Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Баранавічах пратэставалі супраць падатку на дармаедзтва


Баранавіцкі актывіст Партыі БНФ Мікалай Чарнавус старэйшы выйшаў зь плякатам супраць падатку на дармаедзтва. Тым часам Мікалай Чарнавус малодшы зьбірае подпісы за адмену гэтага збору.

Пікет старэйшага Чарнавуса адбыўся ў маладым парку Баранавічаў. На плякаце актывіста быў напісаны заклік да прэзыдэнта з патрабаваньнем адмяніць збор на «дармаедзтва».

Як распавёў Мікалай Чарнавус старэйшы, у часе пікету зьбіраліся подпісы за адмену гэтага падатку:

«Пакуль стаяў зь плякатам, сабраў 34 подпісы. Людзі ахвотна за гэта падпісваюцца, бо праблема закранула многіх. Я пэнсіянэр, няма чаго губляць, а людзі баяцца пратэставаць. За сем’і свае баяцца ды таго, што можна зусім ніякай працы не знайсьці».

Як кажа Мікалай Чарнавус старэйшы, у Баранавічах вельмі востра стаіць праблема беспрацоўя, таму ён не разумее, як можна караць, за тое, што чалавек ня можа знайсьці працу:

«Прадпрыемствы скарачаюць людзей, а дзяржаве — прыбытак. Пры гэтым усё так хітра зроблена, што прадпрыемствы ж ня робяць скарачэньняў у простым сэнсе гэтага слова, а звальняюць людзей „праз сканчэньне кантракту“. Бо калі скарачаць, то мусяць плаціць людзям, а каб не плаціць, робяць такім чынам», — кажа апазыцыянэр.

Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Чарнавус малодшы зьбірае ў Баранавічах подпісы пад зваротам да мясцовых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, каб яны ініцыявалі адмену «падатку на дармаедзтва». Ужо сабрана больш за 400 подпісаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG