядзе такі самы пашпартны кантроль, дык іхная праца замарудзіцца ўдвая. Зь ім згодны Аляксандар, які возіць зь Віцебску малако ў Маскву:

«Норма — абарочваюся за суткі, але бывае і больш. Не хацелася б, каб нашы ўводзілі тое самае — і памежную зону, як расейцы, і санітарны кантроль. Тады тут будуць чэргі, як у 90-я. Але гэта палітыка, ад мяне нічога не залежыць».

Памежнікі ў камізэльках «ПС ФСБ»

Афіцэр расейскай памежнай службы, які не назваў сябе, папрасіў пашпарт і службовае пасьведчаньне і аднёс дакумэнты ў асобны будынак. Колькі там яшчэ памежнікаў, невядома, але на трасе рэгулярна працуюць трое ў камізэльках з надпісам «ПС ФСБ». Празь пяць хвілін афіцэр вярнуў дакумэнты і папрасіў прабачэньня за затрымку.

«А што тут будзе за памежная зона?» — пытаюся.

«Па камэнтар зьвяртайцеся да кіраўніцтва», — памежнік ухіліўся ад размовы, але дадаў, што «ўсё будзе зроблена дзеля паляпшэньня аховы дзяржаўнай мяжы».

Пры гэтым памежнік дазволіў здымаць агульныя пляны — «абы не было твараў памежнікаў».

Пакуль яшчэ не застава

Шараговыя памежнікі адмовіліся неяк акрэсьліць, што такое «Красная Горка» — застава, пункт памежнага кантролю ці яшчэ што. «Называйце проста — населены пункт Красная Горка. Інакш нам казаць забаронена».

Тут жа, на мяжы, разам з журналістамі беларускай службы Свабоды здымалі свой сюжэт супрацоўнікі аднаго з расейскіх тэлеканалаў. Расейскія памежнікі гутарылі зь імі даўжэй, здымаць не забаранялі, але пэўных зьвестак пра будучую памежную зону таксама не далі.

«Нічога ня кажуць. Відаць, самі ня ведаюць. Сказалі толькі, што нейкія знакі пэўна паставяць, але невядома, ці будуць гэта слупы, ці якія таблічкі», — падзялілася інфармацыяй расейская журналістка.

А раптам тэрарысты?

За 20 хвілін, што мы прабылі на Краснай Горцы, у бок Расеі праехала некалькі дзясяткаў легкавікоў, у бок Беларусі — значна меней. Усе легкавікі ў Расею спынялі для праверкі пашпартоў, некаторыя машыны аглядалі цалкам. З аднаго легкавіка высадзілі хлопца з заплечнікам. Грузін Зураб меўся заехаць у Расею празь Беларусь, прыляцеўшы ў Менск самалётам. У яго ёсьць расейская віза, але пільны расейскі памежнік прымусіў выйсьці з аўто.

«Сказалі, што можна толькі праз пэўныя гарады заяжджаць. Бліжэйшы — Бранск. Паеду ў Менск і адтуль буду дабірацца да Бранску», — сказаў расчараваны Зураб.

Расейскі памежнік сам спыніў для яго фуру, якая ехала ў Беларусь, і дапамог залезьці ў кабіну.

Памежнік падсаджвае Зураба
Памежнік падсаджвае Зураба

Чым людзі тлумачаць тое, што ўздоўж расейска-беларускай мяжы будзе памежная зона? Супрацоўнікі расейскіх страхавых фірмаў мяркуюць, што гэта адказ на «бязьвізавы ўказ Лукашэнкі»:

«Адназначна, гэта нашы ўзмацняюць мяжу, бо ад вас хлынуць замежнікі. Вы ж бязьвізавы рэжым прынялі, самі вінаватыя».

А на ўдакладненьне, што замежныя турысты бязь візаў змогуць быць у Беларусі толькі 5 дзён і гэта тычыцца толькі тых, хто прыляціць у Менск, расейцы адрэагавалі проста:

«Ды за 5 дзён можна ў Маскву і назад вярнуцца без праблем».

Кіроўцы — людзі збольшага кантактныя, ахвотна распавядаюць пра свае праблемы, хоць і ня хочуць сьвяціцца на фатаздымках. Але ня ўсе. Вось расеец Міхаіл, які даўно зарабляе на перавозках у Беларусь, падзяліўся сваімі трывогамі наконт узмацненьня аховы мяжы.

«Баюся, што вашы адкажуць тым жа, і тады тут сапраўды пачнуцца праблемы з транзытам. Але і нашы недарэмна ўзмацняюцца: а раптам якія тэрарысты да нас паедуць? Хаця вось не было б гэтых санкцыяў, дык ня трэба было б з Эўропай сварыцца. А так — гуляем у сапраўдную мяжу».

Бліжэй да абеду паток легкавікоў на трасе М-1 павялічыўся амаль удвая.

«Вы летам прыяжджайце, тут ідзе паток машын, як на Чорнае мора. Не ўяўляю: як яны будуць цяпер ня толькі пашпарты правяраць, але і кожны аўтамабіль аглядаць? Будуць заторы», — зрабіў прагноз кіроўца Аляксандар.

Глядзець камэнтары (4)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG