Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Для апазыцыі гэта магчымасьць папіярыцца», — Класкоўскі пра кампаніі супраць дэкрэту аб «дармаедах»


Аляксандар Класкоўскі

Шэраг апазыцыйных структур распачалі ўласныя кампаніі супраць «падатку на дармаедаў». Экспэрты мяркуюць, што гэтыя ініцыятывы наўрад ці прывядуць да нейкіх адчувальных наступстваў.

Сёньня ў Менску збор подпісаў з заклікам адмяніць дэкрэт № 3 пачала Абʼяднаная грамадзянская партыя. Раней актывісты АГП ужо ініцыявалі збор подпісаў у Магілёве і Баранавічах.

«Усе нармальныя людзі павінны выступаць супраць гэтага дэкрэту, незалежна ад таго, ты палітык ці ты апалітычны, ты левы ці правы. Сёньня ёсьць сэнс абʼяднацца ўсім супраць гэтага ганебнага дэкрэту», — кажа старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці і грамадзкая арганізацыя «Прававая дапамога насельніцтву» ўчора таксама абвясьцілі пра пачатак збору подпісаў за адмену дэкрэту аб дармаедзтве. Кампанія мае доўжыцца месяц — ад 18 студзеня да 18 лютага. Акрамя збору подпісаў, кожны ахвотны атрымае ўзоры заяў, каб людзі маглі зьвяртацца па тлумачэньні ў падатковыя інспэкцыі, а пры адсутнасьці зьмястоўнага адказу — і далей, у тым ліку ў пракуратуру.

Рух «За свабоду» распачаў кампанію ў падтрымку жыхароў Беларусі, якіх дзяржава абвясьціла «дармаедамі». Юрысты руху гатовыя дапамагчы ў падрыхтоўцы скаргі ў падатковую і пракуратуру, а пры неабходнасьці таксама і прайсьці ўсе судовыя інстанцыі.

На пачатку лютага кампанія «Гавары праўду» плянуе правесьці ў Менску сход «дармаедаў» — грамадзкія слуханьні, куды запросяць тых, каго ўлада прызнала «дармаедамі».

Палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі ў інтэрвію Свабодзе кажа, што апазыцыя вымушана рэагаваць на незадаволенасьць грамадзтва дэкрэтам аб «дармаедах», хоць эфэктыўнасьць яе намаганьняў наўрад ці будзе высокай.

«Апазыцыя ўхапілася за гэтую тэму, таму што яна адносна новая. Старыя лёзунгі апазыцыі, агульныя і абстрактныя, усім прыеліся, а тут гарачая канкрэтная праблема, яна закранула даволі шырокі пласт людзей. Гэтая праблема накладаецца на агульны кепскі сацыяльна-эканамічны фон у краіне, таму нібыта з гледзішча паліттэхналягічнага яна выглядае зручна для апазыцыі. Таму мы бачым, што зьяўляюцца гэтыя ініцыятывы — збор подпісаў, звароты да Лукашэнкі... То бок працэс пайшоў. Для апазыцыі гэта магчымасьць паказаць, што яна яшчэ існуе, магчымасьць, калі казаць наўпрост, папіярыцца. Але, думаю, вялікіх наступстваў, саступак ад улады цяжка будзе дабіцца», — кажа ён.

Магчыма, празь нейкі час дэкрэт цішком адменяць, але не пад ціскам патрабаваньняў апазыцыі і тых людзей, якіх яна ўздыме на гэты пратэст

Класкоўскі мяркуе, што ня варта чакаць абʼяднаньня апазыцыі на глебе барацьбы з дэкрэтам № 3:

«Нібыта супярэчнасьцяў тут няма, сапраўды ўсе згодныя, што гэты дэкрэт кепскі і яго трэба скасоўваць. Але разам з тым разьлічваць, што нейкім цудоўным чынам апазыцыя на гэтай глебе абʼяднаецца, не выпадае. Па-першае, праблема ўсё ж прыватная, а па-другое, супярэчнасьці паміж некаторымі пэрсонамі ў апазыцыі занадта сурʼёзныя і застарэлыя — я ня ўпэўнены, што і да мясцовых выбараў 2018 году адбудзецца нейкае абʼяднаньне, стварэньне кааліцый і г.д.

Ёсьць яшчэ такі момант, як недавер да апазыцыі ў зьвязку з тым, што ўсё ж рэйтынг у яе ня вельмі высокі, цягнецца за ёй гэты даўні шлейф няўдач, там нават калі праблемы сапраўды актуальныя, то далёка ня ўсе, каго гэтыя праблемы закранаюць, так ужо рвуцца ісьці пад сьцягі апазыцыі. Мы гэта памятаем, напрыклад, па пратэстах прадпрымальнікаў: вялікая іх частка казала апазыцыянэрам — „дзякуй, але лепей бяз вас“».

Таксама Класкоўскі падкрэсьлівае, што ўявіць сабе пратэсты «дармаедаў» вельмі цяжка, бо надта розных людзей гэты закон закранае — гэта і сацыяльныя нізы (алькаголікі, бамжы), і людзі зь ценявымі заробкамі, і хатнія гаспадыні, і г.д.

«Можа быць сацыяльны марш рабочых ці дробных прадпрымальнікаў, але „дармаеды“ — гэта людзі розныя і своеасаблівыя. Сабраць гэтых людзей і неяк абʼяднаць дзеля пратэсту — вельмі праблематычна менавіта праз расьцярушанасьць гэтых умоўных дармаедаў», — кажа ён.

Да таго ж Класкоўскі лічыць: цяжка ўявіць сабе, каб беларускія ўлады пайшлі на саступкі апазыцыі.

«Для ўлады важна ня страціць твар, не паказаць сваю слабасьць. Менавіта таму Аляксандар Лукашэнка, які, мабыць, ужо і ўсьвядоміў, што гэты нарматыўны акт быў няўдалым, напісаў дэкрэт на дэкрэт, замест таго каб скасаваць яго цалкам. Скасаваць — гэта фактычна пасыпаць галаву попелам і прызнаць, што мы, груба кажучы, лахануліся ў гэтым пытаньні. А цьвёрдая аўтарытарная пэрсаналісцкая ўлада ня можа гэтага прызнаць.

А тут яшчэ апазыцыя пачынае гнаць хвалю. Для ўлады гэта таксама справа прынцыпу — не паддацца, не паказаць, што яна прагінаецца, што апазыцыя можа яе „нахіліць“.

Зыходзячы з гэтых акалічнасьцяў, можна прагназаваць, што ніякіх сурʼёзных пратэстаў ня будзе, на подпісы ўлада можа проста не зрэагаваць (так неаднойчы было ўжо). Магчыма, празь нейкі час дэкрэт цішком адменяць, але не пад ціскам патрабаваньняў апазыцыі і тых людзей, якіх яна ўздыме на гэты пратэст», — мяркуе палітычны аналітык.

Глядзець камэнтары (7)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG