Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыве прыстасаванства!


Анастасія Дашкевіч

Хочаш ня хочаш, а Эўрабачаньне ніколі не мінае незаўважна. Заўсёдныя скандалы, інтрыгі, а часам нават цэлыя расьсьледаваньні. Гэтым разам мы цешыліся годнаму фіналісту — беларускамоўнаму гурту Navi, і адначасова злаваліся на Lermont.

І ўсё таму, што сьпеваку Васілю Селішчаву (гурт Lermont) прыпісалі словы пра сьмерць беларускай мовы, якіх, паводле ягонай вэрсіі, ён не казаў. І што цікава, музыка сам адшукаў тэлефоны рэдакцыяў незалежных мэдыяў, каб пазваніць і апраўдацца: «Вы ня так зразумелі: я люблю беларускую мову! Я сьпяваю сваёй дачцэ на ёй калыханкі!..»

Яшчэ гадоў пяць таму для многіх было няёмка заступіцца за беларускую мову.

Дзіўныя шляхі Твае, Госпадзе. Яшчэ гадоў пяць таму для многіх было няёмка заступіцца за беларускую мову. Нават маючы сымпатыю да роднага, той ці іншы наўпрост прамаўчаў бы. «Так, я выказаўся некарэктна, — думаў бы ён, — Але навошта губляць час ды апраўдвацца? Крыўдна, што так выйшла, але.. але... але... нікога ўрэшце тая мова не цікавіць.»

Але трэнды зьмяніліся, і тых, хто раней прамаўчаў бы альбо праігнараваў зьнявагу да мовы, нібы падмянілі. Я веру, што гэты малады сьпявак сапраўды шкадуе аб недарэчных выказваньнях, за якія яму давялося тлумачыцца. І цешуся, што прыйшоў час, калі мову не дабіваюць словамі «калгасная», «нікому не патрэбная», «штучная», «мёртвая», а наадварот, хапаюцца за галаву ад адной думкі, што цябе могуць запісаць у беларусафобы!

Як сказаў мой адзін дарагі сябар: беларус мае такі мэнталітэт, што перад тым, як нешта зрабіць, азірнецца направа і налева, і толькі калі там нешта робяць — таксама возьмецца. А калі не, дык не. Будзе чакаць. Нават калі сьвярбець будзе — ня стане першым.

Учора ён нацыянальны сьцяг называў «анучай калябарантаў», а сёньня кажа, што «гэта нармальная частка гісторыі».

Цікава, што гэты новы трэнд, датычны беларушчыны, дадае рашучасьці ня толькі душам, якія вагаюцца, але і душам, якія прадаюцца і прадацца радыя. О, гэта нахабнае прыстасаванства! Учора ён нацыянальны сьцяг называў «анучай калябарантаў», а сёньня кажа, што «гэта нармальная частка гісторыі»; учора — «усё беларускае ёсьць калгасным і недарэчным», а сёньня ўся сям’я здымаецца ў вышыванках.

І калі ў першым выпадку баязьлівы беларус, які няўпэнена трасе ў паветры кулачком, выклікае ў мяне пачуцьцё прыязнае («бедныя духам, якіх ёсьць Царства Божае...»), дык прыстасаванства выклікае цалкам іншую рэакцыю — агіду.

Агіду да няшчырасьці і каньюнктурнасьці. Разумеючы ўсю іх карысьць для спажыўца інфармацыі, я не цярплю такіх «Мікітаў Зносакаў», якія і маму родную прададуць, абы партыі спадабацца. Сёньня яму бел-чырвона-белы сьцяг нармальны, а заўтра ён з «трыкалёрам» у студыю зойдзе...

Але што паробіш, калі мэнталітэт у беларусаў адзін на ўсіх? І гэты тэлевядоўца са сьцягам, выкарыстаны як прыклад, зьяўляецца для гледачоў аўтарытэтам: яму ў рот глядзяць ды ківаюць галовамі. Народ спажывае іхныя ток-шоў, чытае інтэрвію і калёнкі ў газэтах, абмяркоўвае іх на кухнях. І хто ведае, можа дзякуючы менавіта гэтаму прадстаўніку старажытнай прафэсіі, пашырыцца кола беларусаў, якія зразумелі, што ім далі адмашку: «Можна! Можна Айчыну любіць!»

Няхай хлусяць, няхай млеюць, няхай ідуць за «партыйнай лініяй», якая на сваім чарговым віражы раптоўна супадзе зь лініяй дзяржаўніцкай і нацыянальнай ідэі.

Дык няхай жыве прыстасаванства! Няхай хлусяць, няхай млеюць, няхай ідуць за «партыйнай лініяй», якая на сваім чарговым віражы раптоўна супадзе зь лініяй дзяржаўніцкай і нацыянальнай ідэі.

Няхай лепш гэтыя «Мікіткі» стануць пад нашыя сьцягі, чым пад штандары варожыя. А ўжо жыць са сваім прадажным сумленьнем прыйдзецца ім самім.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Глядзець камэнтары (10)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG