Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскім дэпутатам пагражаюць «імпічмэнтам» за падтрымку дэкрэту пра дармаедзтва


Уладзімер Шанцаў

Магілёўская абласная арганізацыя Абʼяднанай грамадзянскай партыі гатовая распачаць захады па адкліканьні магілёўскіх дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, якія падтрымалі прэзыдэнцкі дэкрэт № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства». У выпадку ж масавага пратэсту супраць гэтага дэкрэту партыйцы гатовыя ўзначаліць яго.

Такія заявы зрабіў 17 студзеня старшыня арганізацыі Ўладзімер Шанцаў на прэсавай канфэрэнцыі па выніках першага этапу збору подпісаў за скасаваньне дэкрэту аб дармаедах.

«Як уладкаваць 400 тысяч чалавек на 20 тысяч вакансіяў?»

Паводле Ўладзімера Шанцава, зварот супраць падатку на дармаедзтва падтрымалі сваімі подпісамі блізу 900 жыхароў Магілёва. Па сто і больш подпісаў дасланыя дзейным дэпутатам Ігару Марзалюку, Вользе Петрашовай, Аляксандру Старавойтаву, Пятру Салаўёву ды Анатолю Хішчанку.

«Мы спадзяваліся, што здаровы сэнс пераможа і гэтыя дэпутаты стануць на бок тых людзей, якія іх абіралі. Яны пачнуць захады па скасаваньні дэкрэту, як тое робіць Ганна Канапацкая», — адказаў Уладзімер Шанцаў на пытаньне пра чаканьні актывістаў ад дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

Паводле Ўладзімера Шанцава, на момант прыняцьця дэкрэту «ўлада налічыла 400 тысяч тых, хто не працуе».

«Хаця тады працоўных вакансіяў было каля 20 тысяч.

Ва ўсім сьвеце дзяржава дапамагае беспрацоўным, а не наадварот

Якім чынам можна было 400 тысяч чалавек уладкаваць на 20 тысяч вакансіяў? Якім чынам улада налічыла, што ў Беларусі 400 тысяч беспрацоўных — бо афіцыйна, на 1 траўня 2016 году было 50 тысяч? — сказаў Уладзімер Шанцаў. — У нас ёсьць і іншыя зьвесткі з Нацыянальнага статыстычнага камітэту. Паводле іх, насельніцтва ў працаздольным веку — 5 мільёнаў 500 тысяч. Занятыя — 4 мільёны 400 тысяч. Таму тых, хто не працуе, 1 мільён 100 тысяч. Гэтая лічба яшчэ больш жахлівая. Таму мы зьвярталіся да здаровага сэнсу, бо ўва ўсім сьвеце дзяржава дапамагае беспрацоўным, а не наадварот».

На зварот адказалі ня ўсе магілёўскія дэпутаты

На зварот супраць падатку на дармаедзтва адрэагавалі чацьвёра дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Зь іхніх адказаў вынікае, што яны ня ўгледзелі ў дэкрэце «парушэньняў канстытуцыйных нормаў і міжнародна-прававых абавязаньняў Беларусі». Таму, на іхную думку, падставаў для скасаваньня дэкрэту няма. Разам з тым, адзначылі яны, «дэкрэт можа прызнаць такім, які страціў сілу, толькі кіраўнік дзяржавы».

«Хацеў бы адзначыць, што праваадносіны, прадугледжаныя дэкрэтам, фармуюцца ўпершыню. І толькі практыка выкарыстаньня дазволіць выявіць істотныя праблемы па ягонай рэалізацыі, якія могуць быць урэгуляваныя праз унясеньне кіраўніком дзяржавы зьменаў і дапаўненьняў у дадзены дэкрэт», — адпісаў магілёўцам дэпутат Ігар Марзалюк.

«Рашэньне пытаньня аб працаўладкаваньні залежыць, перадусім, ад асабістага жаданьня грамадзяніна», — напісалі ў сумесным адказе дэпутаты Петрашова, Старавойтаў ды Салаўёў.

Спаслаўшыся на артыкул 56 Канстытуцыі Беларусі, дэпутаты нагадалі, што грамадзяне мусяць удзельнічаць у фінансаваньні дзяржаўных расходаў праз сплату дзяржаўных падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў. Яны запэўнілі, што, паводле Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у студзені-лістападзе 2016 году ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2015 году зьнізілася колькасьць зваротаў у службу занятасьці па садзейнічаньне ў працаўладкаваньні, колькасьць рэгістрацыі беспрацоўных, а попыт на працоўную сілу павялічыўся.

Паводле Ўладзімера Шанцава, дэпутату Анатолю Хішчанку зварот з подпісамі магілёўцаў быў дасланы больш як месяц таму электроннай поштай, бо іншых адрасоў у яго няма. Адказу Хішчанка не даслаў. Паводле зьвестак Шанцава, дэпутат «захварэў і знаходзіцца ў шпіталі».

«Лукашэнка павінен выбачыцца за слова «дармаеды»

Довады дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Шанцаў называе маніпуляцыйнымі. А наступным этапам барацьбы за скасаваньне дэкрэту№ 3 стане збор подпісаў за тое, каб магілёўскія дэпутаты далі справаздачу, як яны выконваюць волю народу — скасаваць гэты дэкрэт. Паводле Шанцава, пытаньне «аб імпічмэнце дэпутатам» застаецца на парадку дня, хоць працэдура адкліканьня надзвычай складаная.

«Хутчэй за ўсё, будзем рабіць гэта», — сказаў Шанцаў.

На пытаньні журналістаў адказваў і рэгіянальны каардынатар аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Алег Аксёнаў. Яго таксама падаткоўцы залічылі ў «дармаеды», даслаўшы «ліст шчасьця».

Алег Аксёнаў Лукашэнку: «Давядзецца выбачыцца за слова «дармаеды»
Алег Аксёнаў Лукашэнку: «Давядзецца выбачыцца за слова «дармаеды»

Актывіст заявіў, што дэкрэт аб дармаедах супярэчыць некалькім артыкулам Канстытуцыі, узаконьвае «рабскую працу» і прадугледжвае норму, паводле якой чалавек, які ня мае працы, можа быць «кінуты за краты».

«Хрысьціянскія дэмакраты лічаць, што дэкрэт антыканстытуцыйны і павінен быць адменены», — сказаў Алег Аксёнаў.

Ён мяркуе, што Аляксандар Лукашэнка павінен выбачыцца перад беларускім народам за тое, што ўжыў у дачыненьні да вялікай колькасьці беспрацоўных слова «дармаеды».

«Гэта абраза, і ў нармальных краінах яна наўрад ці была б пакінутая без увагі», — падсумаваў ён.

«Падкажыце, што мне рабіць?»

Уладзімер Шанцаў сказаў журналістам, што палітычныя партыі гатовыя ўзяць на сябе лідэрства ў выпадку масавых забурэньняў супраць дэкрэту аб дармаедах.

На прэсавай канфэрэнцыі прысутнічаў мужчына, які назваўся «дармаедам». Ён таксама атрымаў апавяшчэньне з падатковай, што мае заплаціць падатак паводле дэкрэту № 3.

«Дармаед»: «Вы за пратэст, дык падкажыце, што мне рабіць?»
«Дармаед»: «Вы за пратэст, дык падкажыце, што мне рабіць?»

«Людзі незадаволеныя, — зьвярнуўся мужчына да актывістаў. — Вы выказваеце пратэст, дык падкажыце, што мне далей рабіць? Я прыйшоў да вас. Або сёньня пішу скаргу ў падатковую, або чакаю, пакуль дэпутаты адклічуць гэты дэкрэт, або чакаю, калі ўсе выйдзем на мітынг. Ці можна спадзявацца, што мітынг прывядзе да адмены дэкрэту?»

Глядзець камэнтары (2)

XS
SM
MD
LG