Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У людзей адчай, няма грошай на прадукты і камуналку, а тут яшчэ гэты падатак», — праваабаронца пра дэкрэт аб «дармаедах»


Гарадзенскі праваабаронца Віктар Сазонаў

Гарадзенскі праваабаронца сьцьвярджае, што зь вялікай колькасьці людзей, якія пасьля Новага году пачалі зьвяртацца да іх па юрыдычную параду пасьля атрыманьня «лістоў шчасьця», пераважная большасьць шукалі працу, але так і не маглі яе знайсьці.

Паводле гарадзенскага праваабаронцы Віктара Сазонава, так званы дэкрэт аб «дармаедах» насамрэч моцна закрануў людзей у Горадні. Ён кажа, што нідзе афіцыйнай лічбы не падаецца, колькі ўсяго «лістоў шчасьця» разаслалі ў Горадні і вобласьці, але праваабаронцы ўжо зьбіліся з падліку, колькі гарадзенцаў да іх зьвярталася па юрыдычныя парады.

«Такі наплыў людзей я памятаю толькі пасьля так званых „маўклівых акцыяў“, калі хапалі ўсіх, хто на вуліцы пляскаў у далоні. І вось цяпер нешта падобнае. Прычым самыя розныя людзі: і ўзростам, і прафэсіямі, і сацыяльным статусам. Абсалютная большасьць гэтых людзей шукаюць працу, але ня могуць уладкавацца. І так атрымліваецца, што да нас яны прыходзяць папросту па ратунак, а гэта вельмі складана».

Сазонаў кажа, што частка людзей просіць парады, як бараніцца юрыдычна, якую выбіраць тактыку, куды скардзіцца, але большая частка гарадзенцаў, якія, як правіла, ня маюць ні досьведу, ні грошай на юрыдычную абарону, проста пытаюцца, што рабіць.

«Вы не ўяўляеце, які ў людзей адчай: многія ня маюць грошай ня тое, каб на падатак, — ня маюць, каб заплаціць за камунальныя паслугі, некаторым не хапае на харчаваньне. У сем’ях учыняюцца скандалы, паколькі пачынаюць адно аднаго папракаць, што, маўляў, ня можаш знайсьці працы, а хто за цябе будзе плаціць падатак і г.д.»

Параіцца да праваабаронцаў прыйшоў малады хлопец Дзяніс. Летась у траўні ён вярнуўся з войска, і толькі ў студзені сёлета ўладкаваўся на працу, але пасьля Новага году атрымаў «ліст шчасьця» з падатковай. Адразу патэлефанаваў туды і патлумачыў, што да траўня служыў у войску, а яму налічылі падатак за цэлы год. Адтуль яго паслалі ў гарвыканкам, а там прапанавалі напісаць заяву, што ў яго цяжкая жыцьцёвая сытуацыя, — з тым, каб заяву разгледзелі і прынялі нейкае рашэньне.

Дзяніс шукае праўды ў праваабаронцаў
Дзяніс шукае праўды ў праваабаронцаў

«Я патлумачыў, што ўжо знайшоў працу і хачу, каб суму падатку мне зьменшылі да 6 месяцаў, якія я насамрэч не працаваў. Але мяне зноў накіравалі ў падатковую. Я зноў там патлумачыў сытуацыю, а мне адказваюць, што выслухаць мяне могуць, але дапамагчы — ніяк. Вось у войска я ня сам ішоў, мяне брала дзяржава, я сумленна адслужыў, а цяпер яшчэ за гэта зь мяне патрабуюць падатак. І галоўнае, што разьбірацца ніхто ня хоча, маўляў, зьвяртайцеся ў суд...»

Хлопец кажа, што наагул не знаходзіць ніякіх слоў, каб ахарактарызаваць тое, што адбываецца ў дзяржаве. Ён задаецца пытаньнем, як пачынаць жыцьцё? Сам дадае, што жыве з бацькамі і пра сваё жыльлё нават і думаць ня хоча, паколькі пабудаваць яго нерэальна. А тут яшчэ трэба плаціць за тое, што ты ня маеш працы.

