Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Улада дэманструе ўпартасьць, вартую лепшага ўжываньня», — Класкоўскі пра зьмены ў дэкрэце аб дармаедзтве


Аляксандар Класкоўскі

Беларускае кіраўніцтва разумее, што дэкрэт № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» быў няўдалым, але ня можа прызнаць сваю памылку і цалкам адмяніць гэты нарматыўны акт.

Такую думку ў інтэрвію Свабодзе выказаў палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі.

«Новы дэкрэт толькі дадаткова пацьвярджае, што рашэньне прыціснуць так званых дармаедаў і папоўніць такім чынам казну ад пачатку было, мякка кажучы, непрадуманым. Ня ведаю, хто канкрэтна такую „геніяльную“ ідэю падкінуў беларускаму кіраўніку. Гэта, відаць, было ў той час, калі быў дадзены загад скрэбці па засеках і дзе толькі можна зьбіраць грошы, калі пачалася суровая фаза беларускага эканамічнага крызісу. Але цяпер, можа, і сам Аляксандар Лукашэнка ў душы ня рады, бо відавочна, што сабралі нейкі мізэр, а разам з тым гэта ж вялікая праца, занята шмат чыноўнікаў, трэба вышукваць гэтых людзей, з кожнай сытуацыяй разьбірацца і г.д. Відавочна, што яно таго ня вартае, але тут пачынае дзейнічаць такі чыньнік, як жаданьне захаваць твар. Гэта рыса любой аўтарытарнай улады — яна ня любіць прызнаваць свае памылкі. Любы правадыр ня можа паказаць, што ў нечым ён памыліўся, бо ў ягоным разуменьні гэта страта іміджу, праява нейкай слабасьці», — кажа экспэрт.

Класкоўскі канстатуе, што ўлады, уносячы праўкі, імкнуцца зрабіць падыходы больш гнуткімі — напрыклад, мясцовыя Саветы дэпутатаў атрымліваюць права вызваляць грамадзян ад сплаты падатку ў выпадку пацьвярджэньня «цяжкай жыцьцёвай сытуацыі». Але насамрэч гэта праблемы не вырашае, мяркуе экспэрт.

Лепей уладзе было б проста пасыпаць галаву попелам, прызнацца, што далі маху і скасаваць гэты ўказ

«Фармулёўка „цяжкія жыцьцёвыя абставіны“ ужо спарадзіла горкую іронію ў сацыяльных сетках — хтосьці піша, што ўся Беларусь у цяжкіх абставінах, таму трэба ўвогуле адмяніць гэты падатак. Сапраўды, каб вызначыць гэтыя жыцьцёвыя абставіны, трэба таксама нейкую камісію зьбіраць, нейкія паперы разглядаць. То бок гэта апрыёры заганны шлях і лепей уладзе было б проста пасыпаць галаву попелам, прызнацца, што далі маху і скасаваць гэты ўказ. Але такое цяжка ўявіць сябе ў беларускіх умовах. Гэта той выпадак, калі ўлада дэманструе ўпартасьць, вартую лепшага ўжываньня. Можа, празь нейкі час улада і прыйдзе да высновы, што варта скасаваць гэты ўказ, але, відаць, ня заўтра ці пасьлязаўтра. Ва ўмовах, калі трэба аптымізаваць апарат, зьмяншаць колькасьць чыноўнікаў, наадварот, давядзецца новыя чыноўніцкія рэсурсы кідаць на гэтую дурную працу», — адзначае экспэрт.

Глядзець камэнтары (4)

Гэтая дыскусія закрытая.

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG