Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падатак на дармаедзтва заплацілі каля 24 тысяч чалавек. У міністэрстве патлумачылі, каму вернуць грошы


Каля 24 тысяч чалавек сплацілі збор на фінансаваньне дзяржаўных выдаткаў паводле прэзыдэнцкага дэкрэту. У бюджэт паступіла больш як 7 мільёнаў рублёў. Усяго падаткавікі накіравалі каля 400 тысяч паведамленьняў на адрас дармаедаў.

Пра гэта паведаміў журналістам начальнік галоўнага ўпраўленьня падаткаабкладаньня фізычных асобаў Міністэрства па падатках і зборах Міхаіл Расолька.

«Тэрміны выплаты ў многіх прыпадалі на канец студзеня, паколькі ў канцы сьнежня шмат было накіравана паведамленьняў. Цяпер тэрмін перанясецца на 20 лютага», — цытуе Міхаіла Расольку БЕЛТА.

Ён таксама патлумачыў, што грамадзянін, які сплаціў падатак, але паводле зьменаў у дэкрэт плаціць яго не абавязаны, павінен напісаць заяву на вяртаньне грошай.

«Залішне выплачанае па заяве грамадзяніна ў месячны тэрмін падлягае вяртаньню», — сказаў Расолька.

Ён патлумачыў, што ў шэрагу выпадкаў збор на фiнансаваньне дзяржаўных выдаткаў можа быць зьменшаны: калі грамадзянін цягам каляндарнага году выплачваў падаходны, адзіны падатак альбо ўжываў спрошчаную сыстэму падаткаабкладаньня.

Паводле Расолькі, дэкрэтам № 1 ад 12 студзеня прадугледжана магчымасьць зьмяншэньня памеру збору ня толькі за кошт выплаты, але і ў тым выпадку, калі такая выплата праходзіла шляхам заліку:

«Да прыкладу, Беларусь заключыла шэраг міжнародных дагавораў аб ліквідацыі двайнога падаткаабкладаньня, і з улікам гэтага ў шэрагу выпадкаў грамадзяне Беларусі, працуючы за мяжой, выплачваюць там падаткі. Гэтая сума прымаецца да заліку і ў Беларусі. Такім чынам, сумы, выплачаныя беларусамі на тэрыторыі замежных дзяржаў, будуць улічвацца пры разьліку памеру збору і яго зьмяншэньня».

Паводле дэкрэту № 3, калі індывідуальныя прадпрымальнікі ажыцьцяўлялі дзейнасьць ня менш за 183 дні і выплачвалі падаткі, яны не павінны плаціць падатак на дармаедзтва.

«Разам з тым у шэрагу выпадкаў ІП пры ажыцьцяўленьні дзейнасьці падаткаў ня сплачваюць, паколькі маёмасныя вылікі, а таксама выдаткі, якія яны панесьлі ў сувязі з ажыцьцяўленьнем дзейнасьці, вызваляюць іх ад сплаты падаткаў.

З улікам апошніх зьменаў асноўным крытэрам для ўліку прадпрымальнікаў, якія вызваляюцца ад выплаты збору, будзе адзіная ўмова — гэта ажыцьцяўленьне дзейнасьці ня менш за 183 дні незалежна ад памеру выплачаных падаткаў», — сказаў Расолька.

Аналягічная норма дзейнічае і адносна грамадзянаў, якія працуюць паводле працоўных дамоваў.

Адбыліся зьмены і ў дачыненьні да грамадзян, якія працуюць у сфэры аграэкатурызму.

«Паводле дэкрэту № 1 адносна іх застаецца адна ўмова — гэта ажыцьцяўленьне віду дзейнасьці ў сфэры аграэкатурызму ня менш за 183 дні. Пры гэтым такі пэрыяд павінен пацьвярджацца мясцовым выканаўчым органам», — сказаў Міхаіл Расолька.

Раней яны ня мусілі плаціць падатак на дармаедзтва, калі вялі дзейнасьць у сфэры аграэкатурызму ня менш за 183 дні і сплачвалі неабходныя падаткі не пазьней за 28 сьнежня.

Таксама Міхаіл Расолька сказаў, што ў шэрагу рэгіёнаў Беларусі мясцовыя саветы дэпутатаў ужо дэлегавалі гарвыканкамам права даваць ільготы па выплаце падатку на дармаедзтва людзям, якія апынуліся ў цяжкай жыцьцёвай сытуацыі.

Новы дэкрэт вызначае адзіны тэрмін сплаты падатку на дармаедзтва за 2015 год — да 20 лютага 2017 году.

XS
SM
MD
LG