А вось размаўляю з бацькам іншага маладога хлопца. Летась той скончыў унівэрсытэт у Польшчы і застаўся там працаваць. У Горадні ён не жыве ўжо пяць гадоў, прыяжджае раз-два на год на некалькі дзён. Праваабаронцы параілі яму аднесьці пашпарт у падатковую, бо зь яго відаць, што сын амаль увесь час жыве за мяжой.

«Я ўсё гэта разумею, але чаму дзяржава скінула гэта на майго сына? Раз яны прымаюць там свае дэкрэты, то чаму самі не правераць, дзе хто жыве, а дасылаюць нам лісты, а мы потым павінны бегаць і даказваць, што мы тут ня дурні нейкія».

Спадарыня Алена ледзь ня плача. Расказвае, што страціла працу яшчэ ў ліпені 2015 году — фірма закрылася, усіх звольнілі. З таго часу так нічога і не знайшла. Праўда, кажа, што муж яе працуе за мяжой і запатрабаваў, каб яна сядзела ў хаце з дзіцем, а не хадзіла на працу, дзе плацяць за месяц сто даляраў.

Жанчыну абурыла тое, што ў 2015 годзе яна працавала паўгода, а падатак павінна заплаціць, нібыта была дармаедкай цэлы год. Кажа, ёй прыгразілі, калі за месяц не заплаціць падатак, то могуць прыцягнуць на прымусовыя работы.

«Я ім адказала толькі тое, што за ўвесь гэты пэрыяд ні разу не выклікала ні „хуткай дапамогі“, ні пажарных; не хадзіла ў паліклініку, не зьвярталася да ўчастковага — то за што я павінна плаціць гэтай дзяржаве? Мне ніякага адказу ніхто ня даў. Я вось пытаюся ў праваабаронцаў: што будзе, калі не заплачу гэтага падатку? Бо я плаціць яго не зьбіраюся».

Спадарыня дадае, што праз гэты падатак дзяржава парушае правы чалавека, зьнішчае іх.

«Які падатак я павінна плаціць, калі мой муж дазваляе мне не хадзіць на працу, а патрабуе, каб я выхоўвала дзіця? Наш хлопец вучыцца ў другую зьмену: ідзе ў школу а 14-й, вяртаецца а 20-й, урокі мы вучым раніцай. Дык што, я павінна плаціць за тое, што даглядаю сваю сям’ю? Ну добра, няхай дадуць мне работу за 500 даляраў, як крычаў наш прэзыдэнт, то я тады пайду працаваць, у мяне і спэцыяльнасьць ёсьць, але ісьці за сто даляраў з раніцы да вечара не хачу».

Віктар Сазонаў кажа, што так званым падаткам на «дармаедзтва» дзяржава прынізіла ня толькі людзей, але і сябе. Прычым зьвяртае ўвагу на тое, што ў краіне складаная эканамічная сытуацыя, няма працы, малыя заробкі, і ў гэтай сытуацыі, паводле яго, грамадзянін чакае падтрымкі ад дзяржавы, а не такога зьдзеку. Ён называе гэта абсурдам і прыводзіць свае аргумэнты:

«Ну за што павінны людзі плаціць гэты падатак паводле прававых нормаў? Кожны чалавек, калі нават не працуе, а на нейкія зьберажэньні набывае харчы ці нейкія іншыя рэчы, гэтым самым аплочвае падатак дзяржаве на дабаўленую вартасьць. А калі набывае папяросы ці алькаголь, то яшчэ аплочвае дзяржаве і акцызы. І так за ўсё. То чаму ён павінен плаціць яшчэ нейкі невядомы падатак проста за тое, што тут нарадзіўся?»

Глядзець камэнтары (6)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